Звыш 6000 сенненцаў выйшлі на рэспубліканскі суботнік

21 красавіка у Беларусі прайшоў рэспубліканскі суботнік, у якім прынялі ўдзел працоўныя калектывы і жыхары нашага раёна.

     На Сенненшчыне ўдзел у добраахвотнай працы прынялі каля шасці з паловай тысяч чалавек, у іх ліку больш за 600 —  школьнікі, беспрацоўныя, якія стаяць на ўліку ў службе занятасці, пенсіянеры, прадпрымальнікі.

     Удзельнікі гэтага своеасаблівага працоўнага дэсанта займаліся добраўпарадкаваннем населеных пунктаў, пасадкай дрэў, працавалі на рабочых месцах. За час суботніка было пасаджана 500 дрэў, набыла іншы, больш прывабны, выгляд тэрыторыя парка імя 40-годдзя Перамогі, быў прыведзены ў парадак шэраг сельскіх населеных пунктаў, выкананы іншыя неабходныя работы.

ДАВЕДКА «ГС»

 З гісторыі суботніка. У перыяд СССР вельмі часта выкарыстоўвалася словазлучэнне «Ленінскі камуністычны суботнік». Тлумачылася гэта тым, што ў маштабах Савецкага Саюза мерапрыемства было прымеркавана да 22 красавіка, дня нараджэння Леніна.

Словы «ленінскі суботнік» парадзілі памылковае ўяўленне пра тое, што правадыр і стаў аўтарам самой ідэі «праздника освобождённого труда». Але на справе ўсё было не так.

     Вясной 1919 года Савецкая краіна знаходзілася ў цяжкім ваенным і эканамічным становішчы. Адной з сур’ёзных праблем была дрэнная работа чыгунак, у прыватнасці, няхватка паравозаў.

     У адказ на заклікі аб паляпшэнні работы чыгуначнага транспарту група рабочых Масква-Сартавальная Маскоўска-Казанскай чыгункі прыняла рашэнне аб дадатковай рабоце, пасля заканчэння рабочага дня, і бясплатна.

     Гэта адбылося ў ноч на суботу, 12 красавіка 1919 года. К шасці гадзінам раніцы 15 рабочым удалося адрамантаваць тры паравозы. Было вырашана, што такія акцыі будуць праходзіць штотыднёва, да поўнай перамогі над Калчаком.

     Першы суботнік быў ініцыяваны знізу, шчырым парывам нераўнадушных людзей. І ён знайшоў водгук і разуменне. На аналагічнае мерапрыемства 10 мая 1919 года выйшлі ўжо 205 чалавек. Менавіта пасля гэтага суботніка Уладзімір Ленін напісаў артыкул «Вялікі пачын», які стаў ідэалагічным абгрунтаваннем новага руху.

     Рух набіраў абароты, і ў пачатку 1920 года было прынята рашэнне аб правядзенні першага Усерасійскага суботніка, на які выйшлі і кіраўнікі Савецкай дзяржавы, каб асабістым прыкладам падтрымаць новую традыцыю.

 Таццяна БУРАКОВА.

На здымках: у час добраўпарадкавання парка 40-годдзя Перамогі.

Фота аўтара.