“Кому нести печаль свою?”. Пенсіянерка вымушана грэцца ў рэдакцыі!

У перадапошні дзень мінулага года ў рэдакцыю прыйшла жыхарка  райцэнтра Надзея Васільеўна Хадыка. «Хоць пагрэюся ў вас, — з парога прамовіла жанчына. — А то дома і сплю вось так, як стаю, у куртцы, хустцы і бурках».

 Па словах наведвальніцы, у доме па вуліцы Карла Маркса пражыла яна 40 гадоў. Больш паловы гэтага часу вымушана была вырашаць  праблемы з рамонтам жылля, якое належыць  Сенненскаму  райспажыўтаварыству. Праблемы на мясцовым узроўні вырашаліся, як кажуць, з вялікім скрыпам. Таму звярталася маці, якая адна гадавала дачку, у розныя  вышэйстаячыя інстанцыі, каб хоць неяк стварыць прымальныя ўмовы існавання свайму дзіцяці. За гады абівання парогаў шмат­лікіх кабінетаў чыноўнікаў розных рангаў стварыла сабе  не вельмі станоўчую рэпутацыю ў тых колах, якім неаднаразовыя просьбы бездапаможнай жанчыны, так мовіць, перашкаджалі жыць. Але гэта справа даўно мінулых дзён. Таму старое варушыць не будзем. А раскажам пра тое, што карэспандэнт газеты ўбачыла ў кватэры Надзеі Васільеўны Хадыка за два дні да пачатку 2011 года.

 Печ, якая стаіць у пярэднім пакоі, што служыць адначасова і кухняй, не здольная не толькі абагрэць памяшканне, але не награваецца нават сама. Бо цяга ў ёй зроблена, як выказалася гаспадыня,»напрамую». Усё цяпло разам з дымам вылятае ў трубу ў літаральным сэнсе гэтых слоў. Чаму так, запыталася я. Рабіў жа нехта гэту печку, відаць, ведаў, як трэба?  А вось і не. Майстар, якога прыслала райспажыўтаварыства, сумленна прызнаўся, што ён муляр (каменщик), а не пячнік. Хто думае, што гэта адно і тое ж, глыбока, як аказалася, памыляецца. Калі дым напачатку выпрабавання пераробленай печы не захацеў выходзіць і «напрамую», у сценцы печы прабілі дзірку. Потым прынеслі «жалезіну» накшталт засаўкі, каб дзірка не разбуралася яшчэ больш. Калі засаўка не падышла, прынеслі другую, ды так і пакінулі тырчаць з печы (на здымку 1). На здымку 2 гаспадыня дэманструе прыладу (накрыўку каструлі), якой карыстаецца для таго, каб накрыць юшку.

Журналіст, канешне, не пячнік, але печы ўсё ж даводзілася бачыць. Таму нічым іншым, як здзекам, такі падыход да справы назваць язык не паварочваецца.

 Дазволю сабе яшчэ крыху спыніцца на пярэднім пакоі жылля Н.В.Хадыка. Увагу прыцягвае столь, выгнутая авалам, відаць, нядаўна пабеленая, але з аблупленай ужо фарбай. Гаспадыня ахвотна тлумачыць гэту з’яву. Доўгі час працякаў дах, пакуль дабілася, каб зрабілі новы. «Паклалі» яго зверху на старое «гніллё». Не разумею, як, быўшы ў цвярозым розуме, можна такое зрабіць. Цяпер жанчыне нічога не застаецца, як чакаць, пакуль столь абваліцца на галаву.

 Яшчэ ад рамонту пацярпела падлога. Раней яна была з дошак, трымала цяпло. Новую, з дрэвапліты, трэба, асабліва зімой, засцілаць палавікамі.

 А перад новым годам выявіліся «вынікі» рамонту печы ў другім пакоі. Уначы гаспадыню разбудзіў нейкі грукат. Аказалася, на юшку з коміна звалілася цагліна  і якаясьці  металічная пласціна (здымак 3). Пасля гэтага Надзея Васільеўна ў печы паліць пабаялася. 

 Пералік «вынікаў» рамонту-здзеку можна было б працягваць, але ці варта? Скардзіцца ў райспажыўтаварыства Н.В.Хадыка палічыла бессэнсоўным. Хто ж цяпер дапаможа безабароннай  старой жанчыне? Яна, праўда, звярнулася ў тэлеперадачу «Белорусское времечко». Чакае адказу.

Таццяна Буракова.

 Фота аўтара.