Бывший председатель Богушевского райисполкома Владимир Ивановский определенное время возглавлял «Беларусьфильм»

Багушэўцам ён запомніўся яшчэ і тым, што стаў апошнім кіраўніком выканаўчай улады ў раёне.

Вось ужо сапраўды жыццевы шлях кожнага чалавека непаўторны. І часта вельмі пакручысты, звязаны з рознымі сферамі дзейнасці.

 Уладзімір Іваноўскі нарадзіўся 18 чэрвеня 1923 года ў горадзе Віцебску. Пасля заканчэння ў 1939 годзе 9 класаў сярэдняй школы № 31 г. ўладкаваўся на працу ў Другі Беларускі дзяржаўны тэатр, які зараз мы ведаем як Нацыянальны Акадэмічны Драматычны тэатр Якуба Коласа, у якасці вучня бутафора-мастака. Гэты, верагодна, выпадковы крок не стаў вызначальным для юнака, які шукаў сябе, свой шлях у жыцці.  А вось далейшы лёс астатніх членаў сям’і Іваноўскіх будзе непарыўна звязаны з тэатрам. У 1941 годзе там рэквізітарам пачынае працаваць маці Уладзіміра. Праз некаторы час яна выходзіць замуж за У.І. Кулікоўскага, загадчыка пастановачнай часткі тэатра, а яго сястра — за акцёра А.Р. Шэлега, у будучым народнага артыста БССР.

 Праца ў тэатры, відаць, не зусім задавальняла юнака, бо Уладзімір Іваноўскі ў 1940 годзе паступіў у Ленінградскае ваеннае вучылішча сувязі імя Ленсавета. Навучанне прыйшлося на першыя гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля яго заканчэння маладога афіцэра пакінулі ў навучальнай установе ў якасці камандзіра-выкладчыка. З 1944 года па 1946 ён служыў спачатку начальнікам сувязі 41-га запаснога артылерыйскага палка, а потым 201-га гвардзейскага гаўбічнага артылерыйскага Кіраваградскага палка. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны служыў у складзе Цэнтральнай групы савецкіх войскаў у Аўстрыі і Вугоршчыне.

У жніўні 1946 года Уладзімір Іваноўскі быў дэмабілізаваны, пасля чаго вярнуўся на радзіму ў Віцебск. Яму 23 гады, ён толькі што стаў членам Камуністычнай партыі, мае вопыт работы з людзьмі. Маладому афіцэру запаса прапанавалі паспрабаваць сябе на камсамольскай рабоце. За перыяд з 1946 года і па 1951 год Уладзімір Іваноўскі быў загадчыкам аддзела кадраў і аргінструктарскай работы Віцебскага гаркама ЛКСМБ, першым сакратаром Чыгуначнага райкама ЛКСМБ г.Віцебска, другім і першым сакратаром Віцебскага гаркама ЛКСМБ.

 

У 1952 годзе Уладзімір Іваноўскі пераходзіць на працу ў Віцебскі аблвыканкам. З 1952 па 1959 год узначальвае камітэт фізкультуры і спорту, працуе намеснікам загадчыка аддзела аховы здароўя, а затым загадчыкам аргінструктарскага аддзела. У 1957 годзе ён завочна заканчвае Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры.

 У жніўні 1959 Уладзімір Іваноўскі становіцца старшынёй выканкама Багушэўскага раённага Савета дэпутатаў працоўных. Пасля ліквідацыі ў 1960 годзе Багушэўскага раёна быў абраны першым сакратаром Бешанковіцкага райкама КПБ. З 1961 па 1963 год вучыўся ў Вышэйшай партыйнай школе пры ЦК КПСС. У 1963 — 1964 гадах з’яўляўся інструктарам ЦК КПБ.

У 1965 годзе Уладзімір Іваноўскі зноў па волі лёсу ці партыі мае дачыненне да сферы культуры, творчасці. Яго  прызначылі намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па кінематаграфіі. З 1968 года ён па сумяшчальніцтве працуе і дырэктарам кінастудыі “Беларусьфільм”. У студзені 1975 года У.Э. Іваноўскага па стане здароўя вызвалілі з пасады дырэктара кінастудыі “Беларусьфільм” і намесніка старшыні Дзяржкіно БССР.

У часы яго дырэктарства кінастудыя датэрмінова выконвала вытворчыя планы, працавала рэнтабельна. А вось аматарам кіно той перыяд у гісторыі “Беларусьфільма” запомніўся тым, што былі зняты такія вядомыя, у нечым знакавыя для беларускай кінематаграфіі мастацкія фільмы, як “Иван Макарович” (1968), “Я, Франциск Скорина…” (1969), “Чёрное солнце” (1970), “Крушение империи” (1970), “Полонез Огинского” (1971), “Ясь и Янина” (1974) і інш.

 Уладзімір Іваноўскі неаднаразова быў узнагароджаны. За ўзорнае выкананне заданняў камандавання падчас Вялікай Айчыннай вайны быў адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны I ступені, медалямі “За ўзяцце Будапешта”, “За ўзяцце Вены” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.”

Наш кар.