Сюрпрызы першага зімовага месяца

Снежань — першы зімовы месяц. Звычайна  самая халодная пара года ўступае ў свае правы спакваля, паступова павялічваючы маразы, падсыпаючы снегу.

 Не такі  быў апошні месяц 2010 года. На ўсім яго працягу  пераважалі паніжаныя тэмпературы паветра і паступова нарастала  снежнае покрыва. Асабліва халоднымі выдаліся пачатак і сярэдзіна снежня. Ужо 1 і 2 снежня тэмпература паветра на Сенненшчыне паніжалася да мінус 15 — мінус 17 градусаў па Цэльсію. Адставанне ад кліматычнай нормы  гэтага перыяду складала 12-14 градусаў. У астатнія дні халоднага перыяду сярэднясутачная тэмпература паветра вагалася ў межах мінус 10 — мінус 12 градусаў па Цэльсію і была на 5-8 градусаў халадней звычайнага. Мінімальная тэмпература паветра вагалася ў межах  мінус 16 — мінус 21 градус, месцамі па раёну апускалася да 22 градусаў. Але былі і адлігі  —  чатыры дні. Столькі ж выдалася дзён з туманамі, калі бачнасць складала менш за 500 метраў.

 І ўсё ж сярэдняя тэмпература паветра, якая ў снежні 2010 года склала мінус 7 — мінус 8 градусаў па Цэльсію,  аказалася толькі на 2-3 градусы ніжэйшай за сярэднекліматычную норму і настолькі ж халаднейшай за снежань папярэдняга года.

 Ападкі ў снежні ішлі часта, пераважна ў выглядзе снегу. Толькі ў асобныя дні наглядаліся імжа і дождж. У выніку за месяц назбіралася  16 дзён, у якія колькасць ападкаў перавышала адзін міліметр. Найбольш інтэнсіўныя ападкі зафіксаваны 26 снежня, калі за суткі выпала дэкадная норма. Усяго за месяц на тэрыторыі метэастанцыі г.Сянно выпаў 71 міліметр ападкаў (у снежні 2009 года — 67), што складае 1,5 месячнай нормы. У Машканах, дзе метэаназіранні вядуцца на аграрнай метэастанцыі, колькасць ападкаў дасягнула 74 міліметраў.

Снежнае покрыва ўтваралася на працягу ўсяго месяца. На пачатку месяца  вышыня снегу не перавышала трох сантыметраў. Праўда, снегапады да 20 снежня павялічылі вышыню покрыва да 10 — 17 сантыметраў. Рэзкае пацяпленне, ападкі ў выглядзе дажджу, туману зменшылі на непрацяглы час снежнае покрыва да 6-11 сантыметраў. Інтэнсіўныя снегапады, якія наглядаліся ў канцы месяца, зноў павялічылі вышыню снежнага покрыва — на гэты раз на 18-28 сантыметраў. Перад новым годам снег залягаў раўнамерна, на вышыню 29 — 38 сантыметраў.

 Нізкія тэмпературы паветра ў сукупнасці з невялікім снежным покрывам прывялі ў пачатку месяца да прамярзання глебы на глыбіню 22-28 сантыметраў. У перыяд з 15 па 20 снежня мяжа прамярзання дасягнула 25-32 сантыметраў. У канцы месяца ў выніку павышэння дзённых тэмператур паветра глеба пачала раставаць і ніжняя мяжа прамярзання склала 23-28 сантыметраў.

 Аграметэаралагічныя ўмо­вы снежня ацэньваюцца як пераважна спрыяльныя для азімых культур. Тэмпература паветра на глыбіні залягання вузла кушчэння была пераважна мінус 3 — мінус 5 градусаў па Цэльсію. У пачатку месяца — мінус 7, што  ўсё ж не несла небяспекі для азімых зерневых культур. Куды большую небяспеку  можа ўяўляць лядовая корка, якая  ўтварылася ў перыяд, калі наглядаліся станоўчыя тэмпературы днём і адмоўныя ноччу. У выніку 30 % палёў пакрыты  лёдам таўшчынёй 23 мм, што  з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай для забеспячэння раслін кіслародам і можа прывесці да гібелі  азімых культур.

Алена Барадзіна, начальнік  метэастанцыі г.Сянно.

Аляксандр  Лазюк, супрацоўнік райгазеты.