В прошлую субботу Браслав принимал гостей

У мінулую суботу Браслаў, старажытны і папрыгажэўшы, прымаў гасцей, працаўнікоў вёскі, якія сталі ўдзельнікамі фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2019”.

Да свята горад рыхтавалі грунтоўна. І не толькі таму, што ён – уязныя вароты ў нашу краіну, што тут праводзяцца брэндавыя фестывалі “Браслаўскія зарніцы”, “Viva Braslav». Яго жыхары даўно стварылі аснову для інвестыцый у сацыяльную сферу, самі прыклалі нямала намаганняў, каб родны горад стаў сапраўднай беларускай перлінай. У праграме падрыхтоўкі горада да “Дажынак” было каля ста аб’ектаў. Многія з іх рамантаваліся, добраўпарадкоўваліся, нават, будаваліся на сродкі і сіламі працоўных калектываў, індывідуальных прадпрымальнікаў, мясцовымі жыхарамі.

 Праграма свята аказалася вельмі насычанай. Было што паглядзець, паслухаць, дзе пабываць і гараджанам, і гасцям: на возеры Дрысвяты паказальныя выступленні праводзілі выхаванцы паруснай школы Браслава, весляры на байдарках і каноэ з абласнога Цэнтра алімпійскага рэзерва, з Новаполацка. Як заўжды, захапляльнымі былі выступленні ратавальнікаў. Былі і афіцыйныя цырымоніі, напрыклад, адкрыццё раённай Дошкі гонару, наведванне сярэдняй школы, іншых аб’ектаў, уручэнне ўзнагарод.

Іх хлебаробам, кіраўнікам, спецыялістам, якія занялі другія і трэція месцы ў абласных спаборніцтвах, уручалі ў актавай зале Браслаўскай гімназіі. Менавіта тут сваю чарговую ўзнагароду атрымаў наш Аляксей Гарбачоў, камбайнер Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі. На гэты раз яму ўручана Ганаровая грамата камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.

 

А тым часам вялізная калона хлебаробаў з цэнтра горада рушыла ў лесапарк “Леснічоўка”, да галоўнай сцэны “Дажынак-2019”. Яна знаходзіцца на беразе яшчэ аднаго возера. А ўсяго ў Браславе чатыры прыродныя вадаёмы, якія як раз і ствараюць своеасаблівую аўру, якая вабіць турыстаў. У раёне зарэгістравана больш за 300 аграэкасядзіб. У летні сезон госці адпачываюць ледзь не ў кожнай хаце. Зробленае да хлебаробскага свята, безумоўна, яшчэ больш павысіць прыцягальнасць раёна для турыстаў, у тым ліку замежных.

 Галоўныя вынікі хлебаробскай працы за сёлетні год падвёў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Віцебшчына не толькі сабрала амаль 1 млн тон збожжа, што на трэць больш леташняга. Вырасла ўраджайнасць, якая склала 29,8 ц/га. У вытворчасці зерня прыбавілі ўсе раёны. Асноўны ўклад у абласны каравай зрабілі Аршанскі і Віцебскі раёны. Апошні, дарэчы, прызнаны пераможцай у вытворчасці зерня. Яго кіраўніка Генадзя Сабыніча першым запрасілі на сцэну. Нагадаем, у свой час ён працаваў на Сенненшчыне начальнікам райсельгасхарча.

 Яшчэ некалькі лічбаў і фактаў, што былі агучаны кіраўніком вобласці на “Дажынках”. На сёлетнім жніве працавалі 1240 экіпажаў зернеўборачных камбайнаў, у тым ліку, 67 моладзевых, 36 сямейных. 319 экіпажаў намалацілі больш чым па 1 тыс. тон збожжа. Рубеж у 2 тыс. тон пераадолелі 24 экіпажы, тры – 8. Упершыню ў гісторыі Віцебшчыны пяць экіпажаў сталі чатырохтысячнікамі. У іх ліку — Аляксандр Карэлін, камбайнер Віцебскага мясакамбіната, які намалаціў 4269 тон збожжа. Некалькі тыдняў яго Ньюхоланд убіраў хлеб на нівах Сенненшчыны.

 

Стабільна высокі валавы збор зерня, рост ураджайнасці, які назіраецца ў апошнія гады на Віцебшчыне, сталі вынікам мэтанакіраванага курсу, узятага ў вобласці на інтэнсіфікацыю земляробства. У формуле поспеху – захаванне навукова абгрунтаванага севазвароту, пашырэнне пасяўных плошчаў зернебабовых і маслічных культур. Свой плён прыносіць тэхнічнае пераўзбраенне аграпрамысловага комплексу, выкарыстанне на палетках сучасных шыроказахопных агрэгатаў.

 Адзін за адным узнімаліся на галоўную сцэну “Дажынак-2019” кіраўнікі раёнаў, сельгасарганізацый, камбайнеры, вадзіцелі, якія сталі пераможцамі абласных спаборніцтваў у розных намінацыях: на ўборцы зерня, рапсу, нарыхтоўцы травяных кармоў. Іх праца адзначалася не толькі маральна.

Грашовыя прэміі, каштоўныя падарункі таксама стымулююць высокапрадукцыйную працу. Сфарміраваць станоўчую матывацыю да працы ў сельскай гаспадарцы – рэалізацыя гэтай задачы таксама дапаможа стабільна мець у АПК Віцебшчыны дастойны вынік.

 У ліку пераможцаў аказалася дырэктар ААТ “Белая Ліпа” Зоя Конышава. За асабісты ўклад у захаванне ўсіх тэхналагічных працэсаў ёй уручаны сертыфікат на легкавы аўтамабіль “Лада”.

 У Браславе было шмат гасцей, у тым ліку з Расіі, Латвіі, зразумела, з Мінску. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка перадаў працаўнікам вёскі вобласці прывітальнае пасланне ад Прэзідэнта краіны. На яго думку, вобласць за апошнія гады зрабіла значны крок у развіцці АПК, у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Ёсць поспехі і сёлета.

 

— Выкананы дзяржзаказ па зерні. Агульны намалот склаў практычна мільён тон. Гэта вельмі добры ўраджай! Што датычыць падрыхтоўкі горада да свята, то Браслаў стаў менавіта такім, якім мы сёння хочам бачыць сучасную квітнеючую Беларусь.

 Аляксандр ІЎЕЎ.

Фота аўтара.