Святкуем Каляды па-беларуску!

Само слова «каляды» паходзіць ад лацінскага calendae, «календы» —  назвы першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў  і «каляндар»), а таксама ад старажытнай назвы сонечнага дыску. У мiнулыя часы святкаванне Калядаў мела дакладную прывязку да руху Сонца. У ноч з 24 на 25 снежня святло атрымлiвала першую прыкметную перамогу — дзень пачынаў павялiчвацца. З прыходам хрысціянства Каляды суаднеслі з рэлігійным святам Ражства Хрыстова. Любімыя народам вяселыя традыцыі былі крыху зменены на царкоўны лад. Але магічны сэнс свята, багаты стол, падарункі, паходы ў госці адзін да аднаго, маскарад, містычны дух нараджэння новага, таямніцы ды казкі так і засталіся з намі па сённяшні дзень.

Падрыхтоўка

да святаў

 Да Калядаў адказна рыхтаваліся. Прыбіралі хату, убі­ралі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рамантавалі гаспадарчыя будынкі на падворку, шылі новае адзен­не, абавязкова мылі­ся ў лазні. Новы год і новае сонца непрыгожа сустракаць з непарадкам у гаспадарцы ці ў душы. Замест звычайнай у нашыя дні навагодняй яліны асноўным упрыгажэннем жылля таго часу быў сноп збожжа, які ўносілі ў хату ў першы калядны дзень і трымалі там да апошняга. Замест снапа магла быць і саламяная лялька, якая ўвасабляла сабой нованароджаны год. На Каляды нельга было рабіць ніякую працу, ані ткаць, прасці, нарыхтоўваць дровы — можна было толькі весяліцца, каб падтрымаць сілы святла сваім настроем ды запалам. Працягваліся каляды прыкладна 2 тыдні, да Велесава дня, які прыходзіўся на 6-7 сту­­дзе­ня па сучасным стылі.

Калядны

стол

 Асаблівае месца адводзілася абрадаваму сталу і святочным стравам. Стол, вядома, павінен быць багатым, каб наступным годам мець добры ўраджай і здароўе дзеля людзей і жывёл. Пад абрус клалі сена. Пасля вячэры яго скормлівалі каровам, што павінна было зберагчы іх ад ваўкоў і паспрыяць павелічэнню надояў малака. У кожнай, нават самай беднай, хаце  даставалі з схованак мяса ды каўбасы, сала, арэхі, яблыкі, мёд. Ад галоўнай стравы калядаў — куцці (ячневая каша з дабаўленнем мёду, арэхаў, скварак) — узялі назву тры абавязковыя святочныя вячэры. У першы дзень ла­дзі­лася «посная куцця» — на стале былі стравы з рыбы, гародніны, грыбоў, сушанай садавіны, мёду, і, вядома, тая самая ячневая каша-куцця з мёдам. Варылі яе таксама незвычайна: а другой гадзіне ночы старэйшая жанчына ў сям’і ішла ў свіран за зернем, старэйшы мужчына — па ваду. Ваду і зерне нельга было чапаць да таго моманту, як будзе гатова печка. Куцці надавалася асаблі­вае, магічнае значэнне, яна павінна была надаваць усім здароўя, моцы, поспеху. Пачынаў вячэру гаспадар, акрамя таго, за стол так ці інакш запрашаліся ўсе продкі. Рэшткі куцці падкідвалі пад столь, каб ячмень наступным годам урадзіў высокі. Пасля гэтага крупы скормлівалі хатнім птушкам. На асобнай талерачцы была і каша для Зюзі, зімовага бога, каб улагодзіць яго, бо маразы ў перыяд каляд былі, бадай, самымі моцнымі за ўсю зіму. Традыцыя ставіць на Новы год за акно талерачкі з зернем захавалася ў некаторых краінах і па сёння.  Другая куцця, тоўстая, багатая, шчодрая, ладзілася праз тыдзень, па часе супадала з сучасным новым годам. Як выні­кае з назвы, у гэты вечар на стале былі розныя стравы з мяса  — варанае, смажанае, печанае, каўбасы, вяндліна, куцця са скваркамі. Трэцяя куцця прыходзілася на канец святочнага тыдня, Велесаў дзень, звычайна 6 студзеня па сучасным стылі і называлася “вадзяная”. Магчыма, такую назву яна атрымала пазней, ужо ў хрысціянскія часы, таму што супадала з царкоўным святам вадохрышча. Але ёсць верагоднасць, што за два тыдні святкавання ды набівання страўнікаў, запасы значна памяншаліся, і каша на вадзе – бадай, адзінае, чым можна было частаваць гасцей пад канец Калядаў.

У чароўную

часіну

 Немагчыма ўявіць сабе Каляды без містыкі. У часзімовага сонцастаяння для нашых продкаў адчыняліся дзверы паміж светам жывых і памерлых. Час лічыўся спрыяльным деля ведзьмароў ды нячысцікаў, што насылалі на зямлю траскучыя маразы, а таксама для варажбы, заклёнаў. На Каляды, асабліва ў першы вечар, прынята было збірацца  ўсёй сям’ёй. Запрашалі на святкаванне не толькі жывых членаў радзіны, але і продкаў. Лічылася, што яны разам з усімі садзяцца за стол, і калі спадабаецца ім вячэра – абавязкова “замовяць слоўца” і дапамогуць жывым ва ўсіх справах.

 Адна з самых яркіх традыцый, што дайшлі да сучаснасці, — “калядаванне”. Толькі весялосць, шумнае гулянне могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых з таго свету, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь пераапраналася ў касцюмы, што сімвалізавалі жывёл (мядзведзя, карову, казу, каня, бусла), хадзіла па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага. Гаспадары ж, якіх  наведвалі, давалі ў падзя­ку за абарону ад нячысцікаў розныя прысмакі. Часцей за ўсё арэхі, семечкі, пернікі і печыва, сухафрукты, пазней — цукеркі. Адмовіць калядоўшчыкам у пачастунках азначала пазбавіць сябе дабрабыту на ўвесь наступны год. І сёння захаваўся звычай ладзіць маскарад на новы год, абменьвацца падарункамі, вадзіць карагоды.  А яшчэ на Каляды абавязкова вара­жылi. З першай куццёй — на ўраджай, а пасля — на жаніць­бу ды прыплод хатняй жывёлы. Кідалі на дарогу чаравікі, пыталіся імёны, лілі воск у сцюдзёную ваду, а самыя смелыя хадзілі варажыць у лазню.

 Вельмі распаўсюджанымі былі ў гэты час “жартоўныя” жаніцьбы, якія мелі мэтай пазнаёміць моладзь. Прыкладам такога роду гульняў з’яўляюцца аналагі “ручайка”, усемагчымыя “даганялкі” хлопцамі дзяўчат, “баяры”. Вельмі часта здаралася, што складзеныя падчас калядных забаў пары ладзілі сапраўднае вяселле. На працягу калядных тыдняў было прынята хадзіць у госці да родных і сяброў.

 У апошні вечар , на трэцюю куццю, праводзіўся абрад “запісвання” Калядаў. Гаспадар крэйдай маляваў крыжы на ўсіх дзвярах, каб нячыстая сіла не змагла пра­брац­ца ў хату ці хлеў. Так заканчвалася самае вясёлае і любімае нашымі продкамі свята.