Камісія прыехала — чакаем вынікаў

 

 

падцёкі вады на пляцоўцы другога паверха

Вера Адамаўна Берашэвіч пражывае ў в.Н.Обаль Машканскага сельсавета. Некалькі гадоў назад яна купіла кватэру ў доме №7 па вул.Маладзёжнай. І на працягу ўсяго гэтага часу не можа зрабіць рамонт у сваім жыллі з-за таго, што зацякаюць ванна і туалет. В.А.Берашэвіч неаднаразова звярталася да работнікаў Обальскага ўчастка РУП ЖКГ, аднак праблема яе так і не вырашылася. І жанчына пайшла на прыём да старшыні райвыканкама. У Новую Обаль выехаў карэспандэнт раённай газеты.

… Спачатку ў вочы кінуўся люк у двары вышэйназванага дома. Вакол яго былі  ўнушальныя дзіркі, якія шчыльна не закрываліся тымі кавалкамі пліт, што, як заўважыла Вера Адамаўна, паклалі зусім нядаўна. Потым жанчына павяла ў падвал дома. Але мы змаглі толькі спусціцца па лесвіцы. Далей без гумавых ботаў ісці было немагчыма – вада даставала да шчыкалаткі. Пасля  нанеслі візіт у кватэру №7 на трэцім паверсе, дзе жыве мнагадзетная сям’я. Гаспадыня кватэры не скардзілася, але з гатоўнасцю паказала чорныя вуглы і столь у адным з пакояў і на кухні. Колер быў амаль радыкальна чорны і свежа вільготны. У кватэры Веры Адамаўны падцёкі выглядалі не такімі ўнушальнымі, але іх сляды былі добра бачныя, як кажуць, не ўзброеным вокам.

 Яшчэ фотаапарат аўтара гэтых радкоў зафіксаваў на пляцоўках трэцяга і другога паверхаў падцёкі каля ліўневай трубы. Прычым, на другім паверсе ў непасрэднай блізкасці ад месца зацякання знаходзіўся электрычны шчыт. А ў час дажджоў, як сцвярджалі жыльцы пад’езда, вада нават сцякала прама па прыступках лесвіцы.

 На “месца здарэння” прыбыла і прадстаўнічая камісія ў складзе намесніка старшыні райвыканкама С.В.Пракаповіча, дырэктара РУП ЖКГ Ю.К.Валадзько, начальніка цэха па эксплуатацыі і тэхнічным абслугоўванні жыллёвага фонду РУП ЖКГ М.В.Бязручанкі і іншых пасадавых асоб, у абавязкі якіх уваходзіць вырашэнне падобных праблем. Некаторыя пытанні былі абмеркаваны кампетэнтнымі спецыялістамі на месцы, прагучалі пэўныяраспараджэнні, бралася проба вады, на якую ў В.А.Берашэвіч былі таксама нараканні.

 Пасля выхаду ў свет гэтага матэрыялу рэдакцыя, безумоўна, звернецца ў РУП ЖКГ за пісьмовым рэа­гаваннем, якое абавязкова будзе апублікавана. 

Таццяна БУРАКОВА