Проблема такой опасной для свиней болезни, как африканская чума, не теряет своей актуальности

АЧС рэгулярна нагадвае пра сябе ўспышкамі, то ў далёкім, то ў блізкім замежжы. Таму вельмі важна ні на хвіліну не забывацца пра пагрозу пранікнення віруса на тэрыторыю Беларусі.

 

 Аб тым, што гэта за хвароба, і мерах яе прафілактыкі, — чарговая гутарка з галоўным ветурачом раёна Аленай Мялешка. 

— Для вяскоўцаў, якія спакон веку гадуюць свіней, а многія  і жывуць з гэтага, тэма афрыканскай чумы вельмі актуальная. Раскажыце падрабязней пра гэтую напасць.

 — АЧС — інфекцыйная хвароба свойскіх і дзікіх свіней, якая выклікаецца вірусам, што незалежна ад спосабу распаўсюджвання паражае 100% жывёл усіх узростаў і характарызуецца высокай лятальнасцю.  Вірус устойлівы да фізічных і хімічных фактараў. Адзіны спосаб пазбавіцца ад узбуджальніка — знішчэнне свіней-пераносчыкаў. Між іншым, вірус захоўваецца ў глебе да 180 дзён, на драўляных і цагляных пабудовах – 120-180 дзён, у мясе – 5-6 месяцаў, у свінагадоўчых памяшканнях пасля хворых свіней – ад 2 да 18 месяцаў, устойлівы да высушвання і гніення, аднак пры тэмпературы 60°С страчвае сваю актыўнасць на працягу 10 хвілін.  Клінічныя прыкметы: у жывёл павышаецца тэмпература цела да 42°С, з’яўляюцца задышка, кашаль, знікае апетыт, узмацняецца смага, адзначаюцца прыступы ванітаванняў і паралічу задніх канечнасцяў, на скуры ўнутранай паверхні сцёгнаў, на жываце, шыі, за вушамі з’яўляюцца чырвона-фіялетавыя плямы.

 — Якая прафілактычная работа праводзіцца, каб не дапусціць распаўсюджвання гэтай хваробы ў нашым раёне?

 — Асноўным рэзервуарам і пераносчыкам АЧС з’яўляюцца дзікія кабаны, якія ў пошуках корму пераадольваюць значныя адлегласці, блізка падыходзяць да пасеваў сельскагаспадарчых угоддзяў, агародаў, сельгаспабудоў, хат. Сярод іх могуць быць і інфіцыраваныя вірусам АЧС.

 Раённай ветэрынарнай службай, упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання, работнікамі ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» і Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па прафілактыцы афрыканскай чумы свіней. У прыватнасці — адстрэл дзікоў. Сёлета з пачатку года ў Сенненскім раёне здабыта 139 жывёл.

 На свінакомплексе СУП «Саўгас імя Машэрава» ўстаноўлены санпрапускнікі, відэаназіранне. Комплекс агароджаны. Што датычыцца персаналу ферм, то яму катэгарычна забаронена ўтрымліваць свіней на ўласным падворку. Ветэрынарам, якія абслугоўваюць комплекс, забаронена аказваць прафесійныя паслугі насельніцтву. Адказнымі асобамі праводзяцца праверкі прыватных падворкаў жыхароў населеных пунктаў Машканы, Масоры, Ярошкі, Обаль, Задарожжа, якія размешчаны ў пяцікіламетровай зоне ад свінагадоўчага комплексу. Робіцца ўсё неабходнае, каб звесці да мінімуму рызыку пранікнення інфекцыі. Пакуль парушэнняў выяўлена не было.

 — Якія патрабаванні прад’яўляюцца да прафілактычных мерапрыемстваў у прыватным сектары?

 — Асобы, якія вядуць асабістую падсобную гаспадарку, дзе ўтрымліваюцца свінні, абавязаны выконваць наступныя правілы:

 — забараняецца пускаць старонніх у свае гаспадарчыя пабудовы; 

 — жывёла павінна ўтрымлівацца толькі ў памяшканнях;

 — тэрыторыя асабістай гаспадаркі павінна быць агаро­джана плотам;   

 — важна пазбавіцца ад грызуноў;

 — ні ў якім разе нельга набываць камбікорм у заезджых гандляроў (яны павінны мець дакументы, якія пацвярджаюць паходжанне і бяспеку кармоў, наяўнасць дазволу на гандаль і г.д.);

 — не набываць жывых свіней, мяса і мясапрадукты ў нявызначаных для гэтага гандлёвых кропках, без ветэрынарных дакументаў;

 — праводзіць штодзённы агляд жывёлы з мэтай своечасовага выяўлення магчымага захворвання.

 Строгае іх выкананне дазволіць захаваць здароўе жывёлы і пазбегнуць магчымасці заносу і распаўсюджвання віруса АЧС, прадухіліць эканамічныя страты.

 У перыяд збору грыбоў і ягад існуе небяспека пераносу і пападання праз абутак чалавека ўзбуджальніка АЧС на падворак. Таму пасля наведвання лесу, перш чым захо­дзіць у хлеў, абавязкова трэба змяніць вопратку.  Пра выпадкі ўзнікнення падазроных захворванняў або па­дзяжу свіней варта неадкладна паведаміць у Сенненскую раённую ветэрынарную станцыю па тэлефонах 5-19-27, 5-19-29, 5-19-24 з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00  у буднія дні, з 8.00 да 13.00 у суботу. Ні ў якім разе нельга замоўчваць факты паморку жывёлы і самастойна ўтылізаваць тушы хворых свіней. 

 Дарэчы, прафілактычныя меры абавязковыя для выканання і на аб’ектах грамадскага харчавання, гандлю, дзе паўсядзённай нормай павінна стаць выкарыстанне дэздыванкоў, выкананне санітарных правіл.

 

Аўтарытэтна

Мікалай НОВІКАЎ, інжынер па паляўнічай гаспадарцы ДЛГУ «Багушэўскі лясгас»:

 — Па выніках штогадовага ўліку ў паляўнічых гаспадарках ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» было выяўлена 5 асобін дзікага кабана. На сенняшні дзень адстрэлена — 19. У нас ёсць службовыя асобы, у абавязкі якіх уваходзіць арганізацыя і правя­дзенне адстрэлу дзікоў. Прыцягваюцца і прыватныя асобы, паляўнічыя. Дарэчы, на здабычы дзіка можна і нядрэнна зарабіць. Зацверджаны новыя меры па стымуляванні здабычы дзікага кабана. Цяпер за адстрэл адной асобіны карыстальнікі паляўнічых гаспадарак выплочваюць паляўнічаму 5 базавых велічынь, а не дзве, як было раней. Пры гэтым карыстальнік паляўнічых угоддзяў пакідае сабе 2 базавыя велічыні, якія прадугледжаны кампенсацыйнымі выплатамі, за кожную здабытую жывёлу. Адпаведная пастанова прынята Саветам Міністраў 2 ліпеня 2019 года.  Паважаныя сенненцы! Калі пры наведванні лясных масіваў вы знайшлі трупы дзікіх свіней, трэба зярнуцца па тэлефоне 8-029-899-93-47.

Даведачна

 У Расіі ў жніўні бягучага года АЧС рэгістравалася ў васьмі рэгіёнах. Па інфармацыі прэс-службы Рассельгаснагляду заражаных дзікоў выявілі ў Цвярской, Ніжагародскай, Наўгародскай абласцях. У Прымор’і і Курскай вобласці АЧС выяўлена ў дзікай прыродзе і сярод хатніх свіней. У Амурскай, Калінінградскай і Валгаградскай абласцях — толькі ў хатніх. Усяго было выяўлена 26 ачагоў АЧС. Месяцам раней вірус рэгістраваўся ў 6 рэгіёнах і ў асноўным у дзікай прыродзе.

 У апошнім месяцы лета найгоршае становішча па АЧС склалася ў Румыніі — там зарэгістравана больш за 750 ачагоў захворвання. Фіксавалі іх таксама ў Лаосе, Польшчы, Балгарыі, на Украіне. 

Ларыса МУКАМОЛАВА.