На Сенненщине состоялась первая отчетно-выборная конференция районного объединения профсоюзов  

На мінулым тыдні на Сенненшчыне адбылася першая справаздачна-выбарная канферэнцыя раённага аб’яднання прафсаюзаў, у ходзе якой былі разгледжаны вынікі работы арганізацыі за пяцігадовы перыяд.

Прадстаўнікі галіновых і ведамасных прафсаюзаў сабраліся ў актавай зале дзіцячай школы мастацтваў, каб не толькі пагаварыць аб значных справах і падзеях прафсаюзнага жыцця, але і прааналізаваць недахопы ў рабоце грамадскай структуры. Гасцямі канферэнцыі сталі Іван Вазміцель, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў, а таксама Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама.

 

З падрабязнай справаздачай аб праведзенай рабоце выступіў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Анатоль Ананенка. Ён адзначыў, што раённае аб’яднанне прафсаюзаў — самая шматлікая арганізацыя, якая аб’яднала ў сваіх радах 6637 членаў, якія прадстаўляюць самыя розныя галіны і сферы дзейнасці. Работа Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў і яго прэзідыума была накіравана на выкананне рашэнняў VII з’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, умацаванне салідарнасці прафсаюзнага руху, развіццё сацыяльнага партнёрства, сацыяльна-эканамічную абарону членаў прафсаюза праз калектыўна-дагаварное рэгуляванне. Калектыўныя дагаворы заключаны ў 60 арганізацыях, у 4-х — адсутнічаюць. У лік апошніх уваходзяць прадпрыемствы прыватнага сектара – СФГ «Лапеха», СФГ «Аграсэрвіс Плюс», цэх па вырошчванню птушак бройлераў у в.Пастушкі ААТ «Вітконпрадукт», а таксама суд Сенненскага раёна. І ў гэтым накірунку трэба яшчэ працаваць, лічыць Анатолій Ананенка, бо, як правіла, калектыўны дагавор – дакумент, які ўтрымлівае нормы, што абавязваюць наймальніка паступова павышаць узровень сярэдняй зарплаты, прадастаўляць шэраг заахвочвальных выплат, укладваць сродкі ў ахову працы і здароўя супрацоўнікаў, арганізацыю іх адпачынку.

Слова трымае Іван Вазміцель

 Са слоў выступоўцы, у раёне выбудавана сістэма сацыяльнага партнёрства. Тры бакі — выканаўчы камітэт, прафсаюзы і наймальнікі — шляхам сацыяльнага дыялогу вырашаюць найбольш значныя пытанні ў сферы працоўных і сацыяльна-эканамічных адносін. Для забеспячэння больш эфектыўнага ўзаема­дзеяння сацыяльных партнёраў у раёне дзейнічае трохбаковае пагадненне, якое ў чарговы раз было падпісана 11 сакавіка 2019 года выканаўчым камітэтам, раённым аб’яднаннем прафсаюзаў і раённым саветам наймальнікаў.

 Сумеснай пастановай  створаны і дзейнічае савет па працоўных і сацыяльных пытаннях, які з’яўляецца асноўным механізмам кантролю за выкананнем пагаднення.

 Вялася гаворка пра ўдзел прафсаюзаў у кантролі за захаваннем заканадаўства ў сферы аховы працы на рабочых месцах, у культурна-масавых і грамадскіх мерапрыемствах, развіцці спорту, папулярызацыі здаровага ладу жыцця ў працоўных калектывах, у дабрачынных акцыях.

 Расказаў Анатоль Ананенка і пра прававую абарону грамадзян. У прыватнасці, адзначыў, што аказалася вельмі запатрабаваная такая форма работы, як бясплатныя прафсаюзныя прыёмы, якія штомесяц (акрамя летняга перыяду) праводзяцца ва ўсіх раёнах краіны. Пачынаючы з 2017 года ў такіх прыёмах прымаюць удзел прадстаўнікі пракуратуры.

 

Абагульняючы сказанае, Анатоль Ананенка падкрэсліў, што не ўсе задачы, якія былі пастаўлены перад прафсаюзамі Сенненскага раёна ў справаздачным перыядзе былі рэалізаваны. У поўнай меры не ўдалося забяспе­чыць выкананне пагадненняў і калектыўных дагавораў у вобласці занятасці, аплаты працы, забеспячэнні працоўных сродкамі індывідуальнай аховы, выключыць вытворчы траўматызм. Недастаткова актыўна праводзілася работа па матывацыі прафсаюзнага членства, стварэнні прафсаюзных арганізацый у недзяржаўным сектары эканомікі.

Юбілейны медаль «115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі» ўручаюць Валерыю Лектараву

Ёсць над чым працаваць. Такой думкі прытрымліваецца і Іван Вазміцель, які таксама трымаў слова на канферэнцыі. Ён адзначыў, што на Сенненшчыне многае робіцца для чалавека, пажадаў і надалей працаваць у гэтым накірунку. Зоя Фаміна падзя­кавала за тую работу, што праводзяць прафсаюзы, за істотную дапамогу падчас правядзення выбараў у парламент краіны. Яна выказала ўпэўненасць, што члены прафсаюзанага актыву перагледзяць дабрачынную акцыю «Прафсаюзы – дзецям», напоўняць яе іншым зместам, будуць разам з грамадскімі арганізацыямі «Беларускі саюз жанчын», а таксама «Белая Русь», плённа працаваць па ўмацаванні інстытута сям’і. Зоя Сцяпанаўна заклікала прафсаюзных лідараў праводзіць больш актыўную работу па згуртаванні сваіх калектываў праз сумесныя спартыўныя мерапрыемствы, адпачынак.

Юбілейны медаль «115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі» ўручаюць Галіне Сіпаравай

 Прыемным момантам канферэнцыі сталі ўзнагароды. За высокі прафесіяналізм, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна Анатоль Ананенка быў удастоены Ганаровай граматы райвыканкама. Юбілейны медаль «115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі» атрымалі трэнер-выкладчык СДЮШАР Валерый Лектараў, ветэран прафсаюзнага руху Галіна Сіпарава. Ганаровыя граматы, а таксама падзякі розных узроўняў атрымалі некаторыя старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый раёна.

Узнагароду Анатолію Ананенку ўручае Зоя Фаміна

Па выніках галасавання абсалютнай большасцю галасоў старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў быў зноў абраны Анатоль Ананенка, яго намеснікам стаў старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Леанід Хірэвіч. Дэлегатам на 7-ю справаздачна-выбарную канферэнцыю Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў быў абраны Анатоль Ананенка. Таксама падчас канферэнцыі былі выбраны савет аб’яднання, дэлегаты на справаздачна-выбарную канферэнцыю Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў і кандыдатуры, якія будуць дэлегаваны ў склад яго савета.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.