Іх прафесія — дапамагаць людзям!

Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Сенненскага райвыканкама Ганна Гарбачова (на здымку) працуе з 1984 г. Займалася прызначэннем пенсій і дапамог, а  з 2003 г. яна — галоўны спецыяліст па працы, заработнай плаце аддзела сацыяльна-працоўных адносін. Так што, калі ўзніклі нейкія праблемы на працы, якія звязаны, скажам, з пераводам на іншую пасаду, прадаўжэннем кантракта, прадастаўленнем чарговага працоўнага водпуску, звяртайцеся да Ганны Іванаўны. Яна дасць вам самую грунтоўную кансультацыю. Як-ніяк адукацыю жанчына атрымала па спецыяльнасці «правазнаўства і ўлік у сістэме сацыяльнага забеспячэння». А за гады працы яе кваліфікацыя пастаянна  павышалася, пра што сведчаць неаднаразовы ўдзел у конкурсе «Лепшы па прафесіі», які рэгулярна праводзіцца камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, Падзяка ад старшыні названай структуры, Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта, якімі Ганна Гарбачова ўзнагароджана ў 1997 і 2006  гадах.

 

Свой працоўны шлях Ларыса Камандышка (на здымку) пачынала ў Віцебску, у камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, куды маладога спецыяліста накіравалі пасля заканчэння Мінскага фінансава-эканамічнага тэхнікума. Праўда, праз некаторы час ёй прапанавалі перавод у Сянно, дзе   адчуваўся востры дэфіцыт на спецыялістаў яе профілю, — пагадзілася без асаблівых ваганняў. З таго часу, вось ужо 31 год,  так і працуе ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

 У тым сваім учынку  Ларыса Валянцінаўна нічога незвычайнага не бачыць. Яе пакаленне  мела іншае, чым  цяперашняя моладзь, выхаванне, на зорную хваробу не хварэла. Сціпла працавалі там, дзе  ў іх была патрэба.

 

Аддзяленне дзённага знаходжання для людзей, якія маюць фізічныя і псіхічныя  адхіленні, працуе з верасня 2009 года. На яго базе створана некалькі гурткоў, у тым ліку пад назвай «Утульны дом». Яго наведвальнікі займаюцца дамаводствам. У прыватнасці, вучацца набываць тавары ў магазіне, абыходзіцца з газавай плітой, кухоннымі прыналежнасцямі.

 — На заняткі прыходзяць амаль усе, хто наведваецца ў цэнтр. У нас добрая матэрыяльная база. Атрыманыя ў гуртку навыкі, уменні  дапамагаюць адчуваць сябе больш свабодна дома, у паўсядзённым жыцці, пры кантактах з іншымі людзьмі, пры наведванні грамадскіх месцаў. Такім чынам, адбываецца сацыяльная адаптацыя хворых лю­­дзей, — тлумачыць Вольга Мікалаева . Яна паспяхова кіруе гуртком з дня яго стварэння.

 Нярэдка гурткоўцы гатуюць нейкую страву. І тады адведаць яе запрашаюць нават родных.

 — Дэгустацыя нашых кулінарных вырабаў нярэдка ператвараецца ў своеасаблівае сямейнае свята, — лічыць Вольга Мікалаеўна. Яна доўгі час працавала выхавальніцай у дзіцячым садку, мае вышэйшую катэгорыю. Вопыт ранейшай работы, магчыма, і дапамагае ёй у цяперашняй працы. Як лічаць калегі  Вольгі Мікалаевай, вырашальнымі  ўсё ж з’яўляюцца яе  асабістыя чалавечыя якасці.

 (на здымку ў час правядзення заняткаў у гуртку)