22 декабря энергетики Сенненщины отметят свой профессиональный праздник

Вытворчая тэрыторыя, адміністрацыйны будынак раённых электрычных сетак напярэдадні прафесійнага свята і Новага года прыкметна папрыгажэлі, набылі яркія адценні і фарбы. Змены адбыліся і ў вытворчай дзейнасці арганізацыі.

Аляксандр Комлеў і Аляксандр Ражкоў

За рамонтам рамонт

 Імкнучыся забяспечыць устойлівую падачу электраэнергіі спажыўцам, энергетыкі раёна ўзялі ўхіл на надзейнасць. За год  больш за 20 км ЛЭП-10 кВ былі адрамантаваны з выкарыстаннем ізаляванага дроту, што павышае надзейнасць работы ўсіх ліній электраперадач такой магутнасці. А іх на балансе РЭСа больш за 1160 км.

 Калектыў арганізацыі паспяхова спраўляецца і з іншымі заданнямі, якія дазваляюць забяспечваць устойлівую падачу электраэнергіі спажыўцам: па замене старых і пракладцы новых кабельных ліній, расчысткі прасек. Сёлета, дарэчы, гэтыя работы выкананы на плошчы 56 га.

 Кантроль на адлегласці

 Яшчэ адным напрамкам дзейнасці раённых энергетыкаў стала ўкараненне новага абсталявання, якое дазваляе кіраваць вулічным асвятленнем на адлегласці з дыспетчарскай РЭСа.

 — За некалькі апошніх месяцаў мы ўстанавілі 41 сістэму па Машканскім сельсавеце і 23 – па Какоўчынскаму. Як бачыце, пачалі з самых аддаленых рэгіёнаў, што дазволіць рацыянальна выкарыстоўваць электраэнергію для асвятлення вуліц, скараціць транспартныя выдаткі нам, — не хавае Аляксей Свяцкі, начальнік Сенненскага РЭСа.

Валерый Кацура і Уладзімір Маісееў

 У перспектыве новымі сістэмамі будзе абсталяваны яшчэ 291 аб’ект. Гэта дазволіць непасрэдна з дыспетчарскай уключаць і выключаць вулічнае асвятленне ў любым канцы раёна, у любы час сутак, ведаць гараць ліхтары ці адключыліся па нейкіх прычынах. Можна нават будзе на адлегласці здымаць паказанні электралічыльнікаў. Што прыкметна аблегчыць працу розных энергетычных службаў, а галоўнае, палепшыць якасць паслуг, якія аказваюцца РЭСам. Такое меркаванне прагучала з вуснаў дыспетчараў Валерыя Кацуры і Уладзіміра Маісеева. І яшчэ адно меркаванне ад ветэранаў. Аб устойлівасці работы энергетычнай сістэмы сведчаць звароты спажыўцоў у дыспетчарскую службу. А іх з году ў год становіцца менш. Колькасць можа рэзка ўзрасці толькі ў перыяд анамальнага надвор’я, калі назіраецца ўзмацненне ветру, пройдуць многія снегапады, адбываецца аледзяненне правадоў, летам – у час моцных навальніц. Закупка абсталявання, работы па яго ўстаноўцы праводзяцца за кошт арганізацыі.

 Цяпло электрычнасці

 Увод новых тарыфаў на выкарыстанне электрычнай энергіі на патрэбы ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў дамах, не абсталяваных сістэмамі цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння (дадаткова неабходна выкананне яшчэ некаторага шэрагу ўмоў), стымулююць насельніцтва пераходзіць на электрычнае ацяпленне. Так за 2019 год спецыялістамі РЭСа выканана 16 заявак на падключэнне электрычных катлоў ацяплення жылых дамоў.

 Брыгада РЭСа ў гэтыя дні працуе ва Ульянавічах, дзе выконваецца адразу дзве заяўкі на падключэнне.

 — Работы вядуцца згодна з сучаснымі патрабаваннямі, — тлумачыць Аляксандр Комлеў, майстар брыгады. Ён, дарэчы, мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, у РЭСе паспеў папрацаваць у розных брыгадах, некаторы час – дыспетчарам.

Дзям’ян Акулёнак

У дом падаецца дзве лініі: адна для асвятлення памяшканняў, другая – для ацяплення. Сучасныя электрычныя катлы дазваляюць атрымоўваць адносна таннае цяпло і падаграваць ваду для бытавых патрэб. Спецыфіка работы патрабуе спецыфічнага падбору спецыялістаў, якія б былі псіхолагамі, тактоўнымі людзьмі, бо энергетыкам даводзіцца пастаянна зносіцца з заказчыкамі. Менавіта таму ў брыгадзе працуюць Дзям’ян Акулёнак, Аляксандр Ражкоў. Хлопцы скончылі профільныя навучальныя ўстановы, маюць практычныя навыкі, камунікабельныя па характары.

 Сёння ў РЭСе працуе 79 чалавек: 16 з вышэйшай адукацыяй, 18 з сярэдняй спецыяльнай. Сярэдні ўзрост калектыву 39 гадоў. Раённыя электрычныя сеткі, як і ўся энергетычная сістэма нашай краіны, развіваюцца паступова, мэтанакіравана.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 Фота аўтара.