Чаму часнок даражэй за апельсіны

Усе мы ведаем пра карысныя якасці часнаку. Ён і ад звычайнай прастуды, і ад грыпу — усе  вірусы забівае. Вось такая дамашняя аптэка! Ды і так яго смачна есці! А які пах! Нават да дому яшчэ не падыдзеш, а паветра ўжо прынясе яго водар. Іншая справа — апельсіны. Таксама смачныя, пахучыя, але не свае, замежныя! Ды і пакуль давязуць — ці шмат у іх будзе вітамінаў?

 Неяк,  зайшоўшы ў краму, я звярнула ўвагу на кошт таго самага часнаку.

 І што вы думаеце? За кілаграм часнаку трэба аддаць грошы, каля 18 тыс., але ён не наш, беларускі, а кітайскі! У той час, калі кілаграм апельсінаў каштуе, каля 6 тыс., лімонаў каля 7 тыс., хурмы  каля 10 тыс.

 Звярнуўшыся ў Сенненскае спажывецкае таварыства, я даведалася, што рэалізацыя часнаку ў нас невялікая: у залежнасці ад чалавечых патрэб. Зімой, за студзень і люты мінулага года, разыходзілася часнаку за месяц 200-350 кілаграмаў, а лімонаў — 300 кілаграмаў за тыдзень. Гэта ў перыяд зімовых захворванняў — грыпу. Потым рэалізацыя ідзе на спад.

 — Мы не зацікаўлены  вырошчваць часнок для продажу, ды і  людзі не з ахвотай яго здаюць. Для патрэб нашага раёна, хапі­ла б каля 2 тон, але захоў­ваць яго ў нас немагчыма: няма спецыяльных тэхналогій, бо дзеля захаванняпатрэбна спецыяльная апрацоўка прадукту, як робяць за мяжой. А што нашаму чалавеку трэба? Якасць і від. Таму і закупаляюць часнок у іншых краінах! — гаворыць вядучы таваразнаўца Вера Рыгораўна Шунькевіч.

 Калі пацікавілася, колькі часнаку ў нас на складах, мне адказалі, што зараз яго няма, але ў хуткім часе прывязуць з таго ж самага Кітая.

 Іншая справа, калі б прымалі часнок па добрай цане, то, можа,  ахвотнікаў здаваць было б і болей (летась прымалі па 6 тыс. за кілаграм)! Вось і саджаюць людзі толькі для сябе. А калі вырасце зашмат часнаку — прамы накірунак на рынак, можа там за яго больш дадуць?

 Застаецца адно пытанне: дык чаму ж мы за сваю сельскагаспадарчую куль­туру, якая добра расце ў Беларусі, павінны плаціць у два-тры разы больш, чым за апельсіны? Хто вінаваты?

 Ірына Гарбачова,   студэнтка ВДУ  імя П.М.Машэрава.