Ваенспец — прафесіянал у любой справе.

У гэтыя доўгія зімовыя вечары выпускнікі сярэдніх школ узмоцнена штудзіруюць  падручнікі, займаюцца на факультатыўных занятках і з рэпетытарамі. Пры гэтым маладыя людзі не забываюць  перагортваць даведнікі, дзе змешчана інфармацыя пра вышэйшыя навучальныя ўстановы. Менавіта зараз  трэба зрабіць выбар на карысць той прафесіі, якая дапаможа ім рэалізаваць закладзены прыродай генетычны патэнцыял, забяспечыць  дастойны матэрыяльны ўзровень жыцця і будзе запатрабавана грамадствам. Вячаслаў  Рамашэўскі, начальнік групы прызыву на ваенную службу Сенненскага РВК, маёр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь,  на аснове  ўласнага вопыту  лічыць, што такой прафесіяй з’яўляецца прафесія афіцэра.

 — Атрымаць яе можна ў Ваеннай акадэміі. Але не толькі. У Беларусі рыхтуюць ваенных спецыялістаў у шэрагу грамадзянскіх вышэйшых навучальных устаноў на ваенных факультэтах, — працягвае ён.

 — Ваенная акадэмія — гэта Мінск, сталіца нашай краіны. А іншыя навучальныя ўстановы, дзе яны знаходзяцца? Па якіх ваенных спецыяльнасцях вядуць падрыхтоўку?

 — У акадэміі рыхтуюць спецыялістаў па  20 спецыяльнасцях і 35 спецыялізацыях на сямі факультэтах. На агульнавайсковым рыхтуюць афіцэраў для сухапутных войскаў — мотастралкоў, танкістаў, артылерыстаў, спецыялістаў ідэалагічнай работы і  тылавога забеспячэння. На факультэце сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання вядзецца падрыхтоўка сувязістаў, спецыялістаў АСУ і апрацоўкі інфармацыі. Пасля заканчэння факультэта супрацьпаветранай абароны маладыя афіцэры займаюцца эксплуатацыяй радыётэхнічных сістэм і зенітна-ракетных комплексаў, якія стаяць на ўзбраенні сіл супрацьпаветранай абароны. Факультэт унутраных войскаў, пагранічны факультэт — іх назвы гавораць самі за сябе. На авіяцыйным факультэце вядзецца падрыхтоўка лётчыкаў, штурманаў, авіяцыйных інжынераў, афіцэраў баявога кіравання авіяцыяй. Афіцэраў для падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый, а таксама спецыялістаў радыёэлектроннай разведкі і радыёэлектроннай барацьбы рыхтуюць на факультэце ваеннай разведкі.

 Ваенна-тэхнічны факультэт БНТУ рыхтуе для арміі спецыялістаў па эксплуатацыі і рамонту бранятанкавага ўзбраення і тэхнікі, па фінансаваму забеспячэнню і эканоміцы баявой і гаспадарчай дзейнасці войскаў. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і электронікі  спецыялістаў для  узброеных сіл рыхтуе на факультэце АСУ, у Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце  — на факультэтах  лячэбная справа  і ваенная справа. У Мінску ваенную спецыяльнасць  «авіяцыйны тэхнік  самалётаў» можна атрымаць у дзяржаўным вышэйшым  авіяцыйным каледжы. Адпаведных ваенных спецыялістаў рыхтуюць у Інстытуце пагранічнай службы, у БДУ — псіхолагаў са спецыялізацыяй «маральна-псіхалагічнае забеспячэнне ваеннай дзейнасці».

 У Гомелі многія гады працуе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, дзе  ваенныя спецыялісты атрымліваюць падрыхтоўку на ваенна-транспартным факультэце. У Гродна, у мясцовым універсітэце імя Янкі Купалы, можна атрымаць спецыяльнасць па кіраванні тылавымзабеспячэннем войскаў.

 — Якія экзамены трэба вытрымаць абітурыентам, каб трапіць на вучобу ў названыя вышэйшыя навучальныя ўстановы?

 — Пры залічэнні на вучобу ў разлік бяруцца вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы, мовах (беларускай ці рускай), фізіцы, хіміі, біялогіі, гісторыі Беларусі — у залежнасці ад таго, якую ваенную спецыяльнасць  малады чалавек хоча атрымаць. Больш канкрэтна пра гэта можна даведацца ў раённым ваенным камісарыяце, куды трэба звярнуцца да 1 красавіка. Адбор абітурыентаў праводзіцца ў два этапы: папярэдні — да 10 красавіка камісіяй райваенкамісарыята, і канчатковы — абласной камісіяй. Ацэньваюцца стан здароўя, узровень фізічнай падрыхтоўкі, прафесійна-псіхічная прыгоднасць, і толькі паслягэтага ў разлік бяруцца вынікі тэсціравання.

 Заўважу, прыём дакументаў і залічэнне ў Ваенную акадэмію, на ваенныя факультэты іншых вну адбываецца ў першым патоку. І гэта не адзіная перавага для тых, хто марыць насіць пагоны на плячах, служыць Айчыне.

 — А ёсць іншыя перавагі?

 —  Безумоўна. Курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, размяшчаюцца ў добраўпарадкаваных казармах ці інтэрнатах. У Ваеннай акадэміі створаны належныя ўмовы не толькі для атрымання спецыяльнай падрыхтоўкі, але і для ўсебаковага развіцця: духоўнага і фізічнага. Пасля атрымання ваеннай спецыяльнасці  дзяржава гарантуе працаўладкаванне, дастойны ўзровень аплаты працы, сацыяльныя гарантыі, магчымасці для прафесійнага і кар’ернага росту.

 — Вы сказалі пра сацыяльныя гарантыі. Раскажыце больш падрабязна пра іх.

 — Беларуская дзяржава, напрыклад, прадугледзела для ваенных ільготныя ўмовы крэдытавання пры будаўніцтве жылля. Узровень зарплаты афіцэра досыць высокі. Заробак пастаянна расце разам з павышэннем у званні.  Немалаважна, што пры выхадзе на пенсію  ва ўзросце 45 гадоў афіцэры запасу атрымліваюць пенсійнае забеспячэнне, а іх ваенныя  спецыяльнасці  запатрабаваныя ў грамадзянскай сферы.

 Я мог бы працягваць свой расказ далей, але лепш маладым людзям разам з бацькамі заглянуць у ваенкамат. У прыватнай гутарцы інфармацыя будзе больш шырокай і даступнай.

 — Дзякуй за размову.

Аляксандр Лазюк.