Каля ёлки нашай навагодняй!

Галоўная ёлка раёна парадавала сёлета 197 дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сямей, актывістаў піянерскага руху і ўдзельнікаў школьных і раённых мерапрыемстваў.  Падрыхтавалі дабрачынны ра­нішнік аддзелы культуры і адукацыі.  Значны ўклад у правядзенне  свята ўнеслі супрацоўнікі цэнтра пазашкольнай работы.

 Яшчэ да пачатку дзейства ў фае Ходцаўскага Дома культуры адчувалася прыўзнятая атмасфера чакання цудаў і падарункаў. Дзяцей і іх настаўнікаў сустракалі вясёлы Клоун і  дабрадушны Мядзведзь. Асабліва прыцягвалі  гэтыя персанажы самых маленькіх гасцей мерапрыемства.

 У глядзельнай зале перад навагоднім прадстаўленнем жвавыя клоуны Сцёпа і Клёпа наладзілі вясёлую пераклічку, імправізаваную казку «Чырвоная шапачка», іншыя гульні і забавы.

 Адкрыла свята  дырэктар Сенненскага цэнтра пазашкольнай работы Валянціна Віктараўна Каржыцкая, якая адзначыла,  што раённая дабрачынная ёлка  праводзіцца ў рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці»,  якая прызвана  падтрымліваць юных грамадзян нашай краіны.

 Намеснік старшыні райвыканкама Зоя Сцяпанаўна Фаміна  павіншавала дзяцей  з самым лепшым святам,  пажадала, каб новы год прынёс толькі дабрабыт, шчасце і мір. Выказала спадзяванне, што  дзеці Сенненшчыны будуць  праслаўляць свой родны край добрымі справамі, як гэта робяць  Міхаіл Ганчароў, Анастасія Грытчанка, Арцём Карніцкі і іншыя вучні, якіх ведаюць у вобласці і рэспубліцы за высокія творчыя дасягненні.

 …Традыцыйныя спадарожнікі навагодніх святаў Дзед Мароз і Снягурка, іх верныя памочнікі Скамарохі, сімвал 2011 года Белы Трус, Баба Яга і Лясун, Ліса Аліса і Кот Базіліа разыгралі для дзяцей цудоўную казку. «Нячыстая сіла» выкрала Снягурку. Але ўсё ж  дабро ўзяло верх, і свята працягвалася вакол ёлкі-прыгажуні.

 Практычна кожны з дзяцей прыняў удзел у гульневай праграме: паказаў сваю эрудыцыю, кемлівасць і знаходлівасць. Ніхто не застаўся без салодкіх ласункаў,ні ўдзельнікі гульняў, ні ўладальнікі прыгожых карнавальных касцюмаў.

 Акрамя таго, усе за­прошаныя на свята дзеці,  як і заўсёды, атрымалі навагоднія падарункі са смачнымі цукеркамі і шакаладкамі. Грошы на гэтыя падарункі былі выдаткаваны з рэзервовага фонду раённага выканаўчага камітэта.

 А яшчэ на Новы год падарункі, набытыя за кошт сродкаў, заробленых на суботніках жыхарамі раёна, атрымалі Сенненская школа-інтэрнат (мікрахвалевую печ, два наборы сталовага посуду і пыласос), Багушэўскі дом-інтэрнат (два тэлевізары і DVD-плэер) і дзіцячы сацыяльны прытулак (аўтаматычную пральную машыну і цукеркі).

Таццяна Буракова.

 На здымках: у час свята.