В учреждениях образования Сенненщины прошла олимпиада по финансовой грамотности

Што такое дэфіцыт асабістага бюджэту, Антон Пабыліца (на здымку), вучань 11 класа СШ № 2 г. Сянно, ведае толькі ў тэорыі. Тым не менш ён стаў пераможцам раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці, правільна адказаўшы не толькі на гэтае пытанне.

 Другі вынік паказала Аліна Сіповіч, якая вучыцца ў 11 класе Багушэўскай СШ, трэці – яшчэ адзін прадстаўнік другой сенненскай школы, вучань 10 класа Іван Квашко. На днях ім уручыла граматы і невялікія прызы Злата Шацько, намеснік дырэктара Цэнтра банкаўскіх паслуг № 218 г. Сянно ААТ “ААБ “Беларусбанк”. Менавіта гэтыя вучні паказалі найлепшыя веды сярод 22 удзельнікаў алімпіяды, якія прадстаўлялі ўсе сярэднія школы раёна. Цырымонія ўручэння ўзнагарод прайшла ў школе, дзе вучыцца пераможца, у прысутнасці аднакласнікаў і педагогаў.

 Алімпіяда, якая праводзіцца ў краіне з 2014 года, выклікала цікавасць у школьнікаў, настаўнікаў, бацькоў. Да яе рыхтуюцца, выкарыстоўваючы школьную праграму па розных прадметах, класныя гадзіны, чэрпаючы інфармацыю з інтэрнэта, якую размяшчаюць там ініцыятары і арганізатары алімпіяды Праўленне Нацыянальнага банка і Міністэрства адукацыі. У рэгіёнах да папулярызацыі сярод моладзі фінансавай граматнасці падключаюцца банкаўскія ўстановы, дзяржаўныя фінансавыя і пададковыя органы, страхавыя кампаніі. Грамадства зацікаўлена, каб яе члены не толькі ўмелі зарабляць грошы, але і граматна імі распараджаліся.

 Што характэрна – у фінансавых алімпіядах удзел, як правіла, прымаюць школьнікі, што маюць разнастароннія захапленні. Пацверджанне таму не толькі Антон Пабыліца, пераможца прадметных алімпіяд па геаграфіі, іншых прадметаў абласнога этапу. Ён мае стабільна высокія балы па ўсіх прадметах, з’яўляецца прэтэндэнтам на залаты медаль за сярэднюю школу. Мінулагодні пераможца раённай фінансавай алімпіяды, прызёр абласной, Дзмітрый Івашкоў паступіў адразу ў дзве ВНУ — выбраў Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе будзе спасцігаць праграміраванне. Яшчэ адзін нядаўні пераможца алімпіяды і выпускнік СШ №2 г. Сянно 2016 года Аляксей Кацура вучыцца ў БДУ.

 Экзамен па фінансах у школе не здаюць. Экзамен давядзецца здаваць усё жыццё.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

Фота аўтара.