Як выпадкова зроблены фотаздымак стаў сімвалам народнай барацьбы

У раздзеле “Ішла вайна народная” гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць” змешчана фатаграфія, на якой адлюстравана партызанская сям’я Рыдлеўскіх — Нічыпар Цярэнцьевіч і яго дочкі Вольга і Зінаіда. Унікальны кадр, можна сказаць, быў зроблены выпадкова, але стаў сусветна вядомым як сімвал непахіснасці Савецкай Беларусі. Сведкі аб гісторыі здымка і лёсе яго герояў захоўваюцца ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі.

1942 год – перыяд узбуйнення Сенненскай партызанскай брыгады, атрады якой папаўняліся цэлымі сем’ямі. У гэты час з мястэчка Чарэя прыйшлі ў брыгаду і Рыдлеўскія.

Сям’я была вялікая: маці, бацька і шасцёра дзяцей. Маці рана памерла. Пасля яе смерці клопаты па выхаванні дзяцей ляглі на плечы Нічыпара Цярэнцьевіча. Спраўляцца з хатняй работай дапамагалі малодшыя дачушкі Зіна і Воля. Дзень 22 чэрвеня 1941 года яны сустрэлі ўтраіх: 56-гадовы Нічыпар Цярэнцьевіч, 17-гадовая Вольга і 15-гадовая Зінаіда. Старэйшыя дзеці Рыдлеўскіх да гэтага часу пакінулі бацькоўскі дом: Марыя жыла ў Гомелі, Соня – у Ягор’еўску, Аляксандр закончыў школу і паступіў у Арлоўскае бранятанкавае вучылішча, Уладзімір служыў у арміі.

Першага ліпеня ў Чарэю ўварваліся немцы. У жніўні 1941 года ў Чарэю прыбыў муж старэйшай сястры Марыі – Яўген Бродскі. Ён ўстанавіў сувязі з вайскоўцамі, якія апынуліся на акупаванай тэрыторыі. Вольга і Зінаіда выконвалі яго даручэнні як сувязныя. Запіскі для партызанам дзяўчыны пакідалі ва ўмоўным месцы: пад камень ці ў дупле дрэва. У снежні 1942 года пасля знішчэння народнымі мсціўцамі мясцовага нямецкага гарнізона сям’я перайшла ў партызанскі атрад. Нічыпар Цярэнцьевіч стаў ад’ютантам намесніка камандзіра Сенненскай партызанскай брыгады Віцебскага злучэння. Старэйшая дачка Вольга — медсястрой у атрадзе імя Кутузава, а малодшая Зіна – радавым байцом. На іх ліку нямала партызанскіх аперацый. Аднак фотааб’ектыў занатаваў сям’ю Рыдлеўскіх не ў баявых абставінах.

…Быў канец чэрвеня 1944 года. Пасля двух гадоў, праведзеных у партызанскім атрадзе, Нічыпар Цярэнцьевіч з дачкамі вярнуліся ў родную вёску. Але сваёй хаты яны не засталі, яе спалілі фашысты. Змучаныя выпрабаваннямі вайны, яны моўчкі стаялі на папялішчы, разважаючы пра далейшы лёс.

З. Н. Рыдлеўская

Зінаіда Нічыпараўна ўспамінала: “У той дзень па вуліцы праязджала “палутарка” з савецкімі салдатамі. Раптам з яе выскаквае малады чалавек з фотаапаратам на плячы і просіць нас усміхнуцца. Некалькі секунд, і ён ужо запісвае наш адрас, а потым заскоквае ў машыну, здымае пілотку і махае: “Да сустрэчы! Да Перамогі!” Гэта быў ваенны фотакарэспандэнт армейскай газеты “Знішчым ворага!” 5-й Арміі Аляксандр Станавоў.

Словы выпадковага знаёмца аказаліся прароцкімі. Ён адшукаў яе пасля вайны, а потым заўсёды наведваў яе сям’ю, рабіў новыя фотаздымкі. З аўтарам гістарычнага фотаздымка Зінаіду Рыдлеўскую звязала шматгадовае сяброўства. Пасля вайны Аляксандр Станавоў працаваў фотакорам у часопісе “Савецкая жанчына”, стаў заслужаным работнікам культуры РСФСР.

Атрымаўшы адукацыю настаўніка, Зінаіда Нічыпараўна выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Барысаўскага раёна. У 1973 годзе ёй прысвоілі званне “Заслужаны настаўнік БССР”. Заўсёды з усмешкай, з душэўнай цеплынёй і аптымізмам – такой яе запомнілі былыя вучні. Многія пайшлі па яе шляху і таксама сталі настаўнікамі.

 Здымак сям’і Рыдлеўскіх абышоў усе газеты свету. Копіі яго Зінаіда Нічыпараўна, будучы дэлегатам VI Сусветнага кангрэса жанчын у Празе, распаўсюджвала сярод удзельніц форума як сімвал барацьбы савецкіх сем’яў у гады вайны. Адну з іх яна паднесла Валянціне Церашковай, якая ўзначальвала дэлегацыю жанчын СССР на кангрэсе. Узамен першая жанчына-касманаўт падарыла ёй свой фотаздымак у касмічным скафандры.

Падчас форуму Зінаіда Рыдлеўская ўдзельнічала ў рабоце камісіі “Жанчына і сям’я”, выступала на мітынгу ў вёсцы Лідзіцэ, якая раздзяліла лёс Хатыні. У сваім выступленні беларуская партызанка гаварыла аб тым, як важна захаваць мір, расказвала аб трагедыі нашага народа ў гады ваеннага ліхалецця. Пасля кангрэса былі сустрэчы, выступленні ў працоўных калектывах, школах. У кожнай былая партызанка заўсёды заклікала памятаць аб подзвігах народа і перадаваць наступным пакаленням працавітасць, мужнасць і любоў да роднай Беларусі.

Падрыхтавала Вольга БАНДАРЭВІЧ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *