Небольшой земельный участок семьи Болдыревых, который находится по улице Красный Октябрь, 38, сложно не заметить

Буянне кветак адразу прыцягвае ўвагу людзей, якія  праходзяць міма.

 Каля дваццаці відаў раслін самых разнастайных колераў цвітуць тут з ранняй вясны і да позняй восені. Лілеі, цюльпаны, ірысы, цыніі, вярбена, флоксы… Каралева садоў – ружа займае асаблівае месца. Дзесяць кустоў упрыгожваюць сад гаспадароў.

 — 60 вісячых кашпо, 10 вялікіх вазонаў і 20 вазонаў-“званочкаў”, зробленых мужам, — у час візіту карэспандэнта “ГС” зрабіла рэвізію любімай маёмасці Ніна Васільеўна. – Маёмасць адна на дваіх, бо і Мікалай Міхайлавіч таксама прыклаў да яе свае сілы.

 Пад кветкі і фруктовы сад, два парнікі і сажалку, у якой водзяцца карпы, адведзена сем сотак зямлі. На астатніх сямі сотках пасаджана бульба.

 

 На добры догляд зямля адказвае багатым ураджаем, таму на стале ў гаспадароў заўсёды шмат гародніны і садавіны, якую вырасцілі самі.

 У земляробчай справе Болдыравы разбіраюцца. У свой час скончылі Смальянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Хоць і не прысвяцілі сябе працы на зямлі, аднак атрыманыя веды і навыкі спатрэбіліся ў жыцці.

 Праца на зямлі прыносіць нявыказаную радасць і задавальненне. Зямельны надзел – бацькоўская спадчына Ніны Васільеўны. Маці даўно ўжо не ў стане даглядзаць яго, таму сужэнцы перасялілі бабулю да сябе ў кватэру. Ад зямлі не змаглі адмовіцца, хоць на той час і была добрая сядзіба ў вёсцы Лука, дзе Болдыравы трымалі гаспадарку.

 — Развіталіся з ёй не шкадуючы, — успамінае Мікалай Міхайлавіч. – Магчыма, прыцягненне бацькоўскай зямлі было мацнейшым.

 Вось толькі гаспадарку, якую трымалі там, было крыху шкада, не хавае мужчына. А тут развярнуцца няма дзе. Хапіла месца, каб трымаць качак ды курэй. Як-ніяк, на сённяшні дзень і гэта невялікая падтрымка для сям’і.

 У сябе на фазэндзе Болдыравы бываюць кожны дзень. Іх тут ўсе добра ведаюць і паважаюць. І не толькі за прыгожа аформлены ўчастак. За гасціннасць і ветлівасць любяць іх сенненцы.

 — Калі трэба, заходзьце на тэрыторыю, адпачніце ў альтанцы, нават калі нас тут і няма, — заўсёды запрашаюць да сябе сужэнцы.

 І не хвалююцца, што тут штосьці знікне, альбо будзе пашкоджана. Яны давяраюць людзям, якія ўзамен адплочваюць тым жа.

 

 

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.