Адначасова са жнівом у Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі рыхтуюць да сяўбы насенне азімых зерневых культур і злакавых траў

 Частка проб нават накіравана на экспертызу ў насенняводчую станцыю.

 — Уборачныя работы зерневых культур на нашых палетках пачаліся з абмалоту трыцікале гатунку “Праметэй”. Першым яго і адсартыравалі. Нарыхтавана 127 тон элітнага насення. Як толькі атрымаем заключэнне спецыялістаў, прыступім да пратручвання і рэалізацыі. У нас яшчэ ёсць 16 тон суперэлітнага насення трыцікале гатунку “Дынама”. Яно будзе высеяна на нашых палетках,- расказала Наталля Іванова, галоўны аграном сельгасарганізацыі.

 Зараз вядзецца дапрацоўка жыта “Афелія” і пшаніцы “Ядвіся”. Мяркуецца нарыхтаваць насення жыта каля 160 тон, пшаніцы – 150. Усё насенне зерневых культур будзе рэалізоўвацца сельгасарганізацыям вобласці. Вытворчасць эліты – асноўны накірунак дзейнасці ВДМС. У ліку масавых спажыўцоў не толькі сенненскія аграрыі. Пастаянна насенне ў станцыі купляюць сельгасарганізацыі Талачынскага і Лёзненскага раёнаў. Леташні год адзначыўся ўзмоцненым попытам на насенне траў. І не толькі злакавых, якіх большасць у ліку культывіруемых культур, але і бабовых. Давялося прадаваць нават рэзервовы фонд.

 Гатова забяспечыць попыт на насенне траў спецыялізаваная сельгасарганізацыя і сёлета. Аб’ём вораху дасягнуў 80 тон, у тым ліку аўсяніцы – 30, фестулоліума – 20, райграса пашавага – 13. У Багданаве за збыт насення траў не хвалююцца яшчэ і таму, што іх у любым аб’ёме гатова купляць ДУ “Белнасенне”. Пашыраюцца рынкі збыту ў Расіі. Запатрабавана і насенне зерневых культур.

 Сельгасарганізацыя забяспечана пад свае патрэбы лініямі ачысткі насення, сушылкамі, рабочай сілай. На перыяд уборкі на дапамогу ўсё ж даводзіцца запрашаць школьнікаў, студэнцаў, спецыялістаў з іншых сфер вытворчасці. Сёлета іх прынята 18 чалавек. Частка з іх дабіраецца на працу нават з Сянна. Дарослыя працуюць па 12 гадзін, у тым ліку ў начную змену, непаўналетнія заняты па 7 гадзін.

 З іх дапамогай у ВДМС імкнуцца як мага хутчэй упарадчыць насенне азімых зерневых культур, бо яго ўжо трэба сеяць, і злакавых траў. Насенне аўсу, ячменю, бабовых траў рыхтуецца да сяўбы сіламі пастаянных работнікаў ледзь не да новага года. Такі расклад працы, такая вытворчасць, якая не дапускае адступленняў ад тэхналогій ні на ёту.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 Фота аўтара.