Азамик Асирян своё место на земле нашёл в Мошканах

 Калі не хапае камбайнераў, прастойвае некалькі машын. Пры адсутнасці токара можа спыніцца ўвесь парк камбайнаў.

 Азамік Асіран па нацыянальнасці армянін. Народжаны ў Азербайджане, абавязкова ўдакладняе ён пры размове. А вось сваё месца на зямлі знайшоў у Беларусі, дакладней, у Машканах, дзе жыве з 1980 года і працуе токарам у мясцовым саўгасе імя Машэрава.

 У майстэрні Азаміка Армаісавіча паважаюць за яго залатыя рукі  механізатары, кіраўніцтва сельгасарганізацыі. Ён можа вытачыць на сваім станку банальныя болт, гайку, майстру падуладны і самыя складаныя дэталі, бо працуе ён з жалезам, іншымі металамі.

 — Так што без справы я не сумую, — кажа ветэран (Азаміку Армаісавічу 66 гадоў), — за дапамогай звяртаюцца не толькі мясцовыя механізатары. Едуць з суседніх гаспадарак, едуць з іншых раёнаў.

 Тлумачыцца гэта проста – у многіх гаспадарках спецыялістаў такарнай справы не стала. Няма станкоў. А аб’ём работы, асабліва ў жніво, рэзка павялічваецца. Ды і слава аб майстэрстве Азаміка Асірана распаўсюдзілася вельмі шырока. У свой час яго запрашалі на працу ў Сенненскую райсельгастэхніку.

 — У той час як раз у арганізацыі пабудавалі новую рамонтную майстэрню, закупілі станкі, — успамінае ён. – Неяк з саўгасным інжынерам паехалі туды, каб набыць ці вытачыць неабходную дэталь. На складзе яе не аказалася, мясцовыя спецыялісты таксама развялі рукамі.

 І тады Асіран стаў за станок.

 — А праз некалькі дзён да мяне завітаў дырэктар райсельгастэхнікі з прапановай памяняць месца працы і жыхарства. Я не спакусіўся ні жыллём, ні заробкам. І, як бачыце, не памыліўся. Дзе зараз сельгастэхніка, а дзе саўгас імя Машэрава?! – з гонарам закончыў свой аповед Азамік Асіран.

 У Машканах яго цёпла называюць “дзядзя Саша”. Так звала яго нават мама. Імя Аляксандр сапраўды прысутнічала ў некаторых дакументах Асірана, што выклікала некаторыя праблемы і недарэчнасці. Аб машканцах, беларусах “азербайджанскі армянін” таксама адзываецца з павагай, пачынае пярэчыць, калі яго, іншых прадстаўнікоў роду Асіран (а ў Беларусі, у Лёзне, жывуць яго брат і сястра), неяк вылучаюць з беларускай супольнасці.

 — Мы жывём у Беларусі, значыць мы вашы. Якая розніца, хто ты па нацыянальнасці. Важна, які ты чалавек, — лічыць Азамік Армаісавіч.

 Другая частка вялікай сям’і Асіран, у якой вырасла шасцёра дзяцей, жыве ў Расіі: у Краснадарскім краі, у Маскве. І сувязь паміж імі не парываецца. Сваякі разам і ў горы, і ў радасці. Калі дарагія госці часам прыязджаюць у Машканы, стол ломіцца ад смакаты. Шмат на ім і спецыфічных усходніх страў, прыгатаваных жонкай Азаміка Асірана. Ураджэнка Бешанковіцкага раёна першыя гады сумеснага жыцця з мужам правяла на яго радзіме. Вось свякроў і перадала маладой нявестцы сакрэты ўсходняй кухні.

 Сямейныя карані Асіран на Віцебшчыне ўмацоўваюцца. У Машканах, побач з бацькамі, жыве Павел, адзін з сыноў Азаміка Армаісавіча. Ён загадчык гаража саўгаса імя Машэрава. Яшчэ адзін сын, Віталь, некалі скончыў ветакадэмію ў Віцебску, працаваў па спецыяльнасці на свінакомплексе. Зараз, праўда, жыве ў абласным цэнтры, працуе ў Рудакове.

 Азамік Асіран ганарыцца сваімі ўнучкамі. Дзве з іх студэнткі ВНУ. Адна вучыцца ў Мінску ў інстытуце культуры, другая – будучы медык. Пайшла следам за маці, якая нядаўна абараніла доктарскую дысертацыю.

 — Я працягваю працаваць і атрымліваю ад працы задавальненне, — не хавае Азамік Армаісавіч. – І, відаць, яшчэ буду працаваць доўга, хоць у мяне было шмат вучняў. Іншая справа, што ў Машканах ні адзін з іх не застаўся. Чаму? Токар, як аўчарка на ланцугу, увесь час прымацаваны да станка. Моладзі гэта не па нораву, яна любіць свабоду, таму і шукае іншую працу. Толькі вось без токара ў сельгасарганізацыі ніяк не абысціся. Ён першы памочнік у рамонце тэхнікі. Ён захавальнік фінансаў арганізацыі. Без яго не абыходзіцца фактычна ні адзін жыхар вёскі.

 Механізатара-камбайнера ў час жніва не беспадстаўна называюць цэнтральнай фігурай. Але і без токара, зваршчыка жніво можа спыніцца. Шкада, што спецыялістаў гэтай кваліфікацыі ў майстэрнях сельгасарганізацый усё меньш. Тым больш такіх кваліфікаваных як Азамік Асіран.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 Фота аўтара.