Сянно — радзіма алімпійцаў і чэмпіёнаў

і шматлікіх аматараў спорту. На мэце зрабіць здаровы лад жыцця неад’емнай часткай жыцця сенненцаў.

 Спартыўна-моладзевая акцыя «Беларусь — спартыўная краіна» пачалася 16 лістапада ў Баранавічах, фінішавала — 16 снежня ў Мінску. Яна насіла агульнанацыянальны характар і праводзілася па ініцыятыве Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэта нашай краіны. Маючы на ўвазе прапаганду здаровага ладу жыцця, акцыя ахапіла фактычна ўсе населеныя пункты Беларусі. З яе пачаткам  толькі на Сенненшчыне праведзены дзясяткі спартыўных спаборніцтваў ва ўсіх школах і дашкольных установах, аграгарадках і многіх вёсках, Багушэўску і райцэнтры. А яшчэ ў Сянно прайшоў вечар, прысвечаны спартыўным дасягненням жыхароў нашага раёна, людзям, якія  ўносілі і ўносяць значныўклад у развіццё масавага спорту. Арганізатарам мерапрыемства  выступіў аддзел па спорту, фізічнай культуры і турызму райвыканкама.

Спорт як частка жыцця

 Збіраць разам аднадумцаў, для якіх спорт і фізкультура сталі ладам, сэнсам жыцця, стала для Сенненшчыны традыцыяй. Сёлета вечар прайшоў у актавай зале ПМК-64. І для гэтага ёсць прычына. З 2010 года футбольны клуб Сенненска­га раёна атрымаў назву «Будаўнік», бо яго фундатарам выступае будаўнічае прадпрыемства. Ды і самі будаўнікі  больш актыўна сталі ўдзельнічаць у раённых спартыўных спаборніцтвах, чаму садзейнічае адміністрацыя  ПМК-64  у асобе  ды­рэктара Аляксандра Бліз­нюка.

 Добра вядома ў раёне прозвішча Віктара Кучынскага. Дырэктар Машчонскай школы з’яўляецца актыўным прапагандыстам здаровага ладу жыцця. Гэта яго намаганнямі ў школе створаны, выдатна абсталяваны трэнажорная і спартыўная залы, стадыён, гімнастычны гарадок, зімовы каток. Займаюцца тут не толькі школьнікі. Адпачыць, умацаваць здароўе збіраюцца жыхары аграгарадка Белая ліпа, сенненцы. У выніку мясцовыя аматары спорту, каманды не раз станавіліся пераможцамі розных спаборніцтваў і конкурсаў у раёне, вобласці, краіне. Па выніках 2009-2010 гадоў каманда хлопцаў стала пераможцай абласных спаборніцтваў па валейболе сярод дзяцей і падлеткаў 1993-1995 гадоў нараджэння. Сёлета ў Полацку, дзе праводзілася спартакіяда вобласці сярод аграгарадкоў, каманда зноў дастойна прадставіла раён, заняўшыдругое месца. У кастрычніку юнакі-валейбалісты сталі другімі  ў абласных спаборніцтвах, якія праводзіліся для дзяцей і юнакоў па месцы жыхарства.

 Шмат добрых слоў было сказана на вечары ў адрас Вольгі Вераценнікавай, інструктара-метадыста фіз­культурна-спартыўнага клуба «Алімп», дарэчы, таксама выхаванкі Машчонскай СШ. Яна захоплена праводзіць заняткі ў групах фітнес-клуба з дарослымі, займаецца з дашкольнікамі ў дзіцячым садку.

 Уклад гэтых людзей у прапаганду здаровага ладу жыцця, развіццё масавага спорту не застаўся незаўважаным. Аляксандр Бліз­нюк, Вольга Вераценнікава ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі райвыканкама. Іх уручыў Эдуард Герасіменка, кіраўнік раёна. Не застануцца ўзнагароджаныя без матэрыяльнага заахвочвання.

 Граматай Міністэрства спорту  і турызму, Дыпломам упраўлення аблвыканкама ўзнагароджаны аграгарадок Белая ліпа за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе і на яго абласным этапе за лепшую пастаноўку фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы. Узнагароды старшыня райвыканкама ўручыў Віктару Кучынскаму. Разам з імі спартыўны калектыў аграгарадка заахвочаны грашовай прэміяй.

 Звяртаючыся да прысутных у зале, Эдуард Герасіменка быў шчыры:

 — З аднаго боку, мяне радуе, што зробленае ў раёне  для развіцця масавага спорту прыносіць плён. Захапляюць поспехі сенненскіхспартсменаў,  іх трэнераў. І ў той жа час я разумею: вынікі прыходзяць дзякуючы энтузіязму людзей.

Лічбы і факты

 Для арганізацыі спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы ў раёне маюцца  ФАК, стадыён, 17 спартыўных залаў, 15 футбольных палёў, больш  за 50 іншых спартыўных пляцовак, СДЮШАР, трэнажорныя залы ў ДЭУ-38, РВА «Сяннорайгаз», КУПБА «Прэстыж».

 За 2010 год праведзены першынствы Сянно па валейболе, міні-футболе, у 22 раз традыцыйны прабег памяці Пятра Машэрава, у якім удзел прынялі больш адной тысячы аматараў бегу з Віцебскай вобласці і Мінска, Мінскай і Магілёў­скай абласцей, зімовая і  летняя  спартакіяды сярод працоўных калектываў і сельскіх Саветаў.

 А тым часам вечар працягваўся. Вядучыя запрасілі на сцэну Сяргея Дадзеркіна, супрацоўніка Сенненскага РАУС. Ён штогод прымае ўдзел у разнастайных абласных і раённых спаборніцтвах, выступае за ФК «Будаўнік». У складзе каманды раёна выступае на ўсіх турнірах па футболе і міні-футболе. Следам за ім на сцэну ўздымаецца Мікалай Барадзін, трэнер па біятлоне спартыўнай школы. Ён  падрыхтаваў і перадаў у Віцебскае  вучылішча алімпійскага рэзерву  за апошнія пяць гадоў 13 сваіх выхаванцаў. На сцэне  — Андрэй Салаўёў, настаўнік фізічнай культуры Беліцкай ДАСШ. Ён не толькі працуе з дзецьмі, але і займаецца арганізацыяй спартыўна-масавай работы з насельніцтвам. Граматы ад­дзе­ла па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама  ўручыў Міхаіл Вілюга, старшыня раённага Савета дэпутатаў.

Шлях на алімпіяду

пачынаецца ў

спартыўнай школе

 Спартыўная школа ў Сянно працуе даўно. З самага пачатку яе выхаванцы гучна заявілі пра сябе. Сярод землякоў добра вядомыя імёны Галіны Куляшовай, Васіля Гарбачова, Вячаслава Плаксунова, Алены Урбановіч. Яны станавіліся прызёрамі Спартакіяды народаў СССР, уздымаліся на п’едэстал гонару на саюзных першынствах, былі ўдзельнікамі Алімпійскіх гульняў.

 Сёння самым масавым у спартыўнай школе з’яўляецца аддзяленне лёгкай атлетыкі. У Сянно, Багушэў­ску, большасці аграгарадкоў 8 трэнераў займаюцца са 175 выхаванцамі. За час работы аддзялення падрыхтавана 7 майстроў спорту, адзін майстар спорту міжнароднага класа — Міхаіл Гаралёў. У 2008 годзе Анастасія Падалінская стала чэмпіёнкай Еўропы ў бегу на 10 тыс. метраў. Доўгі час на спартыўны п’едэстал гонару ўздымаліся  выхаванцы спартыўнай школы Антон Мацко, Аляксандр Зарубіцкі, Дзмітрый Бараноўскі, Наталля Цывака, Ігар Даронін і многія іншыя. Пераважная большасць з іх былі выхаванцамі Уладзіміра Корсака, які заўчасна пайшоў з жыцця. Сённяшняе пакаленне сенненскіх легкаатлетаў ведае  Наталлю Крыцкую, Антона Чэпікава, Іллю Барытку, Мікалая Ціманцеева, Дар’ю Цімашэнка, Дзіяну Філіповіч, Алі­ну Сабалеўскую, Ганну Высоцкую, якія сёлета станаві­ліся чэмпіёнамі і прызёрамі Рэспублікі Беларусь, перамагалі на абласных спаборніцтвах. У красавіку  зборная каманда раёна ў скла­дзе чатырох чалавек заняла другое месца на легкаатлетычным кросе на прызы газеты «Савецкая Беларусь».

 У апошнія гады вядучым аддзяленнем спартыўнай школы  стаў біятлон.  Валерый Лектараў, Мікалай Барадзін, Аляксандр Окунь, Аксана Шуцікава працягваюць лепшыя традыцыі першых трэнераў аддзялення, якімі былі Уладзімір Кавалькевіч, Яўген Усціновіч, Аляксандр Агарак. Самым высокім дасягненнем сенненскіх біятланістаў пакуль з’яўляецца званне трохразовага чэмпіёна свету, якое носіць Пётр Івашка. Наш зямляк быў удзельнікам Алімпійскіх гульняў. За час работы аддзялення біятлона падрыхтаваны 7 майстроў спорту і адзін заслужаны майстар спорту. Алена Жынь была прызёрам Кубка Еўропы, Вера Калбянок — шасціразовым прызёрамчэмпіяната свету па летнім біятлоне, Ірына Крыўко — двухразовым. Пераможцамі і прызёрамі Рэспублікі Беларусь па біятлоне ў розныя гады станавіліся Павел Пазняк, Таццяна Камовіч, Уладзімір Лектараў, Вікторыя Паўлоўская, Дзмітрый Фрыдман, Кацярына Акуловіч, Арцём Гардзецкі і многія іншыя. Сёння Ірына Крыўко мае рэальныя шанцы выступіць за зборную каманду краіны на Алімпія­дзе ў Сочы.

  У сярэдзіне 80-ых гадоў у спартыўнай школе з’явілася аддзяленне грэка-рымскай барацьбы. Станаўленне гэтага віду спорту і ўсе дасягненні яго аматараў звязаны з Анатолем Кучынскім, майстрам спорту па класічнай барацьбе. Ён і цяпер разам са сваім былым выхаванцам Анатолем Рыбчанкам займаецца з 30 выхаванцамі. За час іх работы падрыхтавана 8 майстроў спорту. Найбольшых поспехаў у гэтым алім­пій­скім відзе спорту дасягнуў  чэмпіён Рэспублікі Беларусь 2010 года, бронзавы прызёр Сусветных гульняў Узброеных Сіл у Індыі, удзель­нік чэмпіянатаў свету і Еўропы Максім Кажарскі. Пераможцамі  ў рэспубліцы  і Віцебскай вобласці станавіліся Леанід Янкоўскі, Яўген Цуран, Яўген Акулёнак, Яўген Дзямко, Мікалай Губарэвіч і многія іншыя.

 Аддзяленне настольнага тэнісу створана ў спартыўнай школе ўсяго 10 гадоў таму. Тым не менш, Яўген і Сцяпан Кандрацьевы перамагалі, былі прызёрамі першынстваў Рэспублікі Беларусь. Настольным тэнісам сёння займаецца 75 дзяцей у Сянно, Янова і Беліцы. Сёлета пераможцамі абласных спаборніцтваў сярод вучняў 1999 г.н і маладзей станавіліся Караліна Звярынская і Ягор Панушкін. На першынстве рэспублікі Ягор заняў 5 месца. Зборная каманда Сенненскага раёна па настольным тэнісе ўпэўнена займае другое месца ў Віцебскай вобласці. А Яўген Кандрацьеў выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Нездарма  наша спартыўная школа памяняла статус. Сёння гэта спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву.

 У той вечар лепшыя прадстаўнікі ўсіх аддзяленняў спартыўных школ  прымалі  ўзнагароды з рук  людзей,  якія прадстаўляюць у раёне ўладу. І гэта таксама гонар. І адказнасць за зямлю, якую яны прадстаўляюць за межамі  раёна, вобласці.

Аляксандр Лазюк.