Главный приз районного конкурса «Лучшее сельское молодежное подворье-2019» достался семье Даши и Владимира Мостыко из деревни Клепчево

Галоўны прыз раённага конкурсу “Лепшы сельскі моладзевы падворак-2019” дастаўся сям’і Дашы і Уладзіміра Мастыкі са Студзёнкаўскага сельсавета. Узнагароджанне пераможцаў адбылося ў рамках восеньскай спартакіяды працоўнай моладзі прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, якая на мінулым тыдні прайшла ў фізкультурна-спартыўным комплексе “Алімп”.

 

— Мы і не думалі, што наша сядзіба зможа зацікавіць членаў журы. У нас, бадай, усё як і ў многіх іншых вяскоўцаў, — сціпла гаворыць Даша.

 Невялічкая сядзіба ў вёсцы Кляпчэва, дзе на прыдамавой тэрыторыя разбіты прыгожыя клумбы, высаджана мноства дрэў, прыцягвае да сябе ўвагу. Для дзяцей – асобная пляцоўка для гульні, на якой ёсць месца арэлям, пясочніцы.

 — Многае яшчэ ў планах, — прызнаецца Уладзімір. — Дзеці зусім маленькія, таму шмат часу ідзе на тое, каб за імі паспець, дагледзець, каб шкоды сабе не ўчынілі.

 У сям’і выхоўваецца трое дзетак. Старэйшы Ваня вучыцца ў другім класе. Пяцігадовая Жэня разам з малодшым брацікам Мікітам, якому ў лістападзе споўніцца тры, наведваюць дашкольную ўстанову адукацыі.

 Даша загадзя выйшла на працу з дэкрэтнага адпачынку, каб прывучыць маленькага сына да садка. Як прызнаецца жанчына, ніякіх праблем у гэтым плане не адчула. Гледзячы на сваіх старэйшых братоў і сясцёр, Мікіта рупіцца, каб рана падняцца і паспець на школьны аўтобус, які кожную раніцу забірае дзятву з Кляпчэва і адвозіць на заняткі ў Студзёнкаўскую ДССШ. З імі на сваё працоўнае месца дабіраецца і Даша, яна гардэробшчыца ва ўстанове адукацыі.

 Уладзімір працуе лесніком у Багушэўскім лясгасе. Некалькі дзён назад атрымаў пасведчанне вальшчыка лесу. Таму, магчыма, у хуткім часе ў яго працоўнай дзейнасці адбудуцца змены. Дзеці вельмі любяць свайго бацьку. Заўсёды з нецярпеннем чакаюць яго з працы. А як інакш. Ён знаходзіць час, каб пагуляць з імі ў мяч, пагушкаць на арэлях. У выхадны дзень возіць іх у лес – раскрывае таямніцы прыроды. Уладзімір як ніхто іншы ведае, што дзецям з маленства трэба прывіваць любоў і паважлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя. Ужо сёння можна сказаць, што бацькоўскую навуку малыя засвойваюць добра, — ля дома пануе чысціня і парадак.

 Дом, у якім жывуць Мастыкі, дастаўся Уладзіміру ад яго бабулі. Невялічкі, але ўтульны, а галоўнае, цёплы, адзначаюць сужэнцы. Яны падрамантавалі яго: нанава палажылі падлогу, устанівілі пластыкавыя вокны. Убралі печ і зрабілі камін, якім ацяпляюцца два пакоі.

 Нядаўна збылася мара ўсёй сям’і – Мастыкі ўвялі ў эксплуатацыю лазню. Усе ўмовы для жыцця Даша і Уладзімір ствараюць самі.

 — Жаданне рабіць штосьці самому для сваёй сям’і, а ў першую чаргу думаеш пра дзяцей, перавышае жаданне проста паглядзець тэлевізар, — дзеліцца Уладзімір. – Таму і не дазваляю сабе сядзець без справы.

 Як і ўсе сельскія жыхары Даша і Уладзімір вядуць падсобную гаспадарку – трымаюць свіней, курэй, апрацоўваюць вялікі надзел зямлі, дзе вырошчваюць бульбу, городніну, зерне. Спраўляюцца сваімі сіламі. Выратоўвае мотаблок, які набылі для сельскагаспадарчых работ.

 — Як жыць у вёсцы і не трымаць гаспадарку? – здзіўляюцца сужэнцы. Бачаць у гэтым вялікую падтрымку. На сённяшні дзень у іх усё сваё. Праўда, акрамя малака. Але, як прызнаўся Уладзімір, яны абавязкова завядуць рагулю, як толькі дзеці крыху падрастуць.

 У Кляпчэве Мастыкі жывуць каля дзесяці гадоў. Яны прывыклі да вясковага ладу жыцця, бо самі выхадцы з маланаселеных пунктаў Сенненшчыны. Пераязджаць у горад не плануюць. Калі што  спатрэбіцца, прыедуць самі, для гэтага ў іх ёсць машына. Больш таго, вадзіцельскія правы мае не толькі Уладзімір, але і Даша.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.