Юные сенненцы приняли участие в итоговом фестивале по футболу в Минске

Юныя сенненцы прынялі ўдзел у выніковым фестывалі па футболе ў Мінску, што праходзіў у рамках праекта “Мой школьны футбольны клуб”.

 

Сезон 2018/19 для спартыўнага праекта асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” стаў дэбютным. Заяўкі на ўдзел у ім падалі 203 школы, з якіх толькі 16 былі выбраны для далейшай работы, у іх ліку была і СШ №2 г.Сянно.

 

Настаўнікі фізкультуры ўстаноў адукацыі прайшлі трохдзённыя курсы навучання ў АБФФ, атрымалі трэнерскую ліцэнзію катэгорыі D УЕФА. Школы былі забяспечаны экіпіроўкай і дадатковым спартыўным інвентаром для заняткаў. На працягу навучальнага года выкладчыкі пры актыўным садзейнічанні і пад патранажам спецыялістаў федэрацыі праводзілі мерапрыемствы па далучэнні дзяцей да футбола.

 Кіраўніком “Школьнага футбольнага клуба”, які працаваў на базе школы, з’яўляўся Іван Юковіч, былы настаўнік фізкультуры, а сёння загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама. Ён імкнуўся не проста зацікавіць дзяцей гульнёй №1, але і, наколькі гэта было магчыма, развіваць у іх футбольныя задаткі. Членамі клуба сталі дзеці розных узростаў. На працягу года праводзіліся турніры, таварысцкія сустрэчы з вучнямі Сенненскай школы-інтэрната, СШ №1, а таксама ўнутрышкольныя лігі.

 У канцы верасня ў Мінск з’ехаліся ўсе ўдзельнікі праекта, якія на практыцы змаглі прадставіць свае напрацоўкі, а таксама дамовіцца аб далейшым супрацоўніцтве. На выніковым фестывалі пабывалі і юныя сенненцы, удзельнікі “Школьнага футбольнага клуба”. У іх была магчымасць прыняць удзел у фінальных матчах на палях тэхнічнага цэнтра АБФФ. Па словах Івана Юковіча, наша каманда (змешаная, якая складалася з хлопчыкаў і дзяўчынак) паказала дастойную гульню. На яе рахунку дзве перамогі і чатыры нічыіх.  

 На ўрачыстай цырымоніі завяршэння сезона дзеці атрымалі памятныя прызы з рук прадстаўнікоў АБФФ, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і ЮНІСЕФ. Для заняткаў футболам школе перададзены 14 камплектаў формы. Алене Зелентавай, дырэктару ўстановы адукацыі, якая разам з дзецьмі ездзіла на фестываль, быў уручаны сертыфікат, які пацвярджае, што на базе СШ №2 рэалізоваўся праект “Мой школьны футбольны клуб”.

 Хутка будзе дадзены старт новаму сезону праекта. У ім будуць задзейнічаны 24 школы з усёй Беларусі. Па словах Івана Юковіча, СШ №2 працягне працаваць у дадзеным накірунку.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фотаздымкі прадастаўлены сектарам спорту і турызму райвыканкама.