З новым…2012-ым! Сенненскія будаўнікі перавыканалі план за два гады наперад!

Магчыма, з такімі словамі звернецца ў апошні дзень 2010 года да калектыву дырэктар УП «Сяннобудмеліяводгас» Васіль Ступаневіч. За 11 месяцаў  аб’ём будаўніча-мантажных работ, выкананых будаўнікамі ўнітарнага прадпрыемства, дасягнуў  9 млрд 260 млн рублёў. Год таму названы паказчык раўняўся 4 млрд 981 млн рублёў.

 Напярэдадні навагодніх свят з кіраўніком унітарнага прадпрыемства сустрэўся супрацоўнік рэдакцыі райгазеты Аляксандр Лазюк.

 — Васіль Аляксандравіч, хацеў бы павіншаваць вас і ўвесь калектыў УП «Сяннобудмеліяводгас» з надыходзячым новым годам.  Толькі вось не ведаю, з якім — 2011 ці 2012? 

 — Сёлета мы здалі ў эксплуатацыю 32 жылыя дамы агульнай плошчай 2811 м кв. Работы на будаўнічых пляцоўках працягваюцца. Так што шанц удвая перакрыць аб’ём будаўніча-мантажных работ мінулага года ў нас застаецца.

 — Наколькі я разумею, прадпрыемства ўзво­дзіць не толькі жыллё?

 —  Будаўніча-мантажныя работы вяліся таксама на рэканструкцыі будынка Багданаўскай школы. Мы капітальна адрамантавалі  Беліцкую СШ, вялі работы ў сярэдняй школе № 2 г.Сянно, займаліся рамонтам устаноў культуры ў вёсках Полымя і Какоўчына, працавалі ў Багушэўску, у тым ліку рэканструявалі будынак Багушэўскага лясгаса, дзе будзе наладжана вытворчасць паліўных пелет.  З нуля ўзвялі  пабудову ў Літусаве для комплексна-прыёмнага пункта КУПБА «Прэстыж». Для гэтага прадпрыемства выканалі і іншыя будаўнічыя работы.

 —  Адкрыйце сакрэт, за кошт чаго штогод нарошчваеце такімі тэмпамі аб’ёмы будаўніча-мантажных работ?  Калі надыдзе той год, калі яны будуць павялічвацца не ў разы, а на працэнты?

 —  Пакуль што  работа ў будаўнікоў ёсць. Дзейнічае прэзідэнцкая праграма па будаўніцтву жылля ў вёсцы. З сёлетняга года яна  распаўсюджана і на фермерскія гаспадаркі.

  У пакеце заказаў на 2011 год мы маем ужо 25 дамоў. У бліжэйшыя гады пачнецца ўзвядзенне жывёлагадоўчых комплексаў у СВК «Бяленева», РУП «Дружбінец», ААТ «Сенненскі райаграсервіс».

 Улічваючы, што прадпрыемства значна абнавіла сваю матэрыяльную базу,  з’явілася магчымасць далей нарошчваць аб’ёмы будаўніча-мантажных работ. Працягваем ствараць новыя рабочыя месцы. За год калектыў павялічыўся на 32 чалавекі і сёння налічвае 200 асоб.

 — Хто яны, сённяшнія будаўнікі? Як бы вы іх ахарактарызавалі?

 —  Пераважна гэта маладыя мужчыны, якія будаўнічыя  навыкі набывалі на практыцы. Многія з іх пачыналі працоўную дзейнасць на будоўлях Расіі, таму некаторыя праблемы, звязаныя з працоўнай дысцыплінай, ужываннем алкаголю, ёсць. Стараемся, выкарыстоўваючы адміністрацыйныя рычагі, магчымасці эканамічнага ўздзеяння, у тым ліку праз  каэфіцыент працоўнага ўдзелу, які выстаўляецца  непасрэдна ў брыгадах, выкараніць гэтыя негатыўныя з’явы. Вяртаюцца на радзіму  нават тыя будаўнікі, якія працавалі ў Польшчы, іншых  краінах на захад ад Беларусі. І гэты факт пра многае сведчыць.

 Галоўная праблема —  недахоп спецыялістаў сярэдняга звяна, тэхнолагаў. Людзі, якія маюць адпаведную адукацыю, вопыт работы па спецыяльнасці, ёсць, але  яны  неахвотна пагаджаюцца заняць пасаду, скажам, майстра, бо ў  матэрыяльным плане  прайграюць кваліфікаванаму рабочаму. Да таго ж узровень адказнасці непараўнальна вышэйшы.

 —  Васіль Аляксандравіч, вы сказалі, што сёлета будавалі жыллё для фермерскай гаспадаркі…

 —  Для СФГ «Аграсервіс плюс».

 —  Будаўніцтва для  прыватнай асобы мае нейкія  асаблівасці?

 —   На любым аб’екце мы імкнемся рабіць сваю справу хутка і якасна. Такі падыход гарантуе прадпрыемству  новыя заказы. Што датычыцца канкрэтнай будоўлі, то фермер выкарыстаў  магчымасць і змяніў тыпавы праект, патраціўшы на гэта  дадатковыя ўласныя сродкі. У выніку  дом атрымаўся  знешне вельмі прывабным і камфортным для жыцця.

 —  Будаўнічая галіна ў нашай краіне ў апошнія гады працуе даволі ўстойліва.  Але, мабыць, застаюцца і праблемы. Якія яны, у прыватнасці, для вашага прадпрыемства?

 — Пра некаторыя я ўжо ўпамянуў: прафесійная падрыхтоўка спецыялістаў, недахоп спецтэхнікі. Паступова яны вырашаюцца. Сёння ўручную  траншэі пад фундамент будаўнікі прадпрыемства не капаюць.

 На вытворчы працэс негатыўна ўздзейнічаюць неплацяжы за пабудаваныя аб’екты. У РУП «Дружбінец» мы пабудавалі дзве сянажныя ямы, закупілі для гэтага будаўнічыя матэрыялы, выканалі работы — усяго на 170 млн рублёў. Але яны не аплочаны заказчыкам. Каля 100 млн рублёў складае доўг Багушэўскага лясгаса, дзе мы звычайна купляем піламатэрыялы. Іх у лесагаспадарчай установе няма, як няма і грошай.

 —  А прыемныя моманты 2010 год Васілю Ступаневічу падараваў?

 —  Калі ацэньваць год у цэлым, то ён, безумоўна, пакінуў больш станоўчых  эмоцый, прынёс шмат здабыткаў. Прадпрыемства працягвае рэканструкцыю ўласнага адміністрацыйнага будынка, наводзім парадак у майстэрні, сталярным цэху. Цяпер узяліся за аднаўленне падвальных памяшканняў. Пасля  падключэння іх да сістэмы ацяплення там будзе абсталявана трэнажорная зала, з’явяцца душавыя кабіны. Калектыў павінен мець не толькі належныя  ўмовы працы.

 —  Ведаю, што гэтым летам вы былі ў Швецыі і Фінляндыі. Якія ўражанні пакінула замежная камандзіроўка?

 —  Разам з калегамі іншых  прадпрыемстваў, якія займаюцца будаўніцтвам жылля ў вёсцы, мы вывучалі вопыт  работы будаўнікоў у названых краінах. Праўда, у Скандынавіі будуюць не столькі жыллё, колькі катэджы, дзе людзі звычайна адпачываюць. Асноўным матэрыялам з’яўляецца драўніна, месца пабудовы — бераг возера, ракі. Ахоўнай зоны ў Швецыі і Фінляндыі няма. Затое вельмі  жорсткія экалагічныя патрабаванні. Да навакольнага асяроддзя ставяцца беражліва. Калі на месцы будаўніцтва расце дрэва, яго не спілуюць, а перасадзяць.

 —  А ці бачылі вы  за мяжой нешта такое, ад чаго станавілася прыкра?

 —  Ведаеце, адкуль у Швецыю і Фінляндыю прывозяць лес для будаўніцтва катэджаў? З Беларусі і Расіі…

 —  Што-небудзь з замежнага вопыту ўдасца перанесці на нашу глебу?

 —  На будаўнічых пляцоўках шмат рознай тэхнікі. Не абавязкова мясцовай вытворчасці. Галоўнае, каб яна зніжала кошт работ, павышала прадукцыйнасць працы будаўнікоў.  Бачыў у рабоце японскія экскаватары, італьянскія міксеры…

 —  Хочацца нешта набыць для свайго прад­прыемства?

 — Не буду хаваць —  хочацца. Тым больш, што купіць тэхніку можна ў лізінг.

 — Васіль Аляксандравіч,  як будзеце адзначаць Новы год?

 —  Як і большасць беларусаў —  разам з сям’ёй. 31 снежня будаўнікі будуць працаваць. Выхадны дзень аб’явім толькі для жанчын. Асабіста я ў гэты дзень пастараюся пабываць на кожным будаўнічым аб’екце, каб павіншаваць людзей са святам. Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць самыя найлепшыя пажаданні у сувязі са святам усім работнікам унітарнага прадпрыемства, пажадаць ім добрага здароўя, шчасця ў новым годзе. Усё ў нас атрымаецца. Будзем лепш працаваць —  будуць і далей расці заробак, матэрыяльны дабрабыт сям’і.

 — Дзякуй за гутарку.