Достойно встречает профессиональный праздник – День автомобилиста и дорожника — трудовой коллектив филиала «Сенненское ДРСУ №146» КУП «Витебскоблдорстрой»

Дастойна сустракае прафесійнае свята працоўны калектыў філіяла “Сенненскае ДРБУ № 146” КУП “Віцебскаблдарбуд”.

(злева направа) Р.Савачкін, А.Латышаў, М.Кляньё, Ю.Валадзько перад паездкай на ўрачыстую цырымонію ўручэння працоўных узнагарод у КУП “Віцебскаблдарбуд”

 Як паведамілі ў планава-вытворчым сектары арганізацыі, рост выручкі ў дзеючых цэнах за 9 месяцаў бягучага года склаў 121,3% да адпаведнага перыяду мінулага. Прыбытак ад выкананых работ атрыманы ў суме 245 тыс. рублёў, рэнтабельнасць складае 9,7%.

 ДРБУ выконвае работы па ўтрыманні і бягучым рамонце дарог мясцовай сеткі, працуе па заказах. У цяперашні час актыўна вядзе работы ў г.п.Багушэўск.

 Вытворчыя поспехі філіяла – гэта вынік зладжанай высокапрафесійнай дзейнасці калектыву, касцяк якога складаюць вопытныя, адпрацаваўшыя ў арганізацыі не адзін дзясятак гадоў, рабочыя. Побач з імі працуюць больш маладыя, але таксама адданыя справе, дарожнікі.

 Тыя, хто ўнёс найбольш важкі ўклад у вытворчыя дасягненні арганізацыі, у гонар прафесійнага свята прадстаўлены да працоўных узнагарод. Нагрудны знак Міністэрства транспарту і камунікацый “Ганаровы дарожнік Беларусі” ІІ ступені атрымаў Міхаіл Кляньё, начальнік участка аўтатранспарта і дарожна-будаўнічых машын. У ДРБУ Міхаіл Уладзіміравіч працуе з 1984 года. Спачатку быў механікам, потым галоўным механікам, пасля перайменавання яго пасада стала называцца начальнік участка.

 Ганаровай граматай галіновага Міністэрства ўзнагароджаны дарожны майстар Рыгор Савачкін, які ў 1989 годзе пачынаў у арганізацыі дарожным рабочым. Начальнік філіяла Юрый Валадзько ўдастоены Ганаровай граматы камітэта па архітэктуры і будаўніцтву Віцебскага аблвыканкама. Юрый Казіміравіч таксама шмат гадоў прысвяціў дарожнай справе, працаваў у ДРБУ майстрам, інжынерам.

 Званне “Ветэран працы” КУП “Віцебскаблдарбуд” прысвоена трактарысту з 20-гадовым стажам работы ў арганізацыі  Аляксандру Латышаву.

 Ганаровымі граматамі аблдарбуда ўзнагароджаны трое работнікаў філіяла, чацвёра атрымалі Граматы, шасцёра Падзякі адміністрацыі ДРБУ.

 У арганізацыі налічваецца пяць працоўных дынастый. Машыніст асфальтаўкладчыка Віктар Пракаповіч працуе ў дарожным рамонтна-будаўнічым упраўленні з сынам Віктарам, дарожным рабочым (на здымку). Стаж бацькі складае 17 гадоў, сын прыйшоў у ДРБУ ў 2005 годзе. Дарэчы, Віктар Канстанцінавіч удастоены звання “Ганаровы дарожнік Беларусі” ў пачатку года.

 

Працуюць у арганізацыі Уладзімір і Тамара Дабраніцкія: муж больш за тры дзесяцігоддзі за баранкай аўтамабіля, жонка 17 гадоў лабарантам вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. У 2004-м прыйшоў у калектыў вадзіцель пагрузчыка Віктар Пакура, а праз два гады і яго сын Аляксандр, які сеў за руль трактара. Уносяць свой уклад у агульны поспех калектыву і браты Уладзімір і Юрый Шэк, якія каля 10 гадоў назад адзін за другім прыйшлі ў ДРБУ. Уладзімір працуе машыністам экскаватара, Юрый трактарыстам.

 Сямейная дынастыя Луцэйковічаў складаецца з трох чалавек. Глава сям’і Анатоль Міфодзьевіч – вадзіцель аўтамабіля – за сваё працоўнае жыццё толькі адзін раз памяняў месца работы. Пасля службы ў арміі непрацяглы час папрацаваў у АТП-20 і вось ужо шмат гадоў не здраджвае роднаму калектыву. Больш за трыццацігоддзе аддала арганізацыі яго жонка Святлана Пятроўна. Прафесію набыла ў Гомельскім дарожна-будаўнічым тэхнікуме. У ДРБУ працавала спачатку майстрам. Цяпер яна займае пасаду інспектара па кадрах. Тры гады назад па размеркаванні пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-будаўнічага каледжа прыйшла ў арганізацыю дачка Кацярына Булыня (у замужжы). Працуе інжынерам па ахове працы, завочна набывае вышэйшую адукацыю.

 Доўгі час, да выхаду на заслужаны адпачынак, працавала ў арганізацыі майстрам, а потым інжынерам па якасці Жанна Вазміцель. Цяпер дынастыю працягвае яе сын Мікалай, дарожны рабочы.

 Не адзін дзясятак гадоў аддаў дарожнай справе Дзмітрый Сундукоў. Цяпер ён пенсіянер, а яго сын Мікалай працуе ў ДРБУ маляром.

 Ёсць у калектыве філіяла і “Чалавек года Віцебшчыны”. Гэта начальнік планава-вытворчага сектара Наталля Бяляева. Яе працоўны стаж складае звыш 35 гадоў. Наталля Анатольеўна, граматны спецыяліст з вышэйшай дарожнай адукацыяй, унесла важкі ўклад у развіццё і вынікі работы ўпраўлення.

 Некаторыя работнікі калісьці пакідалі арганізацыю на нейкі час, але потым вярталіся ў ДРБУ. Безумоўна, гэты факт сведчыць пра тое, што яны лічаць работу дарожніка прэстыжнай і пачэснай, а таксама даражаць стаўшым родным для іх калектывам.

 Таццяна БУРАКОВА.

  Здымкі Т.Бураковай і А.Лазюка.