За працаўладкаваннем і помнікам Машэраву… З якімі пытаннямі прыйшлі сенненцы на прыём да свайго парламентарыя?

Чарговы прыём жыхароў раёна правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолій Лукашоў. З чатырох зваротаў два датычыліся працаўладкавання. 

 Жыхарка Сянна Вольга Краўчанка працуе ў РУП ЖКГ. Яна – прыбіральшчыца на 0,3 стаўкі, бо з некаторага часу жыхары шматкватэрнага дома ў аграгарадку Багданава, незадаволеныя яе працай, адмовіліся ад паслуг гора-работніцы. Вяскоўцы нават не ўзялі пад увагу, што Вольга Краўчанка – маці трох дзяцей.

 Зрэшты, аб дзецях павінна была думаць маці. А значыць, працаваць, каб не было нараканняў, а галоўнае пазбавіцца ад заганнай звычкі. Яе наяўнасць, неналежныя адносіны да службовых абавязкаў, відаць, і не дазвалялі жанчыне звярнуцца са сваімі праблемамі да кіраўніцтва прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Да дэпутата яна таксама прыйшла толькі пасля таго, як змяніла жыццёвыя прыярытэты. Яе пачулі, абяцалі дапамогу ў пашырэнні вытворчай нагрузкі.

 — Далей усё залежыць ад вас, — заўважыў на развітанне Анатолій Лукашоў.

 Гэтым словам не запярэчыш. Дбайны работнік, які адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, без працы не застанецца. Калі не ўгадаў са спецыяльнасцю, можна і трэба мяняць кваліфікацыю, асабліва ў маладым узросце.

 Здаецца, такая перспектыва чакае яшчэ адну маладую сенненку. Жанчына некаторы час працавала зубным тэхнікам у Расіі. У Сенненскай ЦРБ вакантных месцаў па спецыяльнасці няма і не прадбачыцца на бліжэйшы час. Зараз яна, як сацыяльны работнік, даглядае бабулю, таму прэтэндуе на месца працы ў гэтай сферы, што зусім не выключана.

     Уладзімір Бяляцкі, першы сакратар раённай арганізацыі КПБ, прыйшоў да Анатолія Лукашова за падтрымкай сваёй ініцыятывы – устанавіць у Машканах бюст Пятру Машэраву. Яна не новая, абмяркоўваецца на розных узроўнях: у грамадстве, уладамі. Праўда, існуюць і іншыя меркаванні на гэты конт. Чаму бюст трэба ставіць у Машканах, дзе  Пётр Машэраў вучыўся ўсяго два гады? Чаму не ў Сянне? Разам з памятным знакам у гонар  Матруны Маркевіч і яе арнамента бюст мог бы стаць з часам цэнтрам беларускай дзяржаўнасці… Таму слушна было б вынесці прапанову на грамадскае абмеркаванне, пачуць галасы ўсіх неабыякавых землякоў Машэрава. Магчыма, гэта дапамагло б сабраць неабходныя для ўстаноўкі бюста, помніка, іншага знака грошы. Камуністы маглі б адкрыць спецыяльны рахунак у банку, паказаць прыклад у яго папаўненні, а не разлічваць толькі на ўладу і дзяржаву.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *