В Богушевске продолжаются работы по благоустройству населенного пункта

У Багушэўску працягваюцца работы па добраўпарадкаванні населенага пункта. Станоўчыя змены бачны на вуліцах, у будынках фактычна кожнай установы.

 Найбольш напружаны графік работ у будаўнікоў, якія працуюць у сярэдняй школе. Работы неабходна завершыць да пачатку новага навучальнага года. У галоўным будынку навучальнай установы працуе некалькі будаўнічых арганізацый. І не толькі з Віцебскай вобласці. Генадзь Раманаў узначальвае ўчастак ТАА “Камея” з Магілёва, спецыялісты якога вядуць работы на першым паверсе.

 — Мы дэманціравалі старую падлогу, выдалілі грунт. Зараз на яго месца засыпаем жвір, які будзе ўшчыльняцца шчэбенем. Пасля гэтага зробім бетонную сцяжку, на якую ляжа драўляная падлога. Гэтыя работы прадугледжаны каштарысна-праектнай дакументацыяй, — расказаў Генадзь Раманаў. – Да вызначанага тэрміну яны будуць завершаны.

 Такой упэўненасці надае рытмічная пастаўка будаўнічых матэрыялаў. Няма праблем і з фінансаваннем. Грошы на разлік арганізацыі паступаюць адразу ж пасля выканання работ і падрыхтоўкі неабходных для банкаўскіх аперацый дакументаў.

 Значны аб’ём работ выкананы і ў другім будынку навучальнай установы, дзе мяркуецца стварыць спартыўны цэнтр для жыхароў усяго пасёлка. Але і падыходы тут іншыя. Будаўніцтва вядзецца метадам народнай будоўлі. Дзяржаўныя арганізацыі, прадпрымальнікі выдаткоўваюць сродкі на будматэрыялы, неабыякавыя багушэўцы прыходзяць, каб сваёй працай зрабіць уласны ўнёсак у агульную справу. У час рэспубліканскага суботніка было пакладзена 18 м3 бетону, унесены, ушчыльнены тоны пяску і шчэбеня. На аб’екце, дарэчы, працавалі не толькі багушэўцы, але і работнікі Сенненскага райвыканкама на чале з яго кіраўніком. Зараз у спартыўнай зале вядуцца аддзелачныя работы, фарбуецца будынак усёй школы, а фасад ужо прыемна радуе вока сваёй аддзелкай. Фасадныя работы выкананы і на будынку бальніцы, пасялковага Дома культуры.

 У спартыўны цэнтр акрамя школьнай спартзалы ўвойдуць зала для заняткаў фітнэсам, пляцоўка са штучным пакрыццём для гульні ў футбол і баскетбол. Побач, у скверы, абуладкоўваецца пляцоўка для маленькіх дзяцей. Многія атракцыёны ўжо не толькі ўстаноўлены, яны актыўна эксплуатуюцца дзецьмі. У скверы шумна ад іх галасоў у любое надвор’е.

 Гэтак жа, думаецца, будуць запатрабаваны багушэўцамі вулічныя трэнажоры, гімнастычныя снарады для заняткаў варкаутам – вулічнай гімнастыкай.

 — Усе спартыўныя аб’екты, як толькі яны будуць здадзены ў эксплуатацыю, пяройдуць ФСК “Алімп”, што дазволіць выкарыстоўваць іх не толькі ў час заняткаў на ўроках школьнай фізкультуры. Імі змогуць карыстацца ўсе жадаючыя, што на карысць  папулярызацыі здаровага ладу жыцця, дапаможа развіваць масавы спорт, — упэўнены Вячаслаў Багданаў, старшыня Багушэўскага сельвыканкама.

 

Набірае абароты добраўпарадкаванне і на вуліцах Багушэўска. Новае асфальтавае пакрыццё з’явілася на вуліцах Калгасная, Паркавая, Юбілейная, тратуарная плітка пракладваецца ў цэнтральным скверы, пешаходныя дарожкі – па вуліцы Гараўца. Тратуары, пешаходныя дарожкі будуць пабудаваны і на іншых вуліцах. Каб не займацца пералічэннем, скажам, што пракладуць іх па вуліцах з найбольш інтэнсіўным транспартным і пешаходным рухам, што дазволіць зрабіць яго больш бяспечным.

 Значна пышырыцца, будзе заменена водаправодная сетка, у якую вада падаецца са станцыі абезжалезвання. Якасную пітную ваду атрымаюць большасць жыхароў Багушэўска, якія зараз атрымліваюць яе са свідравіны лясгаса. На жаль, работы, што вядуцца спецыялістамі УП “Лепельводаканал”, ідуць марудна, што стрымлівае работы па асфальтаванні вуліц, пракладцы тратуараў.

 Новае аблічча з’явіцца ў цэнтральнай плошчы гарпасёлка. У народзе яе называюць Кірмашовай, аднак менавіта тут праводзяцца афіцыйныя мерапрыемствы з нагоды дзяржаўных святаў, тут праходзяць масавыя гулянні. На плошчы абуладкуюць стацыянарную сцэну, усталююць дзяржаўную сімволіку.

 Вячаслаў Багданаў разлічвае, што Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі таксама здзейсніць свой намер і правядзе рамонт пераезда. Як ніяк, ён самы працяглы ў краіне, але і самы нязручны для транспартнага руху.

 Работы, што вядуцца ў Багушэўску, трымаюцца на кантролі не толькі мясцовым сельвыканкамам. З будаўнікамі рэгулярна праводзяцца вытворчыя нарады, у тым ліку, з удзелам Васілія Чарадніка. Старшыня райвыканкама ледзь не штодня бывае на будаўнічых аб’ектах, што гарантуе якасць і тэмпы работ.

 Аляксандр ІЎЕЎ.