Дзякуй за свята

У рэдакцыю патэлефанавалі выхаванцы  Багушэўскага інтэрната для дзяцей з псіхафізічнымі адхіленнямі. Маша Васкрасенская, Коля Уласаў, Люба Кальцова, Сяргей Ісакаў займаюцца ў гуртку пад кіраўніцтвам  Вольгі  Вікенцьеўны Давыдзенка, якая навучыла іх вышываць, у тым ліку бісерам. Гурткоўцы не раз былі ўдзельнікамі  розных выстаў. Іх работы адзначаліся  дыпломамі, граматамі. Многія  набыты і сёння ўпрыгожваюць кватэры, службовыя кабінеты беларусаў і замежных грамадзян.

 Нядаўна гурткоўцы ў складзе групы з 25 чалавек пабывалі ў  тэатры  імя Якуба Коласа на спектаклі  “За двума зайцамі” па п’есе Міхайлы Старыцкага ў пастаноўцы Міхася Краснабаева. Спектакль, экскурсія па  святочным горадзе выклікалі  ў хлопцаў і дзяўчат шмат станоўчых эмоцый, якіх хопіць, як мінімум, да наступнай паездкі ў тэатр. А падобныя святы ў жыцці маіх субяседнікаў хоць рэдка, але бываюць. У прыватнасці, крыху раней яны ў тым жа коласаўскім тэатры паглядзелі пастаноўку “Ладдзі роспачы”  Уладзіміра Караткевіча.

 Наведванне тэатра, паездка ў “вялікі свет”, як і заняткі ў гуртку, дапамагаюць  сацыялізацыі інтэрнатаўцаў, пашыраюць іх унутраны свет. Уявіце, колькі новага  ўбачыў, якія эмоцыі перажыў чалавек, для якога сродкам перамяшчэння з’яўляецца інвалідная каляска?!

 Білеты ў тэатр для выхаванцаў  інтэрната не каштавалі ні капейкі. Бясплатна быў прадастаўлены і аўтобус. Такі шчодры падарунак напярэдадні Новага года і Каляд ім зрабіла намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна. Гэта дзякуючы яе намаганням  знайшліся фундатары, якія аплацілі і білеты, і аўтобус.

 — Перадайце Зоі Сцяпанаўне нашы шчырыя падзяку і віншаванні з Новым годам і Калядамі, — прасілі мае субяседнікі.

Л.Іўеў.