Ад камерцыйных арганізацый — органам сацыяльнай абароны
У адпаведнасці з арт. 27 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 2010 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» зменены парадак прызначэння дзяржаўных дапамог на дзяцей асобам, якія працуюць у камерцыйных арганізацыях, у тым ліку ў індывідуальных прадпрымальнікаў, прыватных натарыусаў, з сярэдняй колькасцю работнікаў за каляндарны год да 15 чалавек уключна. Змяненне парадку прызначэння не распаўсюджваецца, аднак, на спажывецкія кааператывы, таварыствы ўласнікаў, грамадскія аб’яднанні, іншыя некамерцыйныя арганізацыі. У сувязі з гэтым мы сустрэліся з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Васілём Васілёнкам і мелі з ім гутарку.
—Васіль Іосіфавіч, з якога часу дапамогі на дзяцей асобам, якія працуюць у вышэйназваных арганізацыях, будуць прызначацца і выплачвацца вашай установай?
— Заўважу адразу, за снежань 2010 года атрымальнікі дапамог выплаты атрымаюць у сваіх работадаўцаў. А вось з 1 студзеня 2011 года грошы будуць выплачвацца ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У нас будуць здзяйсняцца прызначэнне і выплата наступных відаў дзяржаўных дапамог: у сувязі з нараджэннем дзіцяці; жанчынам, якія становяцца на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці; па догляду за дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў; на дзяцей старэй 3 гадоў.
А вось дапамогі ў сувязі з часовай непрацаздольнасцю (па догляду хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў, па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, пры санаторна-курортным лячэнні дзіцяці-інваліда), а таксама дапамога па цяжарнасці і родах, як і раней, прызначаюцца работадаўцам.
— Сацыяльныя дапамогі выплачваюцца на падставе дакументаў. У сувязі са зменамі, пра якія вы казалі, людзям давядзецца прайсці нялёгкую бюракратычную працэдуру, каб аформіць неабходную дакументацыю?
— Дакументы на выплаты, якія вяліся ў камерцыйных арганізацыях, ужо аформлены. Арыгіналы дакументаў трэба перадаць нам, пакінуўшы сабе копіі. А вось на выплаты з новага года дакументы будуць афармляцца ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
— Змяніліся толькі месца прызначэння і месца выплаты дапамог на дзяцей?
— Зменены дзень узнікнення права на дапамогу па догляду за дзіцяці-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў. З 10 снежня 2010 года днём узнікнення такога права з’яўляецца для непрацуючых і не атрымліваючых пенсіі асоб, якія даглядаюць дзіцяці-інваліда, дзень устанаўлення інваліднасці дзіцяці; для асоб, якія знаходзяцца ў водпуску па догляду за дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў, — дзень устанаўлення дзіцяці інваліднасці ў перыяд такога водпуску альбо дзень прадастаўлення водпуску па догляду за дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, калі інваліднасць была ўстаноўлена раней. Гэты від дапамогі прызначаецца і выплачваецца органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
Зменены таксама памер дапамогі па догляду за дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў аспірантам і дактарантам. У сувязі з тым, што гэты аспект закона неактуальны для жыхароў нашага раёна, дакладна пра змены я казаць не буду. Пры неабходнасці людзям трэба звяртацца канкрэтна да нас, ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Гутарыў Л.Іўеў.