Перадзім’е

  Журавы ляцелі на поўдзень, жоўклі травы, асыпалася лісце. Апошнія цёплыя дні перадзім’я вабілі, клікалі ў лес, дзе багата сёлета высыпала грыбоў. Штодзень абыходзіла Антаніна з кошыкам свае ўлюбёныя мясціны, разважала пра складанасці жыцця, успамінала радкі Івана  Буніна:

                И подумай, что годы идут,

                Что с весной, как минует ненастье,

                Нам они не вернут

                Нас обманувшее счастье.

 І ў адзін з такіх паходаў сутыкнулася на грыбной сцяжынцы  з чалавекам, які выходзіў  з гушчару. Не спужалася, не, пазнала мужчыну, які не так даўно пасяліўся ў суседняй з ейнай вёскай  Кавалёўцы. Чалавек таксама ўбачыў яе, пайшоў насустрач.

 — А я вас ведаю, вы — Антаніна.

 — І я пра вас чула, вы — Пятровіч?

 Стрымана павіталіся, нетаропка пайшлі па сцяжынцы побач. Раз-пораз нагіналіся, зразалі крэпенькія беленькія баравічкі, але са сцяжынкі не збочвалі. Перакідваліся заўвагамі, спачатку асцярожна, жартуючы, потым непрыкметна перайшлі на сур’ёзныя тэмы. І не заўважылі, як усё цікавейшай станавілася  размова. Пад самыя ручкі напоўніліся кошыкі грыбнікоў, калі дайшлі да ваколіцы антанінінай вёскі.

 — Шчасліва, Антаніна!

 — Да пабачэння, Пятровіч!

 Назаўтра  кабета зноў падалася на ўзлесак, дзе сустрэўся ўчарашні грыбнік. Дзён пяць запар грыбы насіла, ладную бочачку насаліла. Раптам раззлавалася, бо спаймала сябе на тым, што ўвесь час думае пра яго, гэтага, амаль што незнаёмца, Пятровіча.

 Наступны тыдзень прамільгнуў у звыклым пенсіянерскім рытме. Жанчына давяла да перадзімовага парадку свой агародзік, памалу насушвала на зіму яблыкі, грушы, чарнасліўкі. Абсалютна супакоілася, пачала думаць пра доўгія зімовыя вечары, звыклую шматгадовую адзіноту сваю. Як раптам перад ганкам спыніліся «Жыгулі». Трое мужыкоў з Кавалёўкі, сярод іх Пятровіч, шыбавалі прама ў двор да Антаніны. Яна аўтаматычна шмарганула па спадніцы, паправіла валасы, якія і без таго былі ў парадку, сумелася.

 Шумна прывіталіся.

 — Вадзіцы папіць у цябе можна?

 Антаніна замітусілася.

 — Можа квасу журавінавага па асабістаму майму рэцэпту?

 — Давай, давай квасу. У самы раз.

 Не спяшаліся выходзіць. Часопісы і газеты на стале перабралі, кнігі на паліцы перагледзелі.

 — Ого, Чэхава чытаеш?

 Жанчына прамоўчыла, нечага чакаючы. І гэтае «нешта» сапраўды здарылася.

 — Мы вось што хацелі, Антаніна, — распачаў, падбіраючы словы, старэйшы з мужчын, Васіль. — Давай пагаворым начыстату. Абое вы з Пятровічам адзінокія. А ўдвух жа яно зусім іншы каленкор мог бы быць. Той самы суп-булён удвух сядзеш есці — і то смачней.

 Нешта адказвала, «сватоў» слухала. Ніводнага разу не ўзняла вачэй на Пятровіча, старанна пазбягала нават у ягоны бок глянуць. А ён падышоў раптам, за руку яе ўзяў.

 — Антаніна!

 Глянула ў вочы ягоныя — шчырасць, бездань дабрыні ў разумным паглядзе.

 Да шчымлівага болю захацелася, каб прытуліў да сябе гэты чалавек, надзейна захінуў ад усіх жыццёвых бед і нягод.

 Што ж, жаданне быць шчаслівым уласціва чалавеку заўсёды, нягледзячы ні на што. І справа зусім не ў тым, прадвесне пануе над светам ці перадзім’е…

 Людміла Працэнка.