Галоўная якасць фінансіста — сумленне!

Не сустрэцца напярэдадні прафесійнага свята фінансіс­таў і работнікаў банкаўскай сферы з Марыяй Іванаўнай Сінкевіч мы проста не маглі. З 80 гадоў свайго жыцця больш чым 35 яна аддала працы ў фінансавых органах райвыканкама. Пачынала інспектарам, а на пенсію пайшла з пасады начальніка фінансавага аддзела ў канцы 1986 года, адпрацаваўшы на пасадзе кіраўніка больш за 10 гадоў.

 — Старшынёй райвыканкама працаваў тады Мікалай Фёдаравіч Дамашкевіч, — успамінае Марыя Іванаўна.  — Строгі быў, а галоўнае, заўжды рэагаваў адпаведна на нашы  дакладныя запіскі.

 Мая субяседніца добра памятае тых людзей, якія ўзначальвалі раённую выканаўчую ўладу на Сенненшчыне: Бармінскі, Бураўцава, Маханькоў, Стук. Першымі сакратарамі райкама партыі працавалі Жураўкоў, Радзец­кі, Храмчанка. У кожнага з іх быў свой характар, шырокія паўнамоцтвы. Але раённымі фінансамі яны распараджаліся строга па закону, на падставе дакументаў, якія прымаліся сесіяй раённага Савета дэпутатаў. Кантралявалі законнасць расходвання сродкаў, у тым ліку ў бюджэтных арганізацыях, сельскіх Саветах, калгасах, работнікі фінансавага аддзе­ла. Часта бывалі ў камандзі­роўках, бо даводзілася яшчэ збіраць і падаткі.  У аддаленыя гаспадаркі  дабіраліся на спадарожных машынах, пехатой праз лес, у завею.  — Працаваць было складана. Аднак кваліфікаваных спецыялістаў у райфінаддзеле хапала. Многія мае калегі былі накіраваны ў іншыя арганізацыі і ўстановы, — успамінае Марыя Іванаўна. — А галоўнае, яны паспяхова там працавалі: Васіль Іванавіч Якубовіч — у КБА і райсабесе, Віктар Васільевіч Бандарэвіч — у Дзяржстраху.  У фінаддзеле пачыналі працоўны шлях Рыгор Віктаравіч Кучынскі, які потым узначальваў раённы аддзел міліцыі, працаваў ва ўпраўленні ўнутраных спраў аблвыканкама; Георгій Сцяпанавіч Міхасёў да выхаду на пенсію ўзначальваў  АБЭЗ Сенненскага РАУС.

 Пералік прозвішчаў працягваецца. І за кожным — асоба, прафесіянал з вялікай літары: А.К. Якубовіч, К.М.Станкевіч, В.М.Вярцейка,М.Ф. Пронька, Л.І.Пронька. На жаль, многія — В.С.Прыстаўка, Н.Ф.Семянько, М.І.Кучынскі, М.Р.Каржыцкая — пайшлі з жыцця. Аднак пасеянае імі прарасло, прыносіць плады і зараз.

  — Шукаць, падбіраць лю­дзей, якія вырастуць у спецыялістаў, трэба са школы. Не хвалюся, але менавіта я ў выпускным класе СШ№1 заўважыла Юлію Георгіеўну Зязюліну, цяперашняга начальніка фінаддзела райвыканкама, пагаварыла з ёй, запрасіла зайсці пасля таго, як атрымае атэстат. Фінансавы аддзел райвыканкама даў ёй накіраванне для паступлення на вучобу ў вышэйшую навучальную ўстанову, бо я паверыла ў яе. А былі выпадкі, калі  ў накіраванні на вучобу  даводзілася адмаўляць, — мая субяседніца, нягледзячы на  спецыфі­ку прафесіі, у сваіх  успамінах перавагу аддае  людзям, з якімі працавала, а не лічбам. Таму,  лагічна, у нашай размове ўзнікае пытанне пра якасці, неабходныя чалавеку  для таго, каб паспяхова працаваць у фінансавай сферы. Нечакана для мяне Марыя Іванаўна на першае месца паставіла сумленнасць і карпатлівасць.

 Яна даўно жыве адна. Жыве ў доме, які некалі  ў шэрагу іншых “выбіла” для фінаддзела, каб замацаваць спецыялістаў.

  Здабыць для арганізацыі, установы сродкі на будаўніцтва жылля ў тыя гады можна было без асаблівых праблем, знайсці падрадчыка — куды складаней. Аб’ёмы будаўніцтва былі такія, што дзяржаўныя прадпрыемствы не паспявалі іх асвойваць. А тут  яшчэ “мода” на зборна-шчытавыя дамы барачнага тыпу.

 Адстаяць права будаваць асобна кожны дом  удалося. А вось месца будаўніцтва так і засталося ранейшым — у балоце на вуліцы Міра. Нават зараз у яе голасе адчуваюцца прыкрасць і непаразуменне. Не таму, што сама пражыла тут многія гады. Шкада, бо грошы выкарысталі бяздарна, шкада, бо зямлі  ў нашай краіне хапае.

 Марыя Іванаўна на жыццё не скардзіцца. Аднак адчуваецца, што ў 80 гадоў жыць адной не так і проста, нават тады, калі пра цябе не забываюць ні дзеці, ні ўнукі, наведваюцца былыя саслужыўцы. У апошнія гады яна карыстаецца паслугамі сацыяльнага работніка. Зімой найчасцей просіць, каб прынеслі вады, расчысцілі двор ад снегу.  Вялікая палёгка наступі­ла, калі ў доме з’явіўся прыродны газ.

 За кубкам кавы наша размова працягваецца. Падсумоўваючы яе баланс, Марыя Іванаўна па-ранейшаму ацэньвае не столькі фі­нан­сы, эканоміку, колькі  лю­дзей, чалавечы фактар, які працуе ў фінансавай сферы.

  — Час, на які прыйшліся мае працоўныя гады, не быў ідэальным. Грошай  у бюджэце быццам бы і хапала, але хапала і праблем. Ёсць, мабыць, праблемы ў фінансістаў цяперашняга пакалення. У адным я ўпэўнена —  грошы, матэрыяльныя  рэсурсы, колькі б іх не было, павінны выкарыстоўвацца эфектыўна. Толькі тады жыццё лю­дзей будзе дастойным. А яшчэ, карыстаючыся выпадкам, я хацела б павіншаваць сенненскіх фінансіс­таў з прафесійным святам, з Новым годам. Здароўя вам, шчасця, поспехаў у працы.

 І раптам мне стала зразумелым, чаму для чалавека  больш важнымі з’яўляюцца не фізіялагічныя якасці накшталт добрай памяці, добрых ведаў у сферы матэматыкі, а маральныя — сумленнасць, чалавечнасць.

Аляксандр Лазюк.