Семья из аг. Мошканы стала «Властелином села — 2019»

Сям’я Бярозкаў з аг. Машканы стала “Уладаром сяла – 2019” і прадставіць Сенненшчыну на абласным этапе аднайменнага конкурсу, які пройдзе ў Полацку.

 

У мінулую суботу ў аг. Полымя прайшоў раённы этап сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 2019”. Яго арганізатарамі выступілі раённы камітэт ГА “БРСМ”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.   Дарэчы, правядзенне конкурсу супала са спасаўскімі гуляннямі, што традыцыйна ладзяцца на палымянскай зямлі.

 Сёлета за пачэснае званне “Уладар сяла” змагаліся 8 маладых сем’яў: Аляксандр і Алена Міцкевічы прадстаўлялі Какоўчынскі сельсавет, Сяргей і Вольга Бярозкі — Машканскі, Сяргей і Валерыя Калмагорцавы — Багданаўскі, Дзяніс і Кацярына Давыдзькі — Нямойтаўскі, Уладзімір і Кацярына Петуховы — Студзёнкаўскі, Андрэй і Ганна Кірылавы — Беліцкі, Віталій і Вераніка Мурашэвічы — Ходцаўскі, Андрэй і Валянціна Дзянісавы — Багушэўскі.

   Удзельнікам трэба было паказаць свае таленты і ўменні, у тым ліку і ў вядзенні гаспадаркі, у наступных конкурсах: “Вітаем па-беларуску”, “Па дровы”, “Святочны воз”, “Бульбашы”, “Вясковая эстафета”, “Дранікі на калодзе”, “Сялянскія прысмакі”,  “Выстава дасягненняў сямейнай гаспадаркі – лепшы сельскі падворак”.

 

І хаця хтосьці з гасцей свята пажартаваў, што ўдзельнікам конкурснай праграмы трэба паставіць помнікі – за смеласць і ініцыятыву, — усё ж такі асалоду атрымалі ў гэты дзень усе: і дарослыя, і маленькія канкурсанты, а таксама мясцовыя жыхары, што завіталі сюды, каб падтрымаць канкурсантаў і паслухаць добрую песню, якіх шмат гучала ў выкананні самадзейных артыстаў.

  

Пачалася праграма са знаёмства. Кожная каманда павінна была расказаць пра сябе: у прозе, з дапамогай вершаў ці песень. Па сутнасці, гэта была візітная картка ўдзельнікаў, і ўмова тут толькі адна — як мага больш арыгінальна, цікава і весела расказаць аб сваёй сям’і, аб традыцыях, захапленнях.
 А як спрытна сямейныя пары пілавалі і секлі дровы, а затым складвалі. Было бачна, што гэтая справа для іх звыклая. Хуткасць і ўважлівасць, уменне працаваць у пары прадэманстравалі канкурсанты на этапе “Бульбашы”: галоўнае тут было як мага хутчэй адсартаваць буйнейшую бульбу ад дробнай.
 

Самым жа займальным і відовішчным атрымалася выпрабаванне “Святочны воз”. Хоць у сучаснай вёсцы ўжо далёка не ў кожнай сям’і ёсць конь, але аказалася, што ўпраўляцца з вупражжу ўмеюць усе ўдзельнікі. Напрыклад, Вераніка Мурашэвіч якраз з тых жанчын, што не баяцца ніякай справы. І работу па доме на мужчынскую і жаночую не дзеліць. Маці траіх дзяцей упэўнена – умець у гэтым жыцці трэба ўсё. Тым больш у вёсцы, дзе конь – першы памочнік.

 

Сяргей і Вольга Бярозкі да раённага конкурсу рыхтаваліся ў перапынках паміж працай і хатнімі справамі. Сям’я шматдзетная, тут выхоўваецца чацвёра дзяцей. Сужэнцы працуюць у СУП “Саўгас імя Машэрава”: Вольга – ветфельчар, Сяргей – механізатар. І на гарадское бесклапотнае жыццё сваё вясковае не прамяняюць.   Дранікі, “пальцам піханая” каўбаска, пірагі з розным начыннем, печаныя яблыкі… — гэтая частка конкурсу была не менш папулярная. На кулінарным спаборніцтве гаспадыні здзіўлялі журы хатнімі прысмакамі. У кожнай свой сакрэт і фірменны рэцэпт.

 Відовішчным атрымаўся і конкурс “Выстава дасягненняў сямейнай гаспадаркі”, дзе неабходна было прадставіць на суд журы выставу-прэзентацыю прадметаў сямейнай творчасці.

 

Па выніках усіх конкурсаў пераможцамі сталі Сяргей і Вольга Бярозкі з аграгарадка Машканы, якія набралі найбольшую колькасць балаў і атрымалі галоўны прыз – жывога бычка. Прэзентавала яго ААТ “Бяленева”. Наперадзе ў сям’і Бярозкаў абласны этап конкурса, на якім трэба будзе даказаць, што на Сенненшчыне жывуць сапраўдныя гаспадары роднай зямлі, працавітыя і дружныя сем’і.

 

Ад першай асобы

 Сям’я Калмагорцавых:

— Цяпер у моладзі на сяле не вельмі многа магчымасцей правесці свой вольны час весела і з карысцю, а гэты конкурс нам такую магчымасць прадаставіў. Мы і сябе паказалі, і на іншых паглядзелі. Было цікава спаборнічаць, сваім выступленнем мы таксама задаволены.

Сям’я Кірылавых:

— У праекце “Уладар сяла” мы ўдзельнічаем другі год. Добра, што ёсць магчымасць правесці вольны час цікава, што захоўваюцца традыцыі вясковага жыцця.

 Алег Барытка, старшыня Студзёнкаўскага сельвыканкама:

 — На конкурс прыехала адна з нашых самых актыўных сямей – сям’я Петуховых. Сужэнцы вельмі руплівыя і працавітыя. Гаспадар працуе ў ААТ “Студзёнка” заатэхнікам, гаспадыня – аператарам машыннага даення. У мінулым годзе яны ўжо ўдзельнічалі ў конкурсе і занялі другое месца. Зараз рыхтаваліся да выпрабаванняў вельмі сур’ёзна і разлічвалі на першае месца. Але, як кажуць, перамаглі мацнейшыя.

Ларыса МУКАМОЛАВА.

НА ЗДЫМКАХ: моманты конкурснай праграмы.