Да Дня работнікаў сацыяльнай аховы.

Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Сенненскага райвыканкама — гэта шырока разгалінаваная сетка аддзелаў, устаноў, якія  займаюцца рэалізацыяй дзяржаўнай палітыкі ў сферы аплаты і аховы працы, занятасці насельніцтва, выкарыстання працоўных рэсурсаў, дэмаграфічнай бяспекі, пенсійнага забеспячэння, сацыяльнага  абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі.  Сфера дзейнасці ўстаноў з году ў год  пашыраецца, якасць паслуг паляпшаецца.

Структура

 Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сенненскага раёна:

-аддзяленне першаснага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназіравання;

 — аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму;

 — аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання;

 —  аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў аграгарадках Ходцы і Багданава;

 — аддзяленне дзённага знаходжання для людзей з абмежаванымі фізічнымі і псіхічнымі магчымасцямі.

  фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

  Аддзел занятасці насельніцтва.

  Аддзелы пенсій і дапамог.

  Аддзел сацыяльна-працоўных адносін.

 Падтрымка матэрыяльная і маральная

 Аб шматграннай дзейнасці  спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, значнай увазе дзяржавы да  лю­дзей, якія маюць патрэбу ў матэрыяльнай і маральнай падтрымцы, сведчаць і іншыя факты. Па стану на 1 снежня 2010 года ў раёне было зарэгістравана 9492 атрымальнікаў пенсій і дапамог. У тым ліку 8875 пенсіянераў, што складае 34% ад агульнай колькасці насельніцтва. Большая іх частка, 7113 чалавек, ці 80%, пенсіі атрымліваюць па ўзросце, 1500 (17%) з’яўляюцца інвалідамі.

 Дарэчы, мужчын-пенсіянераў у раёне  —   2998 чалавек, жанчын — 5877. Значная колькасць пенсіянераў — 1496 асоб, ці 16,5% , працягваюць працоўную дзейнасць. За 2006 год пенсіянерам выплачаны  пенсіі ў суме 27,4 млрд рублёў, за 2009 — 43,3 млрд, 2010 — 53,3. Сярэдні памер пенсій па стану на 1 снежня мінулага года склаў 550826 рублёў. У параўнанні з 2005 годам ён вырас у 2,5 раза. За апошнія 5 гадоў  пенсіянерамі сталі 2,5 тысячы чалавек.

 Значная частка дзяржаўных сродкаў  выдаткоўваецца  ў выглядзе дапамог. Іх атрымліваюць 110 сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці ва ўзросце да 3 гадоў, 62 — пасля 3. Атрымальнікамі дапамог з’яўляюцца таксама 435 чалавек, якія даглядаюць інвалідаў І групы, асоб, што дасягнулі 80-гадовага ўзросту, дзяцей- інвалідаў да 18 гадоў. Асаблівая ўвага  надаецца сацыяльнай пад­трым­цы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, сем’яў загінулых ваеннаслужачых. Акрамя пенсій,забяспечваецца выплата кампенсацый за нявыкарыстаныя пуцёўкі. Пасля штогадовых абследаванняў умоў пражывання вядзецца работа па задавальненні выяўленых патрэб і запытаў ветэранаў.

 Не застаюцца па-за ўвагай дзяржавы  сталыя і непрацаздольныя грамадзяне. Ім таксама аказваецца матэрыяльная падтрымка. У 2007 годзе яе выкарысталі больш за 220 чалавек, у 2009 — 302, за 11 месяцаў 2010 года — 310. Сума выплат за мінулы год склала больш за 20 мільёнаў рублёў.

 Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне валодае шырокай інфармацыяй,  важнай і цікавай не толькі для дзяржавы, улады, але і ўсяго грамадства. Сфарміраваны банк даных пра жанчын, якія ад­зна­чаны ў конкурсе «Жанчына года Віцебшчыны», лаўрэатаў прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі, узнагароджаных ордэнам Маці. Гэтая інфармацыя пастаянна абнаўляецца і папаўняецца.

Дапамога  адрасная і канкрэтная

 Рэалізуючы Указ Прэзідэнта «Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе», упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў перыяд з 2007 па снежань 2010 года прыняло да разгляду 878 зваротаў грама­дзян. Толькі ў мінулым годзе  дапамогу атрымалі 209 сем’яў (610 чалавек) на суму 175 млн рублёў. За перыяд дзеяння Указа выплачана, у тым ліку ў выглядзе дапамог па аплаце тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, 399 млн рублёў.

 Заработная плата ў большасці арганізацый выплачваецца ў тэрміны, устаноўленыя калектыўнымі дагаворамі. Аднак за часткай прадпрыемстваў, у тым ліку аграпрамысловага комплексу, устаноўлены дадатковы кантроль. Адсочваецца выкананне сацыяльна-эканамічных паказчыкаў і перш за ўсё — па росту заработнай платы, разглядаюцца пісьмовыя і вусныя звароты сенненцаў па пытаннях парушэння  заканадаўства аб працы і яго правапрымянення.Аказваецца неабходная дапамога ў вырашэнні  ўзнікшых непаразуменняў.

 У раёне дзейнічае праграма па паляпшэнні ўмоў і аховы працы. У выніку яе рэалізацыі зменшылася запыленасць, загазаванасць і г.д. 569 рабочых месцаў. Пачынаючы з 2005 года наглядаецца зніжэнне агульнай колькасці выпадкаў вытворчага траўматызму (з 16 да 6). Праўда, не паменшылася колькасць цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Яна вагаецца ў межах ад аднаго да трох выпадкаў. За апошнія шэсць гадоў на вытворчасці загінула тры чалавекі. У апошнія два гады смяротных выпадкаў не зарэгістравана.

 Не менш важна, што ў раёне дасягнуты поспехі і ў такой сферы, як зніжэнне беспрацоўя. Толькі ў мінулым годзе на Сенненшчыне з’явілася больш тысячы новых рабочых месцаў. Працаўладкаваннем беспрацоўных органы ўла­ды займаюцца даўно і грунтоўна. Як вынік мэтанакіраванай працы са снежня 2006 года па лістапад 2010 года працоўныя месцы атрымалі 2330 беспрацоўных. Многія з іх (334 чалавекі) прайшлі прафесійную перападрыхтоўку. На іх вучобу патрачана 439 млн рублёў. Група беспрацоўных атрымала субсідыі, займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Абслугоўванне і аказанне паслуг асобам і сем’ям, якія маюць патрэбу  ў дапамозе, з’яўляецца сферай дзейнасці работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра  сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і яго шматлікіх аддзяленняў. Самай запатрабаванай з’яўляецца сацыяльная дапамога на даму. Ёй карыстаюцца 387 чалавек. Большая частка гэтых людзей, 65,3%, жывуць  ў сельскіх населеных пунктах. Паслугі  аказваюць 75 сацыяльных работнікаў, якія займаюцца пакупкай і дастаўкай на дом прадуктаў харчавання і прамысловых тавараў першай неабходнасці, дапамагаюць прыгатаваць ежу, прыбраць у жылых памяшканнях, забяспечыць палівам, вадой. Выпаліць у печы, аплаціць камунальныя паслугі, дапамагчы  напісаць пісьмо сыну, які наведвае маці раз у пяць гадоў, аформіць неабходныя дакументы, аказаць дапамогу ў вырашэнні пытанняў сацыяльных выплат, атрымання юрыдычных кансультацый — усё гэта таксама сфера дзейнасці сацыяльных работнікаў, якія  займаюцца абслугоў­ваннем на даму састарэлых людзей.

 Грамадства старэе, патрэба ў сацыяльнай дапамозе ўзрастае. У 2010 годзе ў аддзяленне сацыяльнай дапамогі звярнуліся 924 чалавекі, 4 з іх зараз знаходзяцца ў доме-інтэрнаце, 20 — у аддзяленнях кругласутачнага знаходжання.

 Яшчэ больш паслуг аказвае аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання. Дапамога малазабяспечаным, непрацаздольным, адзінокім пенсіянерам аказваецца платна. Але  распілаваць, пакалоць, скласці дровы, перанесці брыкет, вугаль, зрабіць рамонт дома ці кватэры, пасадзіць і выкапаць бульбу, нарыхтаваць іншую гародніну на зіму, іншыя паслугі — усяго 58 — каштуе для пенсіянераў вельмі танна. Так што супрацоўнікі аддзялення без  справы не бываюць ні дня.

 З 2005 года ў Ходцах, а з 2010 года  ў Багданаве працуюць аддзяленні кругласутачнага знаходжання. У іх жывуць 50 чалавек. Затраты на ўтрыманне адной асобы складаюць 724 тыс. рублёў у месяц. Яны маглі б быць яшчэ вышэйшымі, калі б не  вырашчаная намаганнямі супрацоўнікаў аддзяленняў агародніна. Частка яе кансервуецца і выкарыстоўваецца, каб разнастаіць  харчаванне сталых лю­дзей.

 Запатрабаванымі аказаліся паслугі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў. Сюды наведваюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі не толькі з Сянно, але і з іншых населеных пунктаў раёна. У асобным памяшканні знайшло­ся месца для работы пяці гурткоў, клуб «Надзея». Такім чынам аказваецца дапамога ў сацыяльнай адаптацыі не толькі інвалідам. Падтрымку, разуменне тут знаходзяць сем’і, у якія прыйшло гора, сталыя людзі. Дзейнасць тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва грунтуецца на дзяржаўным фінансаванні, на ўзаемадзеянні розных дзяржаўных і грамадскіх структур. Сацыяльныя работнікі вучацца, дзеляцца вопытам дзякуючы «Школе сацыяльнага работніка». Заняткі ў ёй праходзяць раз у квартал. На іх рэгулярна запрашаюцца спецыялісты, супрацоўнікі ЦРБ і РЦГЭ, РАУС і РАНС, святары, актывісты БРСМ. Цэнтр атрымлівае дапамогу ад замежных фондаў, мясцовых фундатараў, у якасці якіх выступаюць дзяржаўныя прадпрыемствы і фермеры, прыватныя асобы. Работнікі, занятыя ў сацыяльнай сферы, не стаяць убаку ад  грамадскага жыцця. Яны аказваюць дапамогу сельгасарганізацыям, пастаянна ўдзельнічаюць у суботніках, падтрымліваюць розныя фонды, гатовы дапамагчы іншым установам і арганізацыям. Людзі шырокай душы не могуць стаяць убаку ад агульных праблем грамадства і дзяржавы, ад праблем асобна ўзятага чалавека.