Молодая семья Давыдзько из Домашево не представляет свою жизнь в  городе

 З маладой вясковай сям’ёй Давыдзькаў з вёскі Дамашэва Нямойтаўскага сельсавета мы пазнаёміліся падчас раённага этапу сельскагаспадарчага конкурсу “Уладар сяла”. Менавіта там яны паказалі на што здольныя: і каня запрагалі, і дровы калолі, і цяслярнічалі, і песні спявалі… Дастойныя ўдзельнікі і сур’ёзныя сапернікі для іншых і проста прыемныя, добразычлівыя людзі.

 Галава сям’і Дзяніс працуе жывёлаводам у ААТ «Сінягорскае» на МТФ “Дамашэва”. Кацярына — прыбіральшчыцай у школе-інтэрнаце. Выхоўваюць дваіх дзетак. Кірыл ходзіць у трэці клас, а пяцігадовая Карына наведвае дзіцячы садок. Муж і жонка вядуць невялікую падсобную гаспадарку. Трымаюць птушку, парсючкоў. Да нядаўняга часу былі і козы.

 — У сям’і без гэтага ніяк не абысціся, — гаворыць маладая жанчына. —  І хоць клопаты па гаспадарцы займаюць нямала часу, канчатковы вынік таго варты. Мяса, яйкі — усё са свайго падворка. Дадаўшы да гэтага гародніну і ягады, вырашчаныя на агародзе сваімі рукамі, атрымліваецца добрая падтрымка для сямейнага бюджэту. Плануем яшчэ завесці і авечак.  

  На пытанне аб тым, ці не хацелася калі-небудзь у горад пераехаць, Кацярына коратка адказвае: «Ну не гарадскія мы людзі! Што там рабіць? А тут свой агарод і гаспадарка – уладкаваны вясковы быт, як і трэба. Ёсць усё да чаго ляжыць душа. Наваколле, дамы, дрэвы, дарогі – усё вакол роднае і сваё.

 Завіхаючыся дома і на рабоце, маладая гаспадыня знаходзіць час і на захапленні. Кацярына вышывае крыжыкам, а ў апошні час разам з дачушкай захапіліся “алмазнай вышыўкай”. Гэта калі карцінка выкладваецца акрылывымі стразамі па схемах. І такіх яркіх, прыгожых карцін, створаных сумеснай працай у іх доме, накапілася шмат.  Ёсць у Давыдзькаў і шэраг добрых традыцый, яны любяць прыроду, лес. Разам ходзяць па грыбы, ягады. Усё гэта надзейна цэментуе сям’ю.

 …Дзяніс спяшаецца на працу, Кацярыну чакаюць хатнія справы і клопаты, таму спехам развітваемся і выходзім на вуліцу. Адлюстроўваецца восеньскае сонца ў вокнах невялікага вясковага доміка, і такім цяплом вее ад яго, што мімаволі ўзнікае ўпэўненасць у тым, што пад гэтым дахам заўсёды будзе жыць шчасце. 

Ларыса  МУКАМОЛАВА.

Фота аўтара.