Выпускников Сенненской школы-интерната заинтересовали необычными профессиями

З вучнямі выпускных класаў Сенненскай школы-інтэрната сустрэліся ўдзельнікі прафарыентацыйнага праекта БелГАЗаўтасэрвісу “Я раскажу дзецям”.  

 

Аб незвычайных для нашай глыбінкі прафесіях старшакласнікам расказалі стыліст, кіраўнік студыі “Grimerka.by” Лаліта Угуран-Туміловіч; майстар па дрэву і металу, уладальнік прыватнай майстэрні Віталь Валошын; саўладальнік і кіраўнік партала “Holiday.by”, аўтападарожнік, блогер, выкладчык кафедры міжнароднага турызму факультэта міжнародных зносін БДУ Андрэй Барашка; мотамеханік, уладальнік мотамайстэрні Канстанцін Дубаневіч; сузаснавальнік і дырэктар кампаніі “РедБраер”, якая займаецца лагістыкай чыгуначных перавозак, Вольга Аксюцік.

З асаблівай цікавасцю ўспрынялі старшакласнікі выступленне майстра па рабоце з дрэвам і металам Віталя Валошына, які паказаў, як можна з дапамогай розных прыстасаванняў і агню шыкоўна апрацоўваць дрэва, нават ствараць карціны. Апошнім са школы выехаў мотамеханік Канстанцін Дубаневіч. Хлопцы абступілі яго байк і доўга задавалі пытанні. Некаторым нават удалося праехаць разам з кіроўцам па школьным двары.

 Акрамя таго, у час прафарыентацыйнай сустрэчы вучні прымалі актыўны ўдзел у розных конкурсах, стваралі сваімі рукакмі калажы. Іх увазе былі прадстаўлены прэзентацыі. Выхаванцы школы атрымалі запрашэнне прыняць удзел у конкурсе лістоў “Мая стажыроўка мары”.

 Таццяна Буракова.

Фота прадастаўлена Сенненскай школай-інтэрнатам.