Сенненцы Сергей и Людмила Прокоповичи остались верные родной земле  

Пракаповіч, Галынчык. Звыклыя для Сенненшчыны прозвішчы. Больш кампактна іх носьбіты жывуць у Новым Сяле, Сінягорскім, яны з пакалення ў пакаленне працуюць у мясцовай сельгасарганізацыі. Без гучных слоў аб патрыятызме застаюцца вернымі зямлі, вызначанай для іх лёсам.

— Нас у бацькі было пяцёра. Чацвёра выбралі працу ў сельскай гаспадарцы, — успамінае Сяргей Пракаповіч, механізатар ААТ “Сінягорскае”. – Я не ведаю, як іншыя вызначаліся з будучай прафесіяй, месцам жыхарства, але, калі скончыў школу я, бацька паклікаў мяне і сказаў: “Выбірай, у горад паедзеш, ці тут застанешся? Я і выбраў вёску…”

 Жонка Сяргея Васільевіча Людміла Пракаповіч, якая прысутнічала пры нашай размове, пачуўшы гэтыя словы, не ўтрымалася:

 – Кажы ўжо як было! Мяне ты выбраў, а не вёску…

 Так ці гэтак было, аднак Сяргей і Людміла ўсё сваё жыццё прысвяцілі працы ў сельскай гаспадарцы. Пачыналі ў калгасе імя Будзённага, працавалі ў СВК “Сінягорскае”, зараз працуюць у аднайменным адкрытым акцыянерным таварыстве. Працавалі і працуюць, трэба сказаць, сумленна. За высокія надоі партрэт Людмілы Уладзіміраўны ў 2017 годзе быў занесены на раённую Дошку гонару. Ды і ў іншыя гады каровы, якія яна даіла, даглядала, вызначаліся высокай прадуктыўнасцю. Ніколі не падводзіў калег Сяргей Васільевіч, які заняты абслугоўваннем дойнага статку сельгасарганізацыі. У пашавы перыяд своечасова падвязе на поле ваду, без спазненняў запусціць рухавік даільнай устаноўкі, перацягне карыта. Зімой — іншая праца, і заўжды яна выконваецца дакладна і ў тэрмін. І ў гэтым увесь рэцэпт высокіх вытворчых вынікаў.

 — Каб карова давала малако, яе трэба своечасова тры разы ў суткі даіць, — такі сакрэт поспеху ў Людмілы Пракаповіч. На жаль, у наш час так вось працуюць далёка не ўсё вяскоўцы. І таму ў Пракаповічаў ёсць тлумачэнне. Сумленная праца ў сельскагаспадарчай вытворчасці апошнім часам матэрыяльна слаба стымулюецца. За аснову ўзяты прынцып мінімальнай аплаты, які на руку тым, хто працаваць лянуецца.

 Не стымулюе ён і да жыцця ў вёсцы. У Пракаповічаў дзве дачкі. І абедзве яны жывуць і працуюць у райцэнтры.

 У Сяргея і Людмілы ў Сінягорскім дом, які з’яўляецца ўласнасцю сельгасарганізацыі, на падворку — хатняя жыўнасць, у тым ліку карова.

 — Як без яе, у нашай сям’і ўсе малако, смятану любяць. Зноў жа – дадатковыя паступленні ў сямейны бюджэт, — разважае Людміла Пракаповіч. — А хіба малочныя прадукты з уласнага падворка параўнаеш па смаку з магазіннымі? — кажа яна, пакуль гладзіць па галоўцы ўнучку.  Дзяўчынка – галоўны дэгустатар прадукцыі з дзядулевага падворка.

 Жыццё ў сельскай мясцовасці, безумоўна, мае свае перавагі. Аднак павышэнне інтэнсіўнасці працы ў значнай ступені іх  нівеліруе. Зрэшты, вось што пра гэта думаюць нашы героі.

 — Нашы бацькі таксама шмат працавалі, можа нават больш чым мы. Тым не менш гэта не ператварыла іх у песімістаў, яны вызначаліся добразычлівасцю, гуманнасцю ў стаўленні да людзей, у іх былі іншыя падыходы да выхавання дзяцей, — лічыць Сяргей Пракаповіч. — Бацька працаваў у калгасе вадзіцелем. Вазіў спачатку старшыню на службовым легкавіку, потым перасеў за баранку грузавіка. Пасля ДТЗ выконваў іншыя работы. Маці ўсё жыццё працавала ў паляводстве. Але яны заўжды знаходзілі час, каб пагутарыць з намі, ніколі не праходзілі міма чалавека, які меў патрэбу ў дапамозе.

 — Гэта сапраўды быў іншы час чым зараз. У людзей сапраўды былі іншыя прынцыпы, іншыя адносіны да працы, — пагаджаецца Ніна Галынчык, сястра Сяргея Пракаповіча. З 1992 года яна працуе начальнікам комплекса ААТ “Сінягорскае”,  дзе наладжана вырошчванне і адкорм буйной рагатай жывёлы. А таму добра ведае, пра што кажа. На яе думку маральныя прынцыпы, адносіны да працы фарміруюцца ў сям’і.

 — Калі дзіця з дзяцінства мае абавязкі, калі яно вучыцца клапаціцца пра братоў, сясцёр, абавязкова вырасце добрым чалавекам.

 Такі вывад жанчына робіць не толькі зыходзячы з уласнага досведу. Яе муж, Аляксандр Галынчык, таксама вырас у шматдзетнай сям’і. А сёння ён адзін з тых механізатараў ААТ “Сінягорскае”, на якім трымаецца раслінаводчая вытворчасць…

 Для аўтара публікацыі было вялікім здзіўленнем усё гэта пачуць ад людзей, пастаянна занятых цяжкай фізічнай працай. Але прыемна, бо сведчыць аб маральным здароўі нашага грамадства, донарамі якога ва ўсе часы былі галоўным чынам сяляне.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

На здымку:  (справа налева) Сяргей Пракаповіч з унучкай Аняй, Ніна Галынчык, Людміла Пракаповіч, дачка Таццяна і зяць Андрэй Кіслякоў.