Солдат-окруженцев, которые жили в Ульяновичах и окрестных деревнях, в конце 1941 года расстреливали за колхозной кузницей

 

Салдат-акружэнцаў, якія жылі ва Ульянавічах і навакольных вёсках, у канцы 1941 года расстрэльвалі за калгаснай кузняй. Там  жа і закопвалі. Сярод загінуўшых быў Іван Жадан.

-Мой дзядзька сустрэўся з ім непадалёк ад Малога Азярэцка. Галодны, паўраздзеты салдат папрасіў што-небудзь паесці, пераапрануцца. Вясковец запрасіў яго да сябе, так салдат застаўся жыць у вёсцы, — расказаў Пётр Стычынскі, жыхар Сянна.

 Іван, чым мог, дапамагаў вяскоўцам па гаспадарцы. А ў вольную часіну любіў успамінаць даваенную пару. Расказаў, што ён афіцэр, прызываўся на службу з Омска, дзе засталіся бацькі.

 Акружэнцы жылі і ў іншых хатах немцы ведалі пра іх, аднак не чапалі. Сітуацыя змянілася ў канцы восені — пачаліся арышты.

 Фашысты і іх памагатыя з ліку тых, хто перайшоў на бок акупантаў, дзейнічалі жорстка.

  Па звесках жыхароў Ульянавічаў, якія помняць пра расстрэлы, чырвонаармейцаў у апошні шлях нярэдка вадзілі са звязанымі калючым дротам рукамі.

 Пасля вайны родныя Пятра Стычынскага адшукалі бацькоў Івана Жадана, якія на той час нічога не ведалі пра лёс сына, наладзілі з імі перапіску. У адным з  пісьмаў (копія яго ёсць у рэдакцыі, датаваным 1 сакавіка 1947 года), маці загінуўшага піша, што зрабіла запыт у Сенненскі райваенкамат, каб атрымаць інфармацыю пра сына. Аднак адказу яшчэ не было, таму жанчына просіць Івана Кацара “лично переговорить  с военкомом. Конечно, если у вас есть время, и вы бываете в райцентре».

 Як развіваліся падзеі далей у пасляваенны перыяд, невядома. У наш час Пётр Стычынскі зрабіў яшчэ адну спробу знайсці кагосьці з родных Івана Жадана. Ад імя савета ветэранаў Сенненскага раёна Беларускага грамадскага аб’яднання быў накіраваны запыт у адміністрацыю Омскай вобласці Расійскай Федэрацыі. У адказе паведамлялася: “По информации, поступившей из военного комиссариата Омской области, по имеющимся архивным данным Куйбышевского райвоенкомата г.Омска, погибшим в годы Великой Отечественной войны Жадан Иван Иванович не значится. По книгам “Граждан призывного возраста и военнообязанных запаса, призванных в Советскую Армию Куйбышевского райвоенкомата г. Омска в 1938-1939-42 годах” т.2 стр. 30 значится Жадан Иван Николаевич 1918 г.р., призван 4.11.1938 г. В книге “Извещения на погибших в Великой Отечественной войне 1941-1945 г.г.” дело 244, стр. 105 найдено извещение о гибели Жадана Ивана Николаевича. Извещение вручено матери Жадан Пелагеи Николаевне, проживающей по адресу 10-линия , д.56”.

 Менавіта адтуль і прыйшло пісьмо ў 1947 годзе на Сенненшчыну.

 Звесткі пра Івана Жадана ёсць і ў банку даных Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі (АБД “Мемарыял”).

 Іх удалося атрымаць з дапамогай супрацоўнікаў Сенненскага ваеннага камісарыята. У анкеце за № 4870504 паведамляецца, што Іван Жадан нарадзіўся ў 1918 г. у калоніі Мартынаўка Арджанікідзаўскай вобласці. У войска прызываўся Куйбышаўскім РВК г. Омска ў 1938 г. У графе ”званне” значыцца – радавы. Пісьмовая сувязь спынілася ў ліпені 1941 г. Апошняе пісьмо родным было адпраўлена з дарогі.

 Здаецца, атрыманая інфармацыя дае поўнае ўяўленне пра загінуўшага салдата. За невялікім выключэннем. У інфармацыі, атрыманай па даных Міністэрства абароны Расіі, паведамляецца, што Іван Жадан, згодна з пісьмом франтавога таварыша, быў знойдзены забітым. Як зараз зразумела, салдат яшчэ некаторы час жыў у Малым Азярэцку, быў расстраляны ва Ульянавічах.

 Пётр Стычынскі лічыць, што на парадку дня пошукі месца расстрэлу Івана Жадана і іншых чырвонаармейцаў і перапахаванне іх рэшткаў у брацкай магіле. Толькі тады мы зможам сказаць, што зрабілі ўсё, каб захаваць для нашчадкаў памяць пра абаронцаў Айчыны.

Аляксандр ІЎЕЎ.