У Сенненскай дзіцячай школе мастацтваў адбылася сустрэча з Аляксандрам Бараноўскім, аспірантам Інстытута гісторыі НАН Беларусі, на якой ён прэзентаваў дзве сваіх кнігі.

У Сенненскай дзіцячай школе мастацтваў адбылася сустрэча з Аляксандрам Бараноўскім, аспірантам Інстытута гісторыі НАН Беларусі, на якой ён прэзентаваў дзве сваіх кнігі.

Актавая заля ДШМ у гэты вечар была поўнай, і ў ёй неаднаразова гучалі апладысменты ў гонар маладога навукоўца. Ён прэзентаваў дзве сваіх кнігі, выдадзеных у 2016 і 2017 гадах – “Яны нарадзіліся на Сенненшчыне” і “Звязаныя лёсам з Сенненшчынай”. Выданні распавядаюць пра людзей, якія нарадзіліся ў Сенненскім раёне і дасягнулі значных вышынь у сваёй дзейнасці, або жылі і працавалі тут. Часткова біяграфічныя артыкулы з іх друкаваліся ў раённай газеце “Голас Сенненшчыны” і былі прымеркаваны да 570-годдзя Сянна.

На прэзентацыі аповед аўтара перамяжаўся з паказам слайдаў, што наглядна дэманстравалі масштаб даследчай працы. А папрацаваць над зборам матэрыялаў гісторыку давялося нямала: даводзілася звяртацца да архіўных дакуметаў, энцыклапедычных выданняў, мемуараў і ўспамінаў ураджэнцаў, падшывак абласных і раённых газет, інтэрнэт-рэсурсаў. Цікава, артыкул пра Генадзя Давыдзьку, колішняга старшыню Белтэлерадыёкампаніі, які нарадзіўся ў Сянне, Аляксандру давялося ўзгадняць асабіста з ім.

Гучалі на прэзентацыі шмат успамінаў пра школьныя гады аўтара і словы падзякі ад былых настаўнікаў СШ №1. Яны ж паднеслі Аляксандру кветкі. Добрае падсумаванне імпрэзы і памятны падарунак аўтару зрабіў Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сенненскага райвыканкама.

Напрыканцы сустрэчы аўтару можна было задаць пытанні і набыць кнігі.

— Зараз пішу кандыдацкую, на жаль, яна не звязана на прамую з Сенненшчынай, бо патрэбна больш шырокая накіраванасць даследчыцкай работы. Але я працягваю даследаваць свой родны край і ганаруся тым, што я сенненец, —  падсумаваў Аляксандр Бараноўскі.

Аляксандр ПАДАРОЖНЫ.

Фота Аляксандра ЛАЗЮКА.