НАВАГОДНІ ЗВАРОТ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі да беларускага народа 31 снежня 2010 г.

Дарагія сябры!

 У гэтыя хвіліны адыходзячага года я перш за ўсё хацеў бы звярнуцца да абсалютнай большасці беларускага народа. Менавіта дзякуючы вам я маю ўнікальную магчымасць у гэтыя хвалюючыя імгненні гісторыі ўвайсці ў дамы беларусаў, у вашы сем’і з віншаваннямі і пажаданнямі міру і дабра.

 Свае віншаванні я таксама адрасую нашай меншасці. Вы павінны ведаць: вас успрымаю як неад’емную частку нашага грамадства, са сваімі мэтамі, поглядамі і імкненнямі. Вы маеце свой пункт гледжання, асаблівае разуменне светаўладкавання і развіцця нашай краіны. Гэта ваша права, якое адняць у вас ніхто не можа.

 Але вы павінны ведаць: ваша меркаванне нам не абыякава. І мы разам з пераважнай большасцю нашага народа будзем змагацца за вас, вашы погляды. Мы будзем шукаць шляхі да вашых розумаў і сэрцаў, таму што інакш немагчыма аб’яднаць грамадства, захаваць краіну і вырашыць задачы, якія стаяць перад намі.

Адыходзіць у гісторыю 2010 год. Літаральна прамільгнула першае дзесяцігоддзе новага XXI стагоддзя. Гэтыя гады, я ўпэўнены, былі асаблівымі і непаўторнымі ў нашым развіцці.

 Галоўным вынікам апошніх дзесяці гадоў стала стварэнне асноў нашай дзяржаўнасці, станаўленне нацыі, развіццё маральна здаровага грамадства, фарміраванне магутнага эканамічнага фундамента краіны, умацаванне надзейнай сістэмы нацыянальнай бяспекі, прызнанне аўтарытэту Беларусі на міжнароднай арэне.

 У гэтыя гады нам выпалі сур’ёзныя выпрабаванні.

Перш за ўсё нас выпрабаваў на трываласць прыўнесены звонку фінансава-эканамічны крызіс. Другім выпрабаваннем устойлівасці нашай дзяржавы стала праве­дзе­ная выбарчая кампанія. Асобныя сілы паспрабавалі выкарыстаць яе, каб разладзіць краіну.

Але дзякуючы менавіта вашай трываласці, мужнасці і разважлівасці мы справіліся з выклікамі новага стагоддзя! Мы адстаялі сваю незалежнасць і невялікі кавалак зямлі ў цэнтры Еўропы, імя якому — Беларусь. Гэта зямля нашых продкаў, на якой жыць нашым дзецям!

 Дарагія беларусы!

 Перад намі доўгі шлях барацьбы і стварэння. Мы павінны не толькі выстаяць, мы павінны ўзняць нашу Беларусь да вышынь цывілізацыі. І ў гэтым можам разлічваць толькі на сябе!

 Шчаслівая будучыня беларускага народа залежыць ад вытрымкі, упартасці, настойлівасці і працавітасці кожнага з нас. Нам неабходна пераламаць у саміх сябе правінцыяльны комплекс «маленькага народа» і ўсвядоміць сябе нацыяй, якая вырашае не толькі свае задачы, але і фарміруе аблічча Еўропы!

 Мы паставілі перад сабой амбіцыйныя мэты:

стаць развітой еўрапейскай краінай, у якой камфортна жыць людзям;

сфарміраваць новае аблічча беларускай эканомікі, заснаванай на перадавых ведах і тэхналогіях;

увайсці ў лік першых пяцідзесяці краін свету па індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу.

 Я ўпэўнены, мы гэтыя задачы вырашым. Таму што мы — народ-працаўнік, народ-стваральнік!

 Дарагія суайчыннікі!

 Пераступаючы парог 2011 года, нехта з вас засумуе, змахнуўшы слязу, нехта злосна махне рукой услед адыходзячаму году…

 Але як бы мы да яго не ставіліся, гэта быў наш год — і яго з нашага жыцця не выкрасліш. Давайце пажадаем адыходзячаму году шчаслівай дарогі ў гісторыю. Давайце глядзець наперад, у будучыню.

 Я жадаю вам, вашым родным, блізкім, вашым дзецям шчаслівай будучыні.

 Здароўя і даўгалецця нашым старым, усмешак дзеткам.

 Поспехаў і натхнення, новых адважных здзяйсненняў творчым людзям, усёй нашай інтэлігенцыі.

 Асаблівая, сардэчная ўдзячнасць рабочаму і селяніну за самаадданую сумленную працу. Вы — соль зямлі нашай.

Нізкі паклон людзям у пагонах, адданых свайму абавязку, якія заўсёды гатовы абараніць заваёвы Айчыны.

 Моладзі жадаю быць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, знайсці правільную дарогу ў жыцці.

 Я хачу пажадаць усім, каб вашы мары здзейсніліся.

 Каб вас сагравала цяпло сямейнай утульнасці.

 Каб у вашых дамах панавала атмасфера спакою, згоды, шчырасці і дабрыні.

 Каб работа прыносіла поспех, задавальненне і ўдзячнасць людзей.

 Пажадаем адзін аднаму міру, дабра і шчасця.

 Няхай любоў і дабрабыт жывуць у кожнай сям’і.

 З Новым годам, дарагія сябры!