Заплыў на Вадохрышча.
Сёння праваслаўныя вернікі святкуюць Вадохрышча, у памяць аб хрышчэнні Іаанам Прадцечам Ісуса Хрыста ў водах ракі Іардан. Яшчэ гэта свята Богаяўлення. Паводле Новага Запавету, Бог явіўся людзям у той дзень у трох сваіх іпастасях: уласна Бога-сына, які прыйшоў хрысціцца, Бога-бацькі, які сведчыў голасам з нябёсаў і Дух Святы, які з’явіўся падчас рытуалу ў выглядзе голуба.
Вадохрышчам на Беларусі заканчваюцца калядныя святкі. Увечары напярэдадні нашы продкі гатавалі трэцюю за Каляды галодную куццю. Пасля есці можна было толькі раніцай, найперш прычасціўшыся асвячонай (свянцонай) вадою. З Вадохрышча да Масленкі пачынаецца вясельная пара. Шлюбы, заключаныя ў гэты час, лічыліся самымі ўдалымі. Ды і заручаны на Вадохрышча — добрая прыкмета будучага шчаслівага шлюбу. Лічылася, што чалавек, які пахрысціцца ў гэты дзень, будзе шчаслівым усё жыццё.
Традыцыйна ў гэты дзень шматлікія вернікі акунаюцца ў палонкі з ледзяной вадой. Лічыцца, што вада ў вадаёмах, студнях становіцца святой, набывае гаючую сілу, здольную пасля шчырага пакаяння пазбавіць ад грахоў, вылечыць мноства фізічных і душэўных хвароб, абараніць ад цёмных сілаў. Свянцонай вадою таксама прычашчаліся і мыліся, давалі піць хвораму і сурочанаму. Дабаўлялі некалькі кропель свянцонай вады і пры першым купанні немаўляці, для здароўя.
У нашым горадзе выпрабаваць сілу святой вады можна было на Тухінскім возеры, дзе протаіерэй Мікалай Валачковіч асвяціў палонку. Сярод тых, хто рашыўся на “ледзяную ванну”, былі айцец Дзімітрый, Аляксандр Мінёнак, Дзмітрый Кацар, Аляксандр Ладыжын, Уладзімір Шылько, Яўген Рачкоў, Сяргей Карась, Уладзімір Лучыковіч, Юрый Кулік, Аляксандр Іваненка, Аліна Зіньковіч, Юлія Дварак і іншыя прыхаджане Свята-Мікалаеўскай царквы. Год ад года да гэтай традыцыі далучаецца ўсё больш сенненцаў. Бо гэтае свята вымушае вернікаў браць прыклад з нашага Збавіцеля, які прыйшоў да Іаана Прадцечы, каб хрысціцца ад яго. Бязгрэшны, ён узяў на сябе ўсе грахі чалавечыя, і менавіта пасля хрышчэння пачаў прасвятляць людзей, азараючы іх святлом ісціны…