Людзі, улюбёныя ў працу

Штогод на Сенненшчыне да Свята Працы прынята абнаўляюць раённую Дошку гонару. У сераду, 2 мая, у Раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню лепшых працаўнікоў раёна па выніках работы галін народнай гаспадаркі за 2017 год.

 26 прафесіяналаў у самых розных галінах, якія ў чарговы раз прадэманстравалі працаздольнасць, адказнае стаўленне да справы, уздымаліся на сцэну за заслужанай узнагародай, якую ім уручаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Васілій Чараднік. З героямі ўрачыстасці “ГС” знаёміў у папярэднім нумары. Кіраўнік рэгіёна выказаў словы ўдзячнасці лепшым людзям раёна за падтрымку, працалюбства і адданасць роднай зямлі. У гэтай сувязі ён падкрэсліў важнасць абвешчанага сёлета Года малой радзімы, падкрэсліўшы, што сумесныя намаганні павінны быць накіраваны на ўмацаванне дабрабыту рэгіёна, а разам з тым і ўсёй краіны. Па шэрагу пазіцый сацыяльна-эканамічнага развіцця нашаму раёну ўдалося дабіцца станоўчай дынамікі. Як адзначыў Васілій Чараднік у сваім выступленні, Сенненшчына займае чацвёрты радок у абласным рэйтынгу, выкананы 7 з 12 асноўных прагнозных паказчыкаў: па вытворчасці прамысловай і сельгаспадарчай прадукцыі, экспарту паслуг, працаўладкаванні грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы, прыцягненні ў эканоміку раёна замежных інвестыцый, стварэнні новых прадпрыемстваў, уводу жылля. У параўнанні з адпаведным перыядам 2016 года сярэдняя зарплата ў раёне вырасла на 12,4% і склала 547 рублёў.

У 2017 годзе народнагаспадарчым комплексам раёна зароблена больш за 74 млн. руб. выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, што на 7,9% больш, чым за 2016 год. На экспарт рэалізавана прадукцыі ў суме $2,2.

Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах склаў 8,6 млн руб. і павялічыўся да 2016 года на 10,5%.

У 2017 годзе ўведзена ў эксплуатацыю 1216 кв. метраў агульнай плошчы жылых дамоў, выканана будаўніча-мантажных работ на суму больш за 4 млн рублёў.

У 2017 годзе створана 6 новых прадпрыемстваў.

Працаўладкавана на зноў створаныя працоўныя месцы 74 чалавекі пры заданні — 69.

Вельмі няпростым, але досыць паспяховым выдаўся  2017-ты для аграрнай галіны. Выраблена валавой прадукцыі на суму 48 млн рублёў, тэмп росту да ўзроўню 2016 года склаў 112,8%.

За лічбамі стаіць праца людзей, у тым ліку і герояў свята. Некаторыя з іх нават у святочны дзень не пакінулі свайго працоўнага месца. У трактарыстаў-машыністаў СУП “Саўгас імя Машэрава” і ААТ “Бяленева” Яўгена Машэры, Сяргея Маладоўскага і Мікалая Броўкі зараз гарачая пара. Усе трое шчыруюць на пасяўной, таму ўзнагароды механізатарам уручылі прама на полі.

Вадзіцель і настаўнік, паштальён і сацыяльны работнік, фельчар і трэнер, дэпутат і даярка, ратаўнік і дзяржаўтаінспектар… За плячыма адных – багаты шматгадовы вопыт, за іншымі – ініцыятыўная маладосць і жаданне стаць прафесіяналамі ў сваёй справе. Адзінаццацікласнік Аляксандр Заяц – самы малады ў кагорце лаўрэатаў. Яму толькі належыць пачынаць працоўнае жыццё. Юнак узначальвае пярвічку БРСМ у Сенненскай школе-інтэрнаце і ўжо праявіўся сябе на ніве грамадскай дзейнасці. Член Моладзевай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў, пераможца раённага этапу буйнейшай выставы-прэзентацыі моладзевых праектаў “100 ідэй для Беларусі”, рэгіянальнага этапу абласного конкурсу “Лідар – новае пакаленне”.

Увогуле ў гэты дзень падрастаючаму пакаленню была нададзена асаблівая ўвага. У рамках мерапрыемства старшыня райвыканкама ўзнагародзіў вучняў СШ №2 г.Сянно Івана Чарадніка і Дзмітрыя Івашкова, навучэнку Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў Марыю Кузьмініч, якія праславілі Сенненшчыну на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы, міжнародных музыкальных конкурсах, а таксама іх выкладчыкаў. 

  У гэты дзень узнагароджаным і гасцям свае таленты дэманстравалі работнікі культуры і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, выхаванцы і выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў, раённага цэнтра дзяцей і моладзі, дзякуючы якім мерапрыемства стала яскравым, насычаным. У фае РЦКіНТ свае выставы разгарнулі раённы дом рамёстваў, КУПБА “Прэстыж”, Сенненская школа-інтэрнат”

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.