Чужой бяды не бывае

Жыхарка вёскі Полымя Святлана Кізіменка  ў сацыяльнай сферы працуе 12 гадоў. Зараз яна даглядае дзве сям’і, у адной з якіх жыве 94-гадовая бабуля і яе дачка — інвалід з дзяцінства. А ўсяго на абслугоўванні ў Святланы Іванаўны знаходзяцца шэсць чалавек.

 Сказаць, што ў сацыяльнай сферы працаваць нялёгка, — нічога не сказаць. Па словах Святланы Кізіменка, даставіць чалавеку, які не можа самастойна абслугоўваць сябе, прадукты харчавання, прыгатаваць ежу, выканаць іншыя ўстаноўленыя колам абавязкаў работы, значыць, зрабіць толькі паўсправы.  Сацыяльнага работніка людзі чакаюць як добрага сябра, як крыніцу інфармацыі.

 — Іх трэба выслухаць, ім трэба паспачуваць, іншы раз аддаць свой асабісты час, — расказвае Святлана Кізіменка.

 І тады людзі будуць удзячны. Сваё прызнанне яны выкажуць асабіста сацыяльнаму работніку, яго кіраўніку. У Святланы Кізіменка такіх падзяк дзясяткі.

 Да людзей, да сваіх абавязкаў Святлана Іванаўна ставіцца неказённа можа яшчэ і таму, што ў самой ой як няпроста склаўся лёс.

  Засталася без працы, давялося пакінуць абжытае жыллё, адной ставіць на ногі трох дзяцей. Так што чалавечую бяду жанчына не проста разумее, яна яе адчувае.

  Святлана Кізіменка лічыць, што сацыяльным работнікам для больш плённай працы дарэчы прыйшліся б кансультацыі прафесійных псіхолагаў. Унутраны свет сталых, хворых, адзінокіх людзей застаецца таямніцай для тых, хто працуе з імі. Праўда,  для сябе Святлана Іванаўна даўно зрабіла вывад: кожны чалавек — гэта вялікі свет, кожны чалавек  патрабуе  індывідуальнага падыходу. І гэтага прынцыпу яна прытрымліваецца ў сваёй паўсядзённай працы.

 Аляксандр Лазюк.