Яго прафесія — рабіць цуды

Усе 360 дзён у годзе Дзмітрый Макараў — звычайны чалавек. Працуе мастацкім кіраўніком раённага Дома культуры. Але перад Новым Годам з ім адбываюцца дзівосныя змены. Аднекуль з’яўляецца чырвоная шуба, «адрастае» доўгая, густая барада, чырванее нос — і вось перада мной ужо не малады хлопец, а сапраўдны Дзядуля Мароз — галоўная персона зімовых свят, паважаны стары, якога чакаюць усе дзеці. Такога субяседніка ў мяне яшчэ не было. Праўда, Дзядуля шмат часу не мае — чакаюць яго на дзіцячых ранішніках у садках і школах, на святочных ёлках і нават на карпаратывах. І ўсё ж гаспадар сенненскіх лясоў згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў. Праўда, давялося за гэта расплачвацца вершыкам.

 — Дзіма, як ты стаў Дзедам Марозам?    

 — У 2009 я скончыў музычнае вучылішча па класе баяна. Але, калі прыйшоў працаваць у Дом культуры, давялося асвоіць мноства сумежных прафесій: хормайстар, кіраўнік народнага калектыву, сцэнарыст. А летась упершыню прымерыў ролю зімовага чараўніка і прыняў удзел у парадзе Дзедаў Марозаў і Снягурак. Спачатку было неяк нязвычна: у шубе горача, барада перашкаджала. Цяпер прызвычаіўся.

 — Ранішнікі — штука непрадказальная. Ці здараліся якія-небудзь кур’ёзы ў практыцы?    

 — За бараду, дзякуй Богу, не цягалі. А вось без сюрпрызаў не абыходзілася. Бывала, дзеткі вершыкі забывалі і пачыналі на свой лад прыдумваць. Ва ўсялякім выпадку без цукерак ды падарункаў малышоў ніколі не пакідаў. Увогуле, імкнуся, каб дзеці мяне без грыму не бачылі — каб не парушыць казку.

 — Цяжка табе, маладому хлопцу, пераўвасабляцца ў такі паважаны ўзрост?

 — Не. Мой дзядулечка добры і энергічны, як кажуць, малады душой. Іншая справа выходзіць з ролі. Так, пасля мінулагодніх святаў я яшчэ доўга размаўляў дзедмарозаўскім голасам.

 — Калі быў малым, верыў у Дзеда Мароза?

 — Канешне. А хто ж мне веласіпед падарыў? І да гэтай пары шчыра веру ў яго існаванне. А мы — толькі ягоныя прадстаўнікі. Дзядуля ж старэнькі, цяжка яму раз’язджаць па свеце.

 — А сам  што больш любіш: атрымліваць падарункі ці, наадварот, дарыць?

 — Атрымліваць і дарыць аднолькава прыемна. Калі ты дорыш, то ў адказ таксама атрымліваеш, перш за ўсё, пазітыўную энергетыку.

 — А якія адносіны ў Дзядулі Мароза са Снягуркай?   

 — Сваяцкія! Усё ж унучка мая, а дакладней, унучкі! Іх у мяне некалькі. Усе разумніцы, прыгажуні і вельмі любяць дзетак. (Аўт.: Тут якраз падаспела Снягурачка сёлетняга сезона, самая натуральная, з доўгай светла-русай касою. Вучаніца 9 класа СШ №1 імя З.Азгура Ганна Гаравая хвалюецца: першы раз у Снягуркі і адразу на раённай сцэне.)

 — Новы год — час для самых запаветных мараў. Пра што марыць сенненскі Дзед Мароз?

 — Правесці галоўную Ёлку краіны!

 — Амбіцыёзна! Цікава, якія ж тады мары ў Дзмітрыя Макарава?

 — Пражыць сваё жыццё так, каб не было сорамна, каб пра мяне ўзгадвалі толькі добрымі словамі.

 — Не магу не папрасіць Дзядулю Мароза выказаць свае навагоднія пажаданні жыхарам Сенненшчыны.

 — Віншую ўсіх сенненцаў, дзетак і дарослых, якія вераць у цуды, са светлым святам Новага года. Хачу пажадаць, каб мары кожнага чалавека збыліся ў новым годзе; каб прыгажосць, пачуццё гумару, дабрабыт і адменнае здароўе не пакідалі вас ніколі. З Новым годам!

 Застаецца толькі далучыцца да слоў Дзядулі і дадаць:

 — З новым шчасцем! І да сустрэчы на старонках «Голасу Сенненшчыны» ў наступным 2011 годзе.

Вольга Бандарэвіч.

 На здымку: Дзед Мароз (Дзмітрый Макараў) і Снягурачка (Ганна Гаравая).