Амаль паўсотні ўдзельнікаў сабрала ў Сянне абласное свята “Дзень моладзі”

Самыя актыўныя, творчыя юнакі і дзяўчаты Віцебшчыны з’ехаліся 6 ліпеня ў наш горад. Арганізатарамі моладзевага фэсту выступілі Віцебскі абласны і Сенненскі раённы камітэты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Сенненскі райвыканкам. Мерапрыемства пачалося на цэнтральнай плошчы Сянна з ускладання вянкоў да Мемарыяла воінам, якія загінулі ў баях у час Вялікай Айчыннай вайны.

Вітаючы ўдзельнікаў маштабнага свята, іх прадстаўнікі, намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, сакратар ЦК ГА “БРСМ” Юлія Зінкевіч, в.а. першага сакратара абкама Вячаслаў Хрол, а таксама член Моладзевай палаты пры Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі Уладзімір Бабічаў, пажадалі маладым людзям поспеху ў рэалізацыі іх ініцыятыў і творчых планаў. Традыцыйна на абласным свяце моладзі ладзяцца адборачныя туры да некалькіх буйных моладзевых праектаў БРСМ. Амаль ва ўсіх з іх прымалі ўдзел і нашы землякі.

Першымі на сцэну выйшлі танцоры. Удзельнікі абласнога этапу конкурсу «Агонь танца 2018» змагаліся ў пяці намінацыях: «Шоу-праграма», «Стрыт Дэнс», «Танцы народаў Свету», «Усходні танец» і «Беларускі народны танец». Пераможца, ім стаў танцавальны калектыў з Віцебска, узнагароджаны спецыяльным прызам ад Расійскага саюза моладзі — пуцёўкай для ўдзелу ў расійска-беларускім фестывалі «Насустрач да зорак», які пройдзе 26-29 жніўня ў Смаленскай вобласці.

Пакуль адны здзіўлялі гледачоў і журы галавакружнымі па на танцполе, сем дзяўчат дэманстравалі навыкі фігурнага ваджэння на аўтапляцоўцы. Усе ўдзельніцы абласнога конкурсу «Аўталедзі 2018» дагэтуль паспяхова справіліся з раённымі і занальнымі этапамі. На гэты раз іх чакалі 5 конкурсных заданняў. Акрамя выканання элементаў ваджэння, дзяўчаты адказвалі на пытанні білетаў па правілах дарожнага руху, удзельнічалі ў аўтавіктарыне, прэзентавалі свайго крэатыўна аздобленага “жалезнага каня”, прыдумлялі арыгінальныя дарожныя знакі.

Аўтафартуна не паспрыяла Марыне Маскоўскай з Сянна. Але абысці ўвагай яе “Шкоду” была немагчыма. На час конкурсу машына сенненкі набыла тыгрыны “аўтацюнінг”, а замест знака значылася слова “Утаймавальніца”. Вось ужо чатыры гады Марына “ўтаймоўвае” дарогі роднай Сенненшчыны. А неўзабаве ёй пакарацца магутныя фуры і нямецкія аўтабаны. Любоў да ваджэння прывяла дзяўчыну ў нязвыклую для жаночага полу прафесію. Услед за мужам Марына стала дальнабойшчыкам. Хутка сенненка адправіцца ў свой першы міжнародны рэйс. Дарэчы, удзел у моладзевым свяце для Марыны супаў з яе днём нараджэннем. У гэты дзень сенненцы споўнілася 25 гадоў.

А вечарам цэнтральная плошча Сянна ператварылася ў музычную пляцоўку. Лепшыя маладыя галасы Віцебшчыны сышліся ў абласным этапе конкурсу выканаўцаў моладзевай песні ў рамках XIII фестывалю «Моладзь за Саюзную дзяржаву». Сенненшчыну на ім годна прадставіла зорка раённай сцэны, выкладчык Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў Анастасія Бялко, у выканні якой прагучалі песні беларускіх артыстаў Пятра Ялфімава і салісткі вядомага гурта “Іowa” Кацярыны Іванчыкавай. Гледачы гучна апладыравалі нашай зямлячкі.

Авацыі гледачоў сарваў і яшчэ адзін сенненец Дзмітрый Гарбачоў, які стаў удзельнікам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Бітва дыджэяў» “Беларусь і Я”. Адметна, што ў якасці музычнай асновы для свайго сэта Дзіма выбраў беларускую песню народнага гурта “Сваякі” “Раскажы мне рэчанька”. На жаль,  сенненец не стаў пераможцам дыджэйскага “паядынка”. Яго абышоў больш вопытны сапернік Дзяніс Зудзіс з Полацка, які і возьме ўдзел у рэспубліканскім этапе, што пройдзе ў межах “Славянскага базару ў Віцебску”. Але калі б быў “прыз глядацкіх сімпатый”, то ён бы, безумоўна, дастаўся нашаму земляку.

Моладзевае свята стартавала апоўдні і працягвалася да позняга вечара. Яго завяршэннем стаў канцэрт вядомай беларускай групы “PRовокация”, удзельнікі якой ўваходзілі ў склад журы танцавальнага і вакальнага конкурсаў.

Абласны “Дзень моладзі” на Сенненшчыне атрымаўся, падкрэсліў на развітанне кіраўнік абкама ГА “БРСМ”. Вячаслаў Хрол падзякаваў за належнае правядзенне фэсту кіраўніцтву райвыканкама і райкама моладзевага аб’яднання і ўручыў Падзякі ад абласнога камітэта ГА “БРСМ” Зоі Фаміной і Марыне Наваковіч.

Дзень моладзі змяніла Купальская ноч

Сучасныя рытмы саступілі месца народным песням ў выкананні калектываў і салістаў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Пасля ўслед за Купалінкай і Купалішам, ролі якіх выконвалі Вольга Красноўская і Віктар Гайдукоў, сенненцы рушылі па парку Трох Герояў да гарадскога стадыёна.

На пляцоўцы каля спартыўнага аб’екта было раскладзена купальскае вогнішча. Перад тым, як запаліць яго, удзельнікі прадстаўлення і ўсё жадаючыя здзейснілі магічны абрад на шчасце — абышлі тры разы вакол вогнішча, кідаючы ў яго галінкі дрэў.

Купальскую ноч завяршыла святочная дыскатэка.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *