Ад вялікай вады на Сенненшчыне бяды не чакаецца

Сёлета вясенняя паводка наўрад ці прынясе вялікія непрыемнасці жыхарам раёна, тым не менш з-за выпадзення значнай колькасці ападкаў у выглядзе снегу, а таксама назапашанай вільготнасці ў глебе яшчэ з восені, магчымы наступствы вялікай вады.

 Па словах Руслана Кабачэўскага, старшага інспектара РАНС, тэрыторыя  Сенненскага раёна не з’яўляецца паводканебяспечнай. Аднак рызыка затаплення падчас раставання снегу існуе ў адзінкавых месцах пойменных участкаў, прыватных падворкаў. Могуць быць падтоплены тэрыторыі ў вёсках Ст.Беліца, Студзёнка, Паршні, г.п.Багушэўск, у Сянне. На асаблівым кантролі — дарога з в.Александрыя, якая можа быць адрэзана паводкавымі водамі.

 У раённай метэастанцыі лічаць, што стыхійнай паводкі чакаць не трэба, бо маразы, якія трымаліся апошнія некалькі дзён, спынілі раставанне снегу. Тым не менш неабходна быць гатовымі да любых нечаканасцей і не толькі спецыяльным службам.

 Людзям, асабліва тым, хто пражывае ў прыватным сектары, трэба самастойна прыняць неабходныя меры. Рэкамендуецца правесці ачыстку вадаадводных труб, канаў ад снегу і наледзі для хутчэйшага сходу вады з дваровых тэрыторый. Загадзя неабходна вынесці з падвалаў гародніну, закаткі. Адключыць ад электрасеткі праводку ў памяшканнях, якія могуць быць падтоплены, ачысціць вадасцёкі для адвода талых вод з асабістых падворкаў.

 Руслан Кабачэўскі, звяртае ўвагу жыхароў раёна і кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання на неабходнасць загадзя праводзіць ачыстку дахаў ад снегу.

 На асобым кантролі сітуацыя з вясеннімі паводкамі ў супрацоўнікаў Сенненскага РЦГЭ. Па словах Святланы Змітраковіч, памочніка ўрача-гігіеніста, у раёне праводзіцца маніторынг забора вады ў грамадскіх калодзежах, якія з’яўляюцца безальтэрнатыўнай крыніцай водазабеспячэння. Штотыдзень у Віцебскі абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі падаюцца дадзеныя па эпідэміялагічнай абстаноўцы.

 – У час паводкі ўзрастае рызыка захваральнасці на вострыя кішэчныя інфекцыі, – звяртае ўвагу Святлана Леанідаўна, – таму, каб пазбегнуць гэтага, раім правесці ачыстку выграбных ям і надворных туалетаў, упарадкаваць захоўванне гною, вывезці назапашанае смецце. Нельга выкарыстоўваць для прыгатавання ежы, мыцця посуду ваду з затопленых калодзежаў. Гарантыяй здароўя застаецца захаванне правіл асабістай гігіены.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.