Подготовка к II Европейским играм, масштаб которых сравним с Олимпийскими, выходит на завершающую стадию

У маі Віцебшчына прыме эстафету полымя міру, якая стартуе ў Рыме.

 А на днях у абласным цэнтры з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі сустрэліся Аляксей Багдановіч, начальнік упраўлення па камунікацыях і сувязях з грамадскасцю і СМІ фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года”, і Максім Кашкалда, начальнік па маркетынгу, камерцыйных пытаннях і рэкламе (на здымку), якія расказалі, што зроблена, што робіцца, каб спартыўныя спаборніцтвы сталі святам для балельшчыкаў і спартсменаў, каб прадставіць Беларусь у найлепшым свеце.

 Нагадаем, у  спаборніцтвах удзел прымуць звыш 4 тыс. спартсменаў з больш чым 50 краін Еўропы. На працягу 10 дзён яны будуць спаборнічаць у 23 дысцыплінах, змагацца за амаль 200 камплектаў узнагарод. Колькасць акрэдытаваных удзельнікаў гульняў дасягне 18 тыс., валанцёраў — больш за 23 тыс.

 Цікавасць да гульняў павялічвае той факт, што спартсмены на Еўрапейскіх спаборніцтвах атрымоўваюць шанс заваяваць ліцэнзію для ўдзелу ў Алімпіядзе — 2020, якая пройдзе ў Токіо.

 Продаж білетаў стартаваў даўно. Квіткі можна набыць як у касах гульняў,  так і анлайн. На многія фінальныя спаборніцтва па найбольш папулярных відах спорту, такіх як гімнастыка, пляжны валейбол, каратэ яны раскуплены ўжо больш як на 50%. Кошт білетаў даволі дэмакратычны: ад 5 да 50 рублёў.Самыя запатрабаваныя білеты — на цырымонію адкрыцця і закрыцця спаборніцтваў. Праўда, і кошт тут больш высокі: ад 150 да 300, ад 70 да 150 рублёў адпаведна. Прымаюцца калектыўныя заяўкі.

 Арганізатары гульняў паклапаціліся і аб замежных балельшчыках. Набыўшы білеты на спаборніцтвы яны атрымліваюць  магчымасць знаходзіцца без візы ў Беларусі з 10 чэрвеня па 10 ліпеня. Гэты факт успрыняты і ацэнены станоўча. Алімпійскія камітэты некаторых еўрапейскіх краін выказалі зацікаўленасць у арганізацыі для сваіх балельшчыкаў экскурсійных тураў па Беларусі.

 Максімальна камфортна будзе ўсім балельшчыкам. У прыватнасці, для інвалідаў-калясачнікаў, людзей з аслабленым зрокам прадугледжаны асобныя зоны. Знойдзецца месца  нават для сабак-павадыроў. Акрамя таго, людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі будуць суправаджаць валанцёры.

 Камфортнае знаходжанне на стадыёнах будзе забяспечана кожнаму балельшчыку, запэўніваюць арганізатары II Еўрапейскіх гульняў.

 — II Еўрапейскія гульні для нашай краіны — гэта не толькі спартыўнае, але і вялікае культурнае мерапрыемства, якое дазваляе пазнаёміць з Беларуссю ўсю Еўропу, паказаць яе прывабнасць, прыгажосць,- лічыць Максім Кашкалда. Ён нагадаў аб правілах выкарыстання лагатыпу, галоўных сімвалаў гульняў, якія з’яўляюцца інтэлектуальнай уласнасцю фонду, абаронены законам.

 Для Віцебшчыны і ўсіх жыхароў вобласці II Еўрапейскія гульні распачнуцца 24 мая, калі полымя міру даставяць у наш рэгіён. Эстафета будзе доўжыцца да 29 мая. Удзел у ёй прымуць каля 450 факельшчыкаў, у тым ліку такія спартсмены, як Уладзіслаў Ганчароў, Вадзім Дзевятоўскі, зоркі эстрады, вядомыя асобы ў іншых галінах дзейнасці, лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў.

 Аляксандр Яўгенаў.