В прокуратуре района новый сотрудник

У пракуратуры раёна новы супрацоўнік. Намеснікам пракурора з 11 лістапада працуе Яўген Домкін, выпускнік юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта 2010 года.

— Яўген Віктаравіч, прозвішча Домкін даволі распаўсюджана сярод жыхароў раёна, асабліва багушэўцаў.

— Сенненшчына не чужая для мяне. У вёсцы Рэчкі, што непадалёк ад Багушэўска, нарадзіўся мой бацька. У час школьных канікул я часта бавіў вольны час з бабуляй і дзядуляй, нярэдка бываў у Багушэўску. Так што, калі прапанавалі працу ў пракуратуры Сенненскага раёна, без ваганняў пагадзіўся.

 З асабістай справы

Пасля заканчэння навучальнай установы Яўген Домкін атрымаў размеркаванне ў Віцебскую міжгарнізонную ваенную пракуратуру на пасаду памочніка пракурора.

— Чаму ваенная пракуратура? Вы выбіралі ці вас выбралі?

— У час вучобы я займаўся на ваеннай кафедры. І перад размеркаваннем ужо меў званне лейтэнант. Менавіта таму мне і паступіла прапанова размеркавацца ў ваенную пракуратуру. Так што выбар быў узаемны. Ужо ў час першай праверкі, якую я праводзіў на палігоне ў Заслонаве, зразумеў, што, не маючы хаця б пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, са сваімі абавязкамі я не справіўся б.

— Як трапілі ў “грама­дзянскую” пракуратуру?

— У 2014 годзе ваенную пракуратуру, як установу, ліквідавалі. Зараз гэта невялікія аддзелы ў абласных пракуратурах. У выніку я трапіў на часовую пасаду старшага памочніка пракурора Аршанскага раёна. Потым была праца ў абласной пракуратуры ў аддзеле па наглядзе за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па крымінальных справах. Нягледзячы на непрацяг­ласць працы, я атрымаў добры вопыт. Напрыклад, мне давялося падтрымліваць абвінавачванне ў шматэпізоднай справе па забойстве. Былі і іншыя крымінальныя справы, што разглядаліся ў судзе ў сувязі з учыненнем цяжкіх, асабліва цяжкіх злачынстваў.

Перад пераездам у Сянно я зноў працаваў у пракуратуры Аршанскага раёна памочнікам пракурора.

— Орша ў непрацяглай вашай працоўнай біяграфіі ўзнікае раз за разам…

— А як інакш! У Оршы я нарадзіўся, тут жывуць, працуюць мае родныя. Бацька, дарэчы, служыў у міліцыі, зараз суддзя.

— Такім чынам вы працягваеце сямейную справу?

— Можна сказаць і так. Баць­ка не толькі з’арыентаваў мяне ў прафесійным выбары, ён шмат дапамагаў мне на пачатку маёй службы сваімі парадамі, маральнай падтрымкай.

 З асабістага

Яўген Домкін жанаты. У сям’і выхоўваюцца двое сыноў, старэйшы — школьнік.

— У пракуратуры Сенненскага раёна намеснік пракурора спецыялізуецца на крымінальных справах…

— Так, згодна з загадам пракурора на мяне ўскла­дзены нагляд за дзейнасцю раённага аддзела Следчага камітэта, раённага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, я буду каардынаваць работу па супрацьдзеянні карупцыі.

— У Сянне вы вельмі непрацяглы час. Тым не менш спытаю — якія першыя ўражанні ад горада, калектыва?

— У Сянно вельмі ўтульна, чыста на вуліцах, гараджане ўсмешлівыя. Асноўныя дзяржаўныя ўстановы, многія магазіны размешчаны кампактна, зручна. Адным словам, для жыцця ёсць усё неабходнае. У калектыве таксама прынялі цёпла. Адчуваецца, што гэта адзіны, добра адладжаны механізм — стаў у сваю каляіну і працуй.

Гутарыў Аляксандр ІЎЕЎ.

Фота аўтара.