19 студзеня — Дзень выратавальніка. Праз агонь і ваду…

…можна сказаць, прайшоў зямляк Анатоль Волкаў. 16 гадоў  ён адпрацаваў у РАНС. Чаму менавіта праз ваду і агонь? А таму, што сёння супрацоўнікі РАНС не толькі змагаюцца з пажарамі, а з’яўляюцца і выратавальнікамі. І з вады чалавека, і з-пад лёду выцягнуць. А бывае, да іх звяртаюцца з самымі незвычайнымі прось­бамі — зняць кацяня, напрыклад, з дрэва.

 Упершыню пажарная каман­да ў Сянно з’явілася ў 40-х гадах мінулага стагоддзя. На вуліцы Тракцірнай (зараз Кастрычніцкая) знаходзілася драўляная каланча, з якой і вялося назіранне за горадам. На ўзбраенні быў адзін конны выезд з невялікім запасам вады і ручной помпай. Працавалі тут два чалавекі, бо асноўную работу выконвалі мясцовыя жыхары, у якіх дома захоўваліся вёдры, багры, рыдлёўкі…

 Сёння ж у Сенненскім раённым аддзяленні па надзвычайных сітуацыях працуюць 64 чалавекі. У склад аддзялення ўваходзяць 5 падраздзяленняў — галоўнае ў горадзе Сянно і пасты  ў Машканах, Полымі, Янове і Багушэўску. На ўзбраенні знаходзіцца 13 адзінак тэхнікі, у тым ліку аўтамабіль хуткага рэагавання.

 Каб стаць супрацоўнікам РАНС, трэба быць абсалютна здаровым. Менавіта таму і працуюць тут толькі моцныя мужчыны. А ў 45 год звальняюцца са службы. У гэтым годзе на заслужаны адпачынак пайшоў і Анатоль Мікалаевіч Волкаў, які быў начальнікам каравула багушэўскага паста.

 Стаць выратавальнікам Анатоль вырашыў нечакана. У 1994 годзе ў аддзяленне РАНС г.п. Багушэўск набіралі людзей. Спецыяльнасць ін­жынера-механіка (скончыў Віцебскі тэхналагічны  інстытут) і добрае здароўе дазво­лілі мужчыну без цяжкасцей уладкавацца  на службу.

 «Лёгка не было, асабліва псіхалагічна. Кожны раз, выяз­джаючы па сігналу, спа­дзя­ешся, што ніхто не загінуў на пажары.  Але бывала ўсякае, часам гінулі людзі. Хапала і смешных выпадкаў, неяк прыйшлося даставаць ма­біль­ны тэлефон з вадаёма», — расказвае Анатоль Мікалаевіч.

 Сёння  ён — малады пенсія­нер. Праўда, калі яго так называюць, Анатоль толькі ўсміхаецца. 

 «Так, служба ў РАНС скончылася, але ж жыццё працягваецца. Тым больш, што здароўе дазваляе працаваць і далей», — кажа мужчына.

 Працы хапае і дома. У Багушэўску ў яго асабісты дом, які трэба дагледзець. Трымае авечак, свіней, быкоў… Дзеці хоць і павыляталі з бацькоўскага гнязда, але ж дапамагаць ім прыходзіцца. Старэйшая дачка Вольга выйшла замуж і жыве ў Наваполацку, сын Мікалай —  студэнт Горацкай сель­ска­гаспадарчай акадэміі. Аднак не толькі дзеля грошай трымаюць Волкавы свойскую жывёлу — так жыць весялей, бо сядзець склаўшы рукі не ўмеюць.  Родам Ана­толь з вёскі Калянькі Багушэўскага сельсавета. Там і сёння жыве яго маці, да якой ён ездзіць штодня: па гаспадарцы дапаможа, праведае старую, якая і сёння, нягледзячы на ўзрост, трымае скаціну.   

 Сумаваць няма калі, асаблі­ва летам.  А ўзімку Анатоль з задавальненнем рыбачыць. Пра сваё хобі ён можа распавядаць гадзінамі. Але самыя прыемныя ўспаміны  пра шчупака вагой 12,5 кілаграма, якога  з братам злавілі на жыўца зімой.

 З трафея дзівіліся ўсе знаёмыя. Тым больш, што з-пад лёду выцягнуць такую рыбіну не проста. Але ж мужчына рыбак са стажам. Ведае некаторыя сакрэты, бо з самага дзяцінства захапляецца рыбалкай.

 Вось такія мужчыны, як Анатоль Волкаў, працуюць ці працавалі ў РАНС. Гэта адважныя людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу ў любой сітуацыі. Заўтра  іх прафесійнае свята — Дзень выратавальніка. І мы пажадаем ім смеласці, здароўя, дабрабыту. А галоўнае — няхай будзе меней трывожных сігналаў і выездаў.

   Кацярына КАРПОВІЧ.

 На здымку: Анатоль Волкаў.