Услед за Новым годам

Cвяточна ўпрыгожаная ёлка, пах мандарынаў, салат аліўе і «Ирония судьбы»  на экране тэлевізара даўно сталі для беларусаў, як і для большасці грамадзян іншых краін, што ўваходзілі ў СССР, неад’емнымі атрыбутамі Новага года. Можна па-рознаму ставіцца да гэтых звычак, тым не менш, яны ўстойліва асацыіруюцца ў нас са святам.

  Мы  не задаёмся пытаннем, чаму менавіта так? Чаму аліўе, а не селядзец пад шубай? Чаму кожны год нам паказваюць менавіта гэты фільм?

 Замежнаму чалавеку,  які б патрапіў да нас на Новы год, усё гэта магло б здацца вельмі дзіўным. Нам таксама незвычайнымі бачацца некаторыя навагоднія традыцыі, якія існуюць у розных краінах свету.

 Цікавы звычай бытуе ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Жыхары буйнага горада Ёханэсбург у ноч на 31 снежня  выкідваюць з вокнаў розныя прадметы. І не задавольваюцца дробяззю: часам на тратуары ляцяць халадзільнікі і буйнагабарытная мэбля. Паліцыя спрабуе змагацца з гэтай небяспечнай забавай з дапамогай  забарон, аднак дарэмна. Кожны год паўтараецца адно і тое ж.

 Напярэдадні Новага года  жыхары Кубы напаўняюць вадой увесь посуд, які толькі ёсць пад рукой, а ў святочную ноч дружна выплёскваюць яе  за вокны. Такім чынам яны жадаюць Новаму году светлага, без плям, шляху. Акрамя таго,  распаўсюджаны іспанскі звычай — з’ядаць па вінаградзіне на кожны з дванаццаці ўдараў гадзінніка.

 Жыхары  Эквадора лічаць, што самая важная частка святочнага гарнітура — гэта… ніжняя бялізна. Калі чалавек жадае разбагацець, то ў навагоднюю ноч яна павінна быць жоўтага колеру, а калі чакае вялікага кахання, — чырвонага. А вось тыя, хто марыць пра падарожжа, павінны проста бегаць вакол хаты з чамаданамі, пакуль га­дзіннік не праб’е дванаццаць разоў.

 У Японіі галоўны атрыбут Новага года — гэта, як ні дзіўна, сельскагаспадарчыя граблі. Кожны японец лічыць сваім абавязкам абзавесціся да Новага  года гэтым празаічным прадметам. Лічыцца, што ён патрэбны для таго, каб было чым заграбаць шчасце.

 Англічане нездарма славяцца сваімі манерамі. Нават для навагодняй ночы ў Англіі стварылі спецыяльныя правілы этыкету. Апоўначы, пры першым удары гадзінніка, гаспадары хаты абавязкова павінны адкрыць заднія дзверы і выпусціць стары год, а з дванаццатым — адкрыць пярэднія і ўпусціць год новы. Гэтым займаюцца ўсе, акрамя закаханых, бо яны ў гэты момант заняты іншай, не менш важнай справай, — ім абавязкова трэба пацалавацца. Лічыцца, што гэта зробіць іх неразлучнымі ў надыходзячым годзе.

 Інфармацыя карысная не толькі для пашырэння кругагляду. Яе трэба  мець на ўвазе і тым, хто плануе сустрэчу Новага года за мяжой. Каб своечасова ўхіліцца ад электрачайніка ці халадзільніка,  які ляціць з акна ў   Ёханэсбургу, не забыцца раскрыць парасон,  калі вы будзеце гуляць па населеных пунктах Кубы, і праявіць больш ці менш шчырую радасць, атрымаўшы ў падарунак ад японцаў граблі. Яны ж такія чулыя людзі…

 Цудоўнай вандроўкі і з надыходзячым Новым годам!

Надзея Зуева,

студэнтка ВДУ імя П.М.Машэрава,

па матэрыялах сайта news.km.ru