Пиротехника: пользуйтесь осторожно

 

У пераднавагоднюю ноч і 1 студзеня 2019 года ў Віцебскай вобласці пры выкарыстанні піратэхнічных сродкаў траўмы атрымалі пяць чалавек, у тым ліку двое дзяцей.

 У Сенненскім раёне тэрмічны апёк рагавіцы і каньюктывы абодвух вачэй 23 снежня 2018 года атрымаў жыхар райцэнтра, які спрабаваў запусціць у двары дома самаробнае піратэхнічнае прыстасаванне.

 — Выкарыстанне піратэхнікі ў месцах масавага знаходжання людзей можа быць расцэнена, як дробнае хуліганства. У такім выпадку давядзецца заплаціць штраф у памеры ад 2 да 30 базавых велічынь. А можа быць накладзены і адміністрацыйны арышт, — нагадвае Павел Жудро, начальнік аддзялення аховы грамадскага правапарадку і прафілактыкі Сенненскага РАУС. – Калі за выкарыстанне салютаў, петард, іншых падобных вырабаў будзе затрымана дзіця, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуць яго бацькоў — за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей. За гэта прадугледжваецца папярэджванне альбо штраф у памеры да 20 базавых велічынь.

 У некаторых выпадках можа наступіць і крымінальная адказнасць – калі пры выкарыстанні піратэхнікі нанесена шкода здароўю ці маёмасці.

 Каб свята прайшло без інцыдэнтаў, без урону для здароўя і маёмасці, выконвайце элементарныя правілы бяспекі, нагадваюць праваахоўнікі. У першую чаргу трэба ўважліва пазнаёміцца з інструкцыяй па эксплуатацыі і строга яе выконваць. Самі піратэхнічныя вырабы, раяць міліцыянеры, трэба набываць у магазінах, прадаўцоў, якія маюць на гэта ліцэнзію.

 “ГС”.