Навагоднія метамарфозы

Напярэдадні новага 197… года студэнцкі інтэрнат жыў сваім звычайным жыццём. Большасць яго насельнікаў з раніцы спяшаліся ў аўдыторыі, каб атрымаць апошні залік ці здаць першы экзамен зімовай сесіі. Больш вольна адчувалі сябе толькі пяцікурснікі.

 — Ну што, Валодзя, як будзем святкаваць Новы год? Неяк трэба па-асобаму. Давай збяром усю групу за сталом. За пяць гадоў  мы на свята разам не збіраліся, — энергічна праводзячы зарадку, прапанаваў Алег.

 — Каго ты збярэш? — ляніва азваўся з ложка сябрук. — Алесь збіраўся ехаць са Светкай да яе бацькоў — яны ўжо заяву падалі ў ЗАГС.  Патлаты пабяжыць з фотаапаратам навагоднія ранішнікі ў дзіцячых садках фатаграфаваць — бізнэсовец. Юлька, я бачыў, ужо ў касцюме Снягуркі бегае. Ірка насупленая некалькі дзён ходзіць. Учора нават плакала… — Усё роўна нешта трэба прыдумаць незвычайнае, — не сунімаўся Алег, — каб запомнілася на ўсё астатняе жыццё. А чаго Ірка плакала? Трэба развесяліць дзеўку.  Я прапаную наведацца да яе неадкладна. Пакуль я прыму душ, ты павінен знайсці маскі і пажадана, каб весялей выглядалі…

 Праз некалькі  гадзін хлопцы грукалі ў дзверы пакоя, дзе жыла іх «засмучаная» аднагрупніца. Але дзверы адчыніла не яна, а Барыс. Ён вучыўся ў паралельнай групе. Адкрыў і тут жа знік у пакоі насупраць.

 Ірына сядзела за сталом. Нерухомы позірк быў скіраваны ў сцяну, мышцы твару застылі. Здавалася, хлопцаў яна не заўважала.

 — Алё, сяброўка, — памахаў Алег перад яе тварам лістом паперы.  Рэакцыя адсутнічала. Хлопцы пераглянуліся і прыселі на ложак. Знялі маскі, закурылі.

 — Пачастуйце даму, — раптам працягнула яна руку.

 — Што здарылася? — замест цыгарэты задаў пытанне Валодзя.

 — Не твая справа, — пачуў у адказ.

 — А можа, табе лепш вінца шклянку накапаць? — не сунімаўся хлопец.

 — Лепш гарэлкі, каб забыцца адразу, — заплакала дзяўчына.

 Хлопцы разам узняліся з ложка. Алег моўчкі падаўся ў дзверы, Валодзя застаўся ў пакоі. Выплакаўшыся, Ірына  паведаміла, што яна … цяжарная. Бацька будучага дзіцяці — Барыс — адмаўляецца прызнаць факт свайго бацькоўства.

 Прынесеную бутэльку гарэлкі себрукі пілі ў пакоі Барыса. Спачатку ён адмаўляўся падтрымаць бяседу. Але аргументы аднакурснікаў былі досыць важкімі. Больш таго, вечарам хлопец прапанаваў Ірыне руку і сэрца, пра што яна тут жа  паведаміла Алегу і Уладзіміру.  Астатак навагодняга вечара яны правялі ўчацвярых.

 На стале была не толькі гарэлка — пілі шампанскае. За Новы год, за маладую сям’ю.

 Пакуль вучыліся, Барыс і Ірына паспелі згуляць вяселле, у іх нарадзіўся сын, які, як дзве кроплі вады, паходзіў на бацьку. Назвалі малога  Валодзем, а хрэснікам ён стаў для Алега.

Л.Іўеў.

Дзед Мароз — барада з ваты

Працяг гэтага радка мо­жа быць самым розным, у залежнасці ад фантазіі чалавека, узроўню яго культуры.

 Аляксея папрасілі сыграць ролю Дзеда Мароза ў дзіцячым садку, які наведваў сын. Хлопчык, які часта бываў у гасцях у вясковага  дзядулі-гаваруна і знаўцы шматлікіх вясёлых прыпевак, многае з фальклору засвоіў. У тым ліку тыя прыпеўкі, што ў грамадскіх месцах не выконваюцца.

 Тым часам малы таксама рыхтаваўся здзівіць казачнага героя сваімі талентамі. І гэта вельмі непакоіла будучага Дзеда Мароза.

 У садку Аляксей у шубе Дзеда Мароза ўжо паспеў успацець. Яго мех амаль апусцеў ад цукерак, а дзеці ўсё спявалі, расказвалі вершы. Стараўся і сын. Вось ён зноў падышоў да мікрафона:

 «Дзед Мароз, барада твая —  з ваты,

 Ты падарункі нам …

 У Дзеда Мароза акругліліся вочы…

  … прынёс,

 Бацьку захацелася праваліцца скрозь зямлю. Рука сама сабой пацягнулася, каб заціснуць артысту рот…

 Ты ў нас — багаты», — скончыў хлопчык чытаць.

А Дзед Мароз — паддаты!

Васіль Іванавіч і Людміла Пятроўна чакалі гасцей. Навагоднюю ноч яны спадзяваліся правесці разам з дачкой і зяцем, а галоўнае — з унучкай. Гарэза Святланка была іх улюбёнкай. Таму для яе  «заказалі» Дзеда Мароза і Снягурку.

 Навагоднія  персанажы з’явіліся, калі сям’я сядзела за сталом. Уручылі дзяўчынцы падарункі, паслухалі яе  вершы, патанчылі вакол ёлкі. Святланцы асабліва спадабаўся Дзед Мароз. Яна брала яго за руку, заглядала ў вочы.

 — Бабуля,  Дзед Мароз старэнькі, але жывы — у яго цёплая рука, а ў вачах слёзы, як у цябе, — шаптала яна на вуха. Калі дзяўчынка адлучылася ў суседні пакой, гаспадар запрасіў Дзеда Мароза на кухню.

 — Калі не супраць, давай, Дзед Мароз, па 100 грамаў возьмем, — прапанаваў ён.

 Дзед быў не супраць. З халадзільніка дасталі бутэльку гарэлкі, з шафы — келіхі. Нарэзалі каўбасы, напоўнілі чаркі. Дзед Мароз спрытна адсунуў убок бараду і кульнуў напой у рот. Толькі ўзяў  чарку ў рукі зноў, як бакавым зрокам заўважыў Святланку, якая праз імгненне імчала да мамы: «А наш дзед з Дзедам Марозам гарэлку п’е», — закрычала яна ў роспачы.